Вы тут

Ці зацікаўлена моладзь у кар'ерным росце?


«Падрыхтаваць добрага кіраўніка школы, каледжа і, асабліва, ВНУ — задача складаная. І тыя, хто жадаў бы ўзначаліць калектыў, павінны валодаць не толькі выбітнымі прафесійнымі якасцямі, але і арганізатарскімі навыкамі і лідарскімі задаткамі. Шчыра кажучы, нам бы вельмі хацелася, каб выбар кіраўніка адбываўся з некалькіх кандыдатур. А ў нас пакуль што з розных (як аб'ектыўных, так і суб'ектыўных) прычын у сістэме адукацыі назіраецца пэўны кадравы голад», — такую думку выказаў міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ на пасяджэнні Рэспубліканскага каардынацыйнага савета па рэалізацыі і ўдасканаленні маладзёжнай кадравай палітыкі.

Амаль 20 гадоў таму ў Беларусі быў створаны Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама Спецыяльны фонд па падтрымцы таленавітай моладзі. Першы «банк» курыруе Міністэрства адукацыі, а другі — Міністэрства культуры.

— Па стане на канец лістапада ў нашым банку ўтрымліваліся звесткі пра 584 прадстаўнікоў таленавітай моладзі. 130 з іх працуюць ва ўстановах культуры, 5 чалавек — не па профілі і 379 навучаюцца ва ўстановах адукацыі сферы культуры, — паведаміў намеснік міністра культуры Васіль ЧЭРНІК. — Акрамя банка, у нас ёсць яшчэ і яго архіў, куды занесены звесткі пра 1772 прадстаўнікоў таленавітай моладзі. За апошнія тры гады ўзнагародамі і заахвочваннямі спецыяльнага фонду былі адзначаны 354 прадстаўнікі моладзі і 39 калектываў мастацкай творчасці. Але кадравыя праблемы актуальныя і для сферы культуры: ёсць праблемы з пошукам кандыдатаў на ролю кіраўнікоў дзіцячых школ мастацтваў, творчых калектываў і гэтак далей.

Начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля ПШАНІЧНАЯ пацікавілася ў прадстаўніка сферы культуры: «А ці можа таленавіты ў пэўнай галіне малады чалавек стаць такім жа таленавітым і перспектыўным кіраўніком?»

— Сапраўды, акрамя мастацкай адоранасці, павінна прысутнічаць яшчэ і лідарская, — пагадзіўся Васіль Чэрнік. — Таленавіты скрыпач, напрыклад, хоча іграць на скрыпцы, выязджаць за мяжу, удзельнічаць у шматлікіх міжнародных конкурсах, стаць салістам сімфанічнага аркестра. А кар'ера кіраўніка яго не цікавіць. Людзі мастацтва ўвогуле мала задумваюцца пра тое, каб стаць кіраўнікамі...

Намеснік міністра культуры таксама звярнуў увагу на неабходнасць стварэння і развіцця «сацыяльных ліфтаў» — падтрымкі і суправаджэння таленавітай моладзі з малых гарадоў і сельскай мясцовасці.

Увогуле, калі праблема з кіраўніцкімі кадрамі востра стаіць нават у буйных гарадах, то для сельскай мясцовасці, дзе выпускнікі ВНУ не затрымліваюцца, яна актуальная ўдвая. Таму асаблівая ўвага на дзяржаўным узроўні надаецца апошнім часам пашырэнню мэтавай падрыхтоўкі. У 2009 годзе яе ўмовы былі перагледжаны: узамен на прывілеі, якія гарантуюцца абітурыентам на ўваходзе ў ВНУ, за маладымі людзьмі быў замацаваны абавязак адпрацаваць у пэўнай сельскагаспадарчай арганізацыі на працягу пяці гадоў. Першы выпуск адбыўся год таму, і паказчыкі замацавання кадраў у сельскагаспадарчых арганізацыях адразу палепшыліся. Так, калі ў 2014 годзе пасля абавязковых двух гадоў адпрацоўкі па размеркаванні працягвалі працаваць 49% спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, то ў 2015 годзе — ужо 52%.

— Яшчэ падчас вучобы ў ВНУ праводзіцца праца па выяўленні маладых людзей з арганізатарскімі здольнасцямі. І найбольш перспектыўным студэнтам, якія валодаюць патрэбнымі лідарскімі якасцямі, на 4—5-х курсах прапануецца дадатковае навучанне па кіраўніцкай спецыяльнасці, — расказаў начальнік упраўлення адукацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Алег КАСЯНЮК. — Да таго ж на базе 57 перадавых гаспадарак вядзецца практычнае навучанне кандыдатаў на пасаду кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый: два тыдні кандыдаты праходзяць тэарэтычную падрыхтоўку ў БДАТУ, а потым месяц стажыруюцца ў кіраўнікоў найлепшых гаспадарак. На дадзены момант 95 кандыдатаў ужо прайшлі такое навучанне, з іх 14 прызначаны на кіраўніцкія пасады.

Прарэктар па агульных пытаннях Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Максім БОРД праінфармаваў удзельнікаў рэспубліканскага каардынацыйнага савета пра адзіны перспектыўны кадравы рэзерв, створаны ў краіне: у яго па стане на 1 красавіка ўваходзілі 1658 чалавек.

Міністр адукацыі канстатаваў, што інфармацыя пра спецыялістаў, якія павысілі кваліфікацыю або атрымалі дадатковую спецыяльнасць на базе Акадэміі кіравання, слаба запатрабавана рэгіёнамі. Звяртаючыся да кіраўнікоў Беларускага саюза моладзі, Міхаіл Жураўкоў прапанаваў ім падумаць над тым, як прапагандаваць працу моладзі ў сельскай мясцовасці: «Прыдумайце нейкі праект па пошуку і падрыхтоўцы лідараў. Гэта ваша поле дзейнасці і сфера інтарэсаў». Аднак, як высветлілася, у самой рэспубліканскай грамадскай маладзёжнай арганізацыі таксама адчуваецца дэфіцыт людзей, гатовых павесці моладзь за сабой. Каб неяк выправіць сітуацыю з недахопам маладзёжных лідараў і актывізаваць моладзь, у 2016 годзе БРСМ плануе запусціць комплекснае мерапрыемства «Лесвіца поспеху».

Кіраўнік Міністэрства адукацыі падкрэсліў, што пытанні маладзёжнай кадравай палітыкі актыўна абмяркоўваюцца ва ўрадзе. Наколькі паспяхова будзе функцыянаваць сістэма адукацыі, а таксама іншыя сферы, залежыць ад таго, наколькі адказна ў тым ці іншым міністэрстве і ведамстве будуць ставіцца да падрыхтоўкі резервістаў і кіраўніцкага звяна.

— Мы ў сваім ведамстве распрацавалі спецыяльную праграму па рабоце з кадравым рэзервам. Да таго ж і перад Грамадскім студэнцкім саветам, і перад Рэспубліканскім маладзёжным саветам пастаўлена задача — шукаць у сваім асяродку маладых людзей з ярка выражанымі лідарскімі задаткамі, — дадаў Міхаіл Жураўкоў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.