Вы тут

Вышэйшая школа — поле для дыпламатыі


«Cёння 9 беларускіх універсітэтаў маюць дамоўленасці аб супрацоўніцтве з універсітэтамі Вялікабрытаніі, але гэтага, безумоўна, недастаткова. Нам бы хацелася пашырыць сумесныя адукацыйныя і навуковыя праграмы і разнастаіць тэматыку навуковых праектаў», — заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Брусам Бакнелам. Сустрэча адбылася ў сценах галоўнага адукацыйнага ведамства.


Кіраўнік Міністэрства адукацыі звярнуў увагу на неабходнасць распрацоўкі новай сістэмы кваліфікацый, якая павінна быць сугучнай той, што выкарыстоўваецца ў краінах-партнёрах.

— Як вядома, гэты год знамянальны для Беларусі: наша краіна стала паўнапраўным членам Балонскага працэсу, што, безумоўна, адкрывае новыя перспектывы для развіцця нацыянальнай вышэйшай школы. У рамках Балонскага працэсу стаіць задача па гарманізацыі і збліжэнні адукацыйных праграм краін еўрапейскай адукацыйнай прасторы з улікам нацыянальных асаблівасцяў кожнай з іх. Беларусі цікавы вопыт Вялікабрытаніі, асабліва магістарскі ўзровень вышэйшай адукацыі, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў. — Апошнім часам у нас актыўна развіваюцца праграмы ў галіне прыродазнаўчых навук, праводзяцца цікавыя навуковыя даследаванні, ёсць дасягненні. Беларусі ёсць што паказаць замежным калегам...

Брус Бакнел канстатваў імклівае развіццё цесных кантактаў паміж краінамі, асабліва ў адукацыйнай сферы: «Менавіта адукацыя з'яўляецца тым надзейным правадніком, які спрыяе ўзмацненню сувязяў паміж краінамі і па іншых напрамках», — заявіў ён. — Беларусь пасля ўступлення ў Балонскі працэс стала ў адзін шэраг з іншымі краінамі ў фарміраванні еўрапейскай адукацыйнай прасторы, і яе вопыт у развіцці адукацыі, безумоўна, будзе ўсім карысны».

Падчас візіту Брус Бакнел перадаў Міхаілу Жураўкову запрашэнне для ўдзелу ў Сусветным адукацыйным форуме, які адбудзецца ў другой палове студзеня 2016 года ў Лондане. Гэтае мерапрыемства з'яўляецца штогадовым найбуйнейшым у свеце форумам міністраў адукацыі і экспертаў па пытаннях развіцця адукацыі ва ўмовах глабалізацыі свету. Падчас форуму будзе абмяркоўвацца будучыня адукацыйнай палітыкі, а таксама стратэгіі развіцця рэгіянальных і нацыянальных адукацыйных сістэм. Плануецца, што ў працы форуму прымуць удзел кіраўнікі і прадстаўнікі сістэм адукацыі больш як 80 краін свету, міжнародных арганізацый АЭСР, ЮНЕСКА, ЮНІСЕФ, вядучых універсітэтаў і кампаній, якія прадстаўляюць праграмныя прадукты і тэхніка-тэхналагічныя інавацыі для сістэмы адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіzda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.