Вы тут

Радыкальны заслон вірусам і раку


або Як радыяцыйная хімія дапамагае фармацыі.

Прафесар Алег Шадыра адносіцца да тых вучоных, якіх называюць сталкерамі. Ён прызнаны ў навуковым свеце спецыяліст у галіне свабоднарадыкальнай і радыяцыйнай біяарганічнай хіміі. Стваральнік сучасных супрацьвірусных прэпаратаў, якія па эфектыўнасці не саступаюць найлепшым замежным аналагам. Больш як два дзясяткі гадоў Алег Іосіфавіч кіруе кафедрай радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пра тое, як была заснавана айчынная школа свабоднарадыкальнай хіміі, біялогіі і медыцыны і ў якім напрамку рухаюцца зараз навуковыя пошукі, мы гутарым з прафесарам...

5-34

5-34

 

— Алег Іосіфавіч, кафедра, якую вы ўзначальваеце, функцыянуе на стыку міждысцыплінарных ведаў. Радыяцыйная хімія і фармацыя — што паміж імі можа быць агульнага?

— Кафедра была створана амаль паўстагоддзя таму, каб рыхтаваць спецыялістаў, здольных вырашаць складаныя і разнапланавыя задачы па мірным выкарыстанні атамнай энергіі. У тыя часы яна называлася кафедрай радыяцыйнай хіміі і радыяхіміі. Адным з напрамкаў даследаванняў стала вывучэнне заканамернасцей уплыву радыяцыі на біялагічна важныя рэчывы. Пра магутнае разбуральнае ўздзеянне на жывыя арганізмы іанізуючых выпраменьванняў мы даўно ведаем, але механізмы гэтага працэсу ўсё роўна да канца не зразумелы. Разабрацца ў тым, якія згубныя рэакцыі выклікае радыяцыя пры апраменьванні арганізма, спрабуюць і хімікі, і фізікі, і біёлагі, і медыкі.

Задача патрабуе аб'яднання намаганняў спецыялістаў у розных сферах, а значыць, правядзення міждысцыплінарных даследаванняў.

Гэтыя веды надзвычай для нас важныя, паколькі яны адкрываюць перспектыву мэтанакіраванага атрымання рэчываў, якія валодаюць альбо радыеахоўнымі ўласцівасцямі, альбо, наадварот, узмацняюць дзеянне выпраменьвання на біялагічныя аб'екты. Да апошніх адносяцца радыесінсібілізатары, якія выкарыстоўваюцца ў радыетэрапіі анкалагічных захворванняў, паколькі ракавыя клеткі больш устойлівыя да апраменьвання, чым большасць здаровых.

Калі пасля распаду Савецкага Саюза ў краіне склалася няпростая сітуацыя з кадравым забеспячэннем фармацэўтычнай прамысловасці, менавіта гэты напрамак работы нашай кафедры аказаўся ў пэўнай ступені лёсавызначальным. Спецыялістаў для вытворчасці лекаў у Беларусі не рыхтавалі. Таму па нашай ініцыятыве і са згоды канцэрна «Белбіяфарм» і Міністэрства аховы здароўя ў 1995 годзе на базе кафедры была адкрыта новая спецыялізацыя «Хімія лекавых злучэнняў», а сама кафедра атрымала сённяшнюю назву «Кафедра радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій».

І вось ужо два дзясяткі гадоў мы рыхтуем спецыялістаў для патрэб айчыннай фармацэўтычнай прамысловасці. Выпускнікі кафедры працуюць на ўсіх фармацэўтычных прадпрыемствах краіны і ў навукова-даследчых інстытутах, якія займаюцца распрацоўкай лекавых сродкаў.

А з 2008 года мы аднавілі падрыхтоўку спецыялістаў па кірунку «Радыяцыйная хімія і радыяхімія». Такія спецыялісты патрабуюцца для забеспячэння дзейнасці Беларускай атамнай станцыі.

0934

0934

 

— І як далёка ўдалося вам прайсці наперад у стварэнні арыгінальных лекаў?

— Наша сённяшняя праца ў фармацыі цесна звязана з той, якой мы займаліся як радыяцыйныя хімікі. Справа ў тым, што ёсць падабенства паміж тым, як функцыянуюць клеткі імуннай сістэмы, і працэсамі, якія выклікае радыяцыя. І ў тым, і ў другім выпадку запускаюцца свабоднарадыкальныя працэсы, і яны ўсё разбураюць на сваім шляху:  і малекулы здаровых клетак, і вірусы. Таму мы і вырашылі прапанаваць канцэпцыю пошуку антывірусных прэпаратаў на аснове даных па ўздзеянні радыяцыі на прыродныя злучэнні. Яна заснавана на стварэнні рэгулятараў свабоднарадыкальных рэакцый, якія блакіруюць размнажэнне вірусаў. У выніку сумесна з прадпрыемствам «Белмедпрэпараты» і РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі быў створаны першы беларускі арыгінальны антывірусны прэпарат «Бутамінафен», які пры лячэнні герпесу не саступае ацыклавіру, шырока распаўсюджанаму ў лячэбнай практыцы. Пазней з'явіўся прэпарат «Актавір» — камбінацыя «Бутамінафена» з нуклеазіднымі прэпаратамі, вельмі эфектыўны супрацьгерпетычны сродак. Работы па стварэнні антывірусных прэпаратаў выконваліся ў рамках трох праектаў Міжнароднага навукова-тэхнічнага цэнтра з агульным аб'ёмам фінансавання 1 мільён долараў ЗША. І ў выніку быў адкрыты новы клас антывірусных сродкаў, перспектыўных для ўкаранення ў медыцынскую практыку. Асабліва хочацца адзначыць прэпарат «Вірафен», які валодае высокай супрацьгрыпознай актыўнасцю. Ён ужо прайшоў таксікалагічныя і даклінічныя выпрабаванні.

— Якія яшчэ напрамкі ў фармацыі ўяўляюць для вас інтарэс?

— У парадку дня — сродкі для лячэння анкалагічных захворванняў. Справа ў тым, што сярод рэчываў, якія валодаюць супрацьвіруснымі ўласцівасцямі, ёсць злучэнні, якія эфектыўныя і як супрацьпухлінныя агенты. Свабоднарадыкальныя працэсы, якія мы  вывучаем, могуць адыграць важную ролю ў канцэрагенезе. Вядома, што ракавыя клеткі размнажаюцца ва ўмовах гіпаксіі, калі канцэнтрацыя кіслароду істотна ніжэйшая, чым у крыві. На кафедры больш за дваццаць гадоў вывучаюцца свабоднарадыкальныя пераўтварэнні біялагічна важных рэчываў, якія адбываюцца ва ўмовах гіпаксіі пад уздзеяннем розных фактараў. Атрыманыя веды дазволілі нам прапанаваць рэчывы і іх камбінацыі з вядомымі супрацьпухліннымі сродкамі, якія павінны прымусіць ракавыя клеткі акісляцца і разбурацца, што прыводзіць да іх гібелі. Праведзеныя ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі першыя вопыты натхняюць нас на працяг даследаванняў. Тут ёсць шмат нявырашаных пытанняў, але ў адным я ўпэўнены: праца падобнага маштабу павінна кантралявацца і фінансавацца дзяржавай.

DSC_1005ооооооо

DSC_1005ооооооо

 

— Вядучыя ўніверсітэты свету ганарацца сваімі навуковымі школамі і паспяховымі выпускнікамі... Пад вашым навуковым кіраўніцтвам было абаронена 20 кандыдацкіх і дзве доктарскія дысертацыі. Раскажыце пра сваіх перспектыўных маладых вучняў...

— Сярод выпускнікоў кафедры шмат прафесіяналаў. Многія з іх працуюць за мяжой, абаранілі дысертацыі і займаюць добрыя пасады. У нас устаноўлены цесныя сувязі з многімі навуковымі цэнтрамі свету. Дастаткова сказаць, што ў апошняе дзесяцігоддзе мы сумесна з Універсітэтам горада Лейпцыг праводзім даследаванні па вывучэнні свабоднарадыкальных ператварэнняў кампанентаў клеткавых мембран, вынікі якіх апублікаваны ў прэстыжных навуковых часопісах. Удзельнічаючы ў гэтых работах, нашы выпускнікі абараняюць дысертацыі як у Лейпцыгу, так і ў БДУ, і працуюць як у Германіі, так і ў Беларусі.

Большасць выхаванцаў кафедры знайшлі сябе на фармпрадпрыемствах краіны, сярод іх ёсць кіраўнікі навукова-інавацыйных і кантрольна-аналітычных цэнтраў. Яны дапамагаюць кафедры рэалізоўваць сумесныя ідэі і распрацоўкі.

Асабліва мне хацелася б сказаць пра тых выпускнікоў, якія засталіся працаваць на кафедры і ў яе навуковых падраздзяленнях. Гэта ўлюбёныя ў сваю справу энтузіясты, якія, не атрымліваючы за сваю працу годны заробак, вырашаюць вельмі важныя для краіны задачы.

У кастрычніку на базе РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі пачаў працаваць Цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі для ранняй дыягностыкі анкалагічных захворванняў. Прэзідэнт краіны, адкрываючы гэтую дыягнастычную клініку, сказаў: «Я ўбачыў моладзь, у якой гараць вочы, якая ўмее працаваць. Гэта наша будучыня, і значыць, велізарныя грошы на грандыёзны праект былі выдаткаваны недарма».

Дадам, што суперсучасную цыклатрон-радыехімічную лабараторыю ў цэнтры ўзначаліў дацэнт нашай кафедры Святаслаў Брынкевіч. І я ганаруся тым, што ў яго каманду ўвайшлі найлепшыя выпускнікі кафедры. Спецыялісты сінтэзуюць у лабараторыі радыефармпрэпараты.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.