Вы тут

Новыя магчымасці


Ад творчай лабараторыі да бізнесу — адзін крок.

Развіваць маладзёжнае інавацыйнае прадпрымальніцтва на базе фаблабаў плануюць у БНТУ, Белдзяржуніверсітэце і яшчэ трох украінскіх ВНУ, якія ўвайшлі ў праект, што перамог у конкурсе праграмы Erasmus+ 2015.


 Пра­дук­цыю, вы­раб­ле­ную на 3D-прын­та­ры, дэ­ман­струе кі­раў­нік прэс-служ­бы БДУ Але­на МАР­ЦУ­ЛЕ­ВІЧ.

 

Слова «фаблаб» паходзіць ад англійскага «fab lab» — «вытворчая лабараторыя». Першая фаблаб была адкрыта Нілам Гершэнфельдам у 1998 годзе ў Масачусацкім тэхналагічным інстытуце. Пазней ідэя пераўтварылася ў глабальную сетку лабараторый, якія працуюць на аснове агульных прынцыпаў, выкарыстоўваюць падобнае абсталяванне і тэхналогіі і абменьваюцца ідэямі і рэсурсамі. Іх колькасць падвойваецца кожныя паўтара года. Існуе мноства праектаў, народжаных у фаблабах, якія пераўтварыліся ў паспяховыя бізнес-кампаніі.

— Фаблаб — гэта лабараторыя, якая дае магчымасць студэнтам вырабляць эскізныя і доследныя ўзоры інавацыйнай прадукцыі на сучасным абсталяванні: 3D-прынтарах і сканерах, універсальных станках з лічбавым праграмным кіраваннем і гэтак далей, — расказвае інжынер па патэнтнай і вынаходніцкай рабоце тэхнапарка БНТУ Антон КАЛІНІН.

Шляхам 3D-мадэлявання можна праектаваць дэталі многіх тэхнічных прылад, рабіць візуалізацыю хімічных формул, крышталічных структур, ствараць унікальныя вырабы ў адзін падыход: усё можна замяніць адной аперацыяй, сэканоміць матэрыялы і мінімізаваць адходы. З дапамогай новых тэхналогій студэнцкая моладзь зможа ўвасобіць у жыццё самыя вар’яцкія і фантастычныя задумы: ад стварэння робатаў да канструявання незвычайных арт-аб’ектаў. Пагадзіцеся, што значна прасцей пераканаць патэнцыяльных інвестараў выдаткаваць сродкі на рэалізацыю ідэі, скажам, па вытворчасці «інавацыйных падшыпнікаў», калі ты маеш на руках гатовы прататып таго самага падшыпніка...

Маладым даследчыкам будзе прадастаўлены бясплатны доступ да праграмнага прадукту і спецыялізаванай тэхнікі. На пляцоўцы лабараторыі плануецца праводзіць майстар-класы і трэнінгі па рабоце з перадавым абсталяваннем, праграміраванні, прататыпіраванні, кіраванні праектамі. У супрацоўнікаў фаблаба можна будзе атрымаць кансультацыю па прыборабудаванні, робататэхніцы, лічбавай вытворчасці, аналізу рынку і г. д.

У рамках падрыхтоўкі праектнай заяўкі спецыялісты стартап-цэнтра БНТУ і тэхнапарка БНТУ «Палітэхнік» звязаліся з фаблабамі і профільнымі арганізацыямі з Даніі, Бельгіі, Іспаніі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, сумесна з еўрапейскімі калегамі прадумалі канцэпцыю дзейнасці будучай лабараторыі, комплекс адукацыйных і інжынірынгавых паслуг. Каардынатарам праекта выступае Новы ўніверсітэт Бакінгемшыра (Вялікабрытанія).

— Адна з канчатковых мэт праекта — мадэрнізацыя вучэбных праграм інжынерных спецыяльнасцяў і наладжванне ўзаемадзеяння з бізнесам і прамысловасцю, — дадаў Антон Калінін.

Паводле слоў дырэктара Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Мікалая ЛІСТАПАДА, акрамя стварэння фаблабараторый беларускія ВНУ будуць удзельнічаць яшчэ ў трох новых праектах па выніках конкурсу Erasmus+ 2015. Агульная сума іх фінансавання складзе каля 2,9 мільёна еўра.

— Ва ўсіх чатырох праектах, што перамаглі, удзельнічае БДУ, і адзін з праектаў рэалізуецца ў нацыянальным выкананні, — распавёў Мікалай Лістапад. — Увогуле на конкурс ад Беларусі было пададзена 46 заявак, з іх 33 — ад БДУ.

Працягласць кожнага з чатырох праектаў складае 36 месяцаў. У працы над праектам «Удасканаленне магістарскіх праграм у галіне фізічных навук ва ўніверсітэтах Беларусі» возьмуць удзел 10 партнёраў. Каардынатар — Рыжскі тэхнічны ўніверсітэт (Латвія), удзельнікі — Латвія, Бельгія, Кіпр і Беларусь.

Другі праект — «Сэрвіс па падтрымцы бібліятэчнай сеткі: мадэрнізацыя бібліятэк у Арменіі, Малдове і Беларусі шляхам развіцця бібліятэчнага персаналу і рэфармавання бібліятэк». Удзельнікі — 12 партнёраў.

Трэці праект — HARMONY (распрацоўка падыходаў да гарманізацыі комплексных стратэгій інтэрнацыяналізацыі ў сферы вышэйшай адукацыі, навукі і інавацый у ЕС і краінах-партнёрах) — каардынуецца ўніверсітэтам Севіллі (Іспанія) і ахоплівае ўніверсітэты 9 краін.

Мікалай Лістапад паведаміў, што Беларусь, пачынаючы з 1994 года, прыняла ўдзел у 64 праектах адукацыйных праграм Tempus і Erasmus Mundus. З 2010 па 2015 год па праграме Erasmus Mundus для грамадзян Беларусі было выдзелена прыкладна 670 стыпендый для забеспячэння акадэмічнай мабільнасці: 224 — для студэнтаў, 173 — для магістрантаў, 127 — для аспірантаў, 54 — для навукоўцаў і 92 — для супрацоўнікаў ВНУ. Сёння ў стадыі рэалізацыі знаходзіцца 21 праект.

Дарэчы, 15 кастрычніка стартаваў новы конкурс Erasmus+ 2016, і ВНУ ўжо могуць падаваць свае заяўкі...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.