Вы тут

Як вырасціць канкурэнтаздольнае пакаленне з маральным стрыжнем?


«Школьная адукацыя — зброя, больш магутная, чым атамная бомба», — такую думку выказаў падчас пасяджэння клуба «Адкрыты дыялог» першы народны настаўнік Беларусі, выкладчык фізікі з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №1 Валерый БАРАШКАЎ. На гэты раз у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў дыскусіі аказаліся праблемы школы, выхавання падрастаючага пакалення, павышэння аўтарытэту і прэстыжу прафесіі педагога, роля настаўніка ў лёсе яго выхаванцаў і многія іншыя пытанні.


Не проста «прадметнік»

— Дробязяў у адукацыі не бывае. Таму любыя змяненні, што адбываюцца ў школе, цягнуць за сабой цэлы шлейф ланцуговых рэакцый, і ў рэшце рэшт усе яны абавязкова адбіваюцца на жыцці кожнага члена грамадства, — упэўнены Валерый Барашкаў. — У школе вельмі шмат змянілася апошнім часам, прычым змянілася ў лепшы бок, але і праблем назапасілася шмат. А праблемы адукацыйныя больш складаныя за любыя тэхнічныя. Раней вельмі часта практыкаваўся мазгавы штурм, калі кожны мог выказаць сваю самую нечаканую, нават вар'яцкую ідэю. А эксперты ўсё аналізавалі і шукалі рацыянальнае зерне. Часам вырашэнне вельмі складанай праблемы вымагала каля 10 тысяч прапаноў, а выбіралася з іх толькі адна...

Рэчаіснасць імкліва мяняецца, і нам даводзіцца з гэтым лічыцца. Мы спрабавалі перайсці на 12-гадовую школу, у нас з'явіліся гімназіі і ліцэі, была ўведзена сістэма цэнтралізаванага тэсціравання... Сёння ўсе робяць спробы разабрацца: што добра, а што дрэнна? Асабіста я лічу, што добры падручнік за год не напішаш, і за пяць гадоў яго не напішаш, бо любы вучэбны дапаможнік павінен перавыдавацца і шліфавацца. У чым я асабіста перакананы, дык гэта ў тым, што крэйда і дошка яшчэ доўгі час будуць заставацца галоўнымі інструментамі ў вучэбнай дзейнасці на ўроку.

— У Беларусі шмат таленавітых маладых людзей — сапраўдных самародкаў. Але менавіта ад настаўніка залежыць, ці заўважаць іх, ці накіруюць, якія каштоўнасці ў іх сфарміруюць, — падзяліўся сваімі думкамі першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй БЕЛЯКОЎ. — Сімвалічна, што пасяджэнне нашага дыскусійнага клуба супала са святкаваннем 125-годдзя Максіма Багдановіча. Гэта самародак зямлі беларускай, які пражыў зусім нядоўгае жыццё, але пакінуў вельмі яркі след у культуры і літаратуры сваёй бацькаўшчыны. Па сутнасці, ён з'яўляецца для моладзі прыкладам таго, як трэба выхоўваць асобу.

У грамадстве актыўна вядуцца дыскусіі на тэму, ці павінна школа займацца гэтым самым выхаваннем? Можа быць, яе галоўная функцыя — навучаць, а ўсім астатнім няхай займаецца сям'я?

На думку Валерыя Барашкава, навучанне і выхаванне — дзве нераздзельныя функцыі школы. І кожны настаўнік — не проста прадметнік, але яшчэ і выхавальнік, які штодня на сваіх уроках выхоўвае вучняў, у тым ліку і сваім прыкладам. Выхаванне можа быць школьным, сямейным, рэлігійным, а можа быць і вулічным...

Што мы ўпускаем?

Протаіерэй, клірык мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора, старшы выкладчык астраноміі БДПУ Аляксандр ШЫМБАЛЁЎ звяртае ўвагу на цэлы клубок супярэчнасцяў у пытаннях выхавання:

— Школа лічыць, што выхоўваць павінна сям'я, а сям'я адрасуе гэту функцыю школе. У выніку дзіця недаатрымлівае ні там, ні там, асабліва ўлічваючы хранічную занятасць сучасных бацькоў і захопленасць падрастаючага пакалення інтэрнэт-тэхналогіямі. Школа павінна найперш даваць дзецям этычнае і эстэтычнае выхаванне, бо сёння мы сутыкаемся з тым, што моладзь не ведае элементарных правілаў прыстойнасці. А вось займацца духоўным выхаваннем у школах больш праблематычна, бо духоўныя пытанні вельмі далікатныя і няпростыя, таму галоўную ролю тут павінна адыгрываць усё ж сям'я. Сто гадоў таму бацькі забяспечвалі і духоўнае, і працоўнае выхаванне і цудоўна з гэтым спраўляліся. А цяперашняя моладзь не мае ніякага ўяўлення пра фізічную працу, ад якой яе ўсяляк «абараняюць», у выніку вырастаюць не прыстасаваныя да жыцця людзі. Праблема яшчэ і ў тым, што многія сем'і былі адарваныя ад духоўных традыцый выхавання... Савецкая школа павінна была выхаваць чалавека для савецкага грамадства, а гэта крыху іншая задача...Таму сёння сям'я плюс школа павінны разам забяспечваць комплекснае развіццё асобы і, канешне, школе трэба ўлічваць дэфіцыт сямейнага выхавання...

Як трапна заўважыў яшчэ адзін удзельнік дыскусійнага клуба, старшыня назіральнага савета Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый» Вадзім БАРАВІК, калі дрэнна працуе школа, то даводзіцца шмат працаваць міліцыі.

— Духоўнасць, патрыятызм — усё гэта важна, але мы павінны выхоўваць эфектыўных людзей. Самае галоўнае — гэта наша канкурэнтаздольнасць на рынку, — падкрэсліў ён. — Калі казаць пра адукацыйныя дасягненні беларусаў, то яны прызнаюцца не толькі на ўзроўні СНД. Паводле індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусь мае высокі рэйтынг у свеце. Але ёсць праблемы, на якія нельга закрываць вочы. Давайце паглядзім, што адбываецца ў нашай эканоміцы. Ці ўсе работнікі якасна выконваюць свае задачы? А, можа, яны сядзяць і чакаюць абеду ці канца працоўнага дня? Думаю, што большасць з іх чакае... Выпуск няякаснай прадукцыі, нашы брудныя пад'езды (філасофія «ўсё, што знаходзіцца за маімі дзвярыма, мяне не хвалюе») — сведчанне таго, што ў школе не навучылі правільнаму стаўленню да ўласнасці. Дык што ж мы ўпускаем? Чаму трэба вучыць выпускнікоў? Чаму наша моладзь так імкнецца за мяжу? Чаму гатовы ехаць кагосьці абслугоўваць, пагаджаюцца на непрэстыжную працу? Адкуль у нас такі комплекс непаўнацэннасці?

Магутную Германію пабудавалі немцы, а эканамічна развітую Японію — японцы. Гэта іх дасягненні! Чаму Сінгапур з колькасцю насельніцтва 5 мільёнаў чалавек мае адзін з самых высокіх паказчыкаў валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва? Па-першае, мы павінны выхаваць у падрастаючага пакалення пачуццё гонару за сваю краіну, вырасціць новага чалавека. А для гэтага патрабуюцца новыя падыходы — тыя, што дзейнічаюць у сістэме адукацыі зараз, даўно састарэлі. Маладыя людзі павінны разумець, што мы будуем сваю краіну для сябе, усё ў нашых руках і ў нашых сілах.

Дайсці да душы і свядомасці

— Адукацыя — гэта тое, што засталося пасля таго, як усё вывучанае ў школе забылася. Усім вядома гэта выказванне Альберта Эйнштэйна. Але што застаецца, калі ўсё вывучанае забытае? Не веданне формул, правілаў арфаграфіі, сямействаў раслін, а спосабы дзейнасці, з дапамогай якіх гэтыя формулы выводзіліся, уменне ўзаемадзейнічаць у парах і групах, уменне аналізаваць і абагульняць, — дзеліцца сваімі думкамі начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана УКЛЕЙКА. — У нашай памяці застаецца незабыўная атмасфера на ўроках. І да каго на сустрэчах выпускнікоў мы ляцім як на крылах? Да таго настаўніка, які пакінуў след у нашым жыцці. Але настаўнікі бываюць розныя, гэта не сакрэт. Дайсці да душы і свядомасці кожнага дзіцяці — гэта майстэрства і вялікая праца. Усё ж такі асоба настаўніка мае выключнае значэнне ў выхаванні. Сёння мы шмат увагі ўдзяляем выхаваўчаму патэнцыялу ўрока. Таму адным з мерапрыемстваў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» было прадстаўленне ўласнага вопыту педагагічнай дзейнасці «Навучаючы, выхоўваю...» А ў рамках дзейнасці клуба «Хрустальны журавель», які аб'ядноўвае ўдзельнікаў і арганізатараў конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», на працягу двух гадоў вялася работа па даследаванні выхаваўчых магчымасцяў вучэбных прадметаў і іх рэалізацыі на школьных занятках. Мая пазіцыя адназначная: адукацыя — гэта навучанне плюс выхаванне.

Першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў лічыць, што такую форму работы, як арганізацыя дыскусійных пляцовак, можна было б зрабіць факультатывам у школе. 

— Школьнікі павінны ўмець бачыць і разглядаць любую праблему з усіх бакоў. Не проста мець сваю пазіцыю, але разумна яе адстойваць, рабіць гэта аргументавана. Палеміка — гэта мастацтва, якім валодаюць нямногія, — падкрэсліў ён.

— Будучыня нашай краіны залежыць ад школы. Адукацыя — гэта люстэрка грамадства, — падсумаваў Андрэй Белякоў. — І калі грамадства сёння надзвычай прагматычнае, жыве выключна матэрыяльнымі каштоўнасцямі, тое ж мы назіраем і ў школе. Але жыць толькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі і забываць пра душу — недаравальна. Невыпадкова школа заўсёды лічылася духоўнай калыскай народа.

Ідэя стварэння пастаянна дзеючага клуба «Адкрыты дыялог» упершыню была агучана Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ў жніўні бягучага года на рэспубліканскім спартыўна-адукацыйным форуме «Алімпія» падчас правядзення адкрытага дыялогу «Моладзь і палітыка: формула адказнасці». А першае пасяджэнне клуба адбылося ў пачатку верасня ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мазгавы штурм для школы

Каментары

Колькі гадоў таму з цікавасцю назіраў за дыскусіяй, якая разгарэлася пасля публікацыі ў “Звяздзе” ліста ад настаўніка з Віцебскай вобласці. Вось дзе быў сапраўдны мазгавы штурм! Колькі было выказана слушных думак і прапаноў, як змяніць сітуацыю ў школе да лепшага. І што мы маем на сённяшні дзень? Колькі нам яшчэ чакаць, калі чыноўнікі, нарэшце, прызнаюць існаванне праблем? Можа, хоць да меркавання першага народнага настаўніка прыслухаюцца? Галоўнае, каб ён не проста дзяліўся сваім прафесійным досведам з калегамі, бо ўсе настаўнікі фізікі ведаюць Барашкава і без дадатковай рэкламы, а каб стаў сапраўдным рупарам настаўніцкай думкі. Цяжка не пагадзіцца, з тым, што вельмі шмат залежаць ад асобы настаўніка, ад яго іміджу ў грамадстве. Ёсць сучасная прафесія – іміджмейкер. Вось толькі іміджам настаўніка ніхто і ніколі не займаўся, хіба толькі савецкі кінематограф. Але місія настаўніка з таго часу сур’ёзна змянілася. У многіх пытаннях вучні больш прасунутыя за сваіх педагогаў, і проста смешна гэта адмаўляць. Таму трэба моцна падумаць над іміджам настаўніка. На добры лад, прадзюсарам настаўніка павінны выступаць бацькі вучняў. А мы грамадскасць не задзейнічаем. Школа па-ранейшаму застаецца закрытым інстытутам. Да таго ж у апошнія гады пад выглядам захавання бяспекі многія нашы навучальныя ўстановы адгарадзіліся ад знешняга свету яшчэ і электроннымі прапускнымі сістэмамі. Мяркую, што ідэальнай школы ніколі не будзе, а вось прэтэнзіі да адукацыі будуць заўсёды. І ўсё ж, каб нацыянальная сістэма жыла і развівалася, яна павінна мець сваю філасофію. Адзін з у дзельнікаў “Адкрытага дыялогу” сказаў: “Мы павінны выхаваць у падрастаючага пакалення пачуццё гонару за сваю краіну, вырасціць новага чалавека, а для гэтага патрабуюцца новыя падыходы — тыя, што дзейнічаюць у сістэме адукацыі зараз, даўно састарэлі… Маладыя людзі павінны разумець, што мы будуем сваю краіну для сябе, усё ў нашых руках і ў нашых сілах”. Так давайце разам думаць, на якіх нацыянальных каштоўнасцях выхоўваць новае пакаленне. Можа, трэба напісаць для настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў настольную кнігу на тэму, хто мы і дзе мы знаходзімся?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.