Вы тут

СУБОТНІК


Як правільна не мыць посуд

Што рабіць, калі жонка прымушае вас мыць посуд? Па-першае, не панікаваць і ўзяць у рукі анучку. Адным словам: "Пасядзі, дарагая, я і сам спраўлюся!" вы ўпырскваеце ў жаночае самалюбства маленькую кропельку атруты, якая падзейнічае вельмі хутка. Бо яшчэ са старажытнасці ў большасці жанчын склалася ўяўленне, што паняцце акуратнасці падыходзіць да іх куды больш, чым да нас, мужчын.

Па-другое, пры мыцці посуду абавязкова пакідайце на ім крышку бруду, а яшчэ лепш — забывайцеся яго спаласнуць. Ваша неахайнасць будзе адразу ж заўважана. І змаўчаць у такім выпадку ні адна жанчына не зможа!

Па-трэцяе, калі жонка ўсё ігнаруе, выпадкова разбіце кубачак (пажадана, яе любімы). І пастарайцеся парэзаць сабе пару пальцаў. Крыку будзе на цэлы дзень! У залежнасці ад тэмпераменту і выхавання жанчына нагадае, адкуль у вас рукі растуць. І дасць вам новае "імя". Зносьце моўчкі. Скончыцца тым, што з гэтага часу мыццё посуду стане выключна жончынай справай. Перамога за вамі!

Віктар САЛАНЕЦ

Сучаснае каханне

Пакахаў дзяўчыну
І цяпер сумую:
Бо яна кахае
Не мяне — другую...

Уладзімір КУЧМІНСКІ,
г. Маларыта.

Сатырычнае рэтра

Байкі Эдуарда Валасевіча (1918—1997) у свой час былі не менш вядомыя, чым творы Кандрата Крапівы, і перадаваліся з вуснаў у вусны. Стаўся хрэстаматыйным яго славуты "Хама", не страцілі актуальнасці і іншыя. Зрэшты, мяркуйце самі.

Эдуард ВАЛАСЕВІЧ

Залатая рыбка

На беразе рачулкі, а не мора
Узняўся гмах пад шыльдай
"Рыбкантора"...
Пацела тут нямала малайцоў
І машыністак
плойма стракатала,
Ну, а вышэй
начальства засядала:
Загадчык па засолцы
і капчэнні селядцоў,
Загадчык па здабычы мух
і іншае прынады,
Загадчык па рамонце
рыбалоўнае прылады,
Загадчык планавання лову,
Загадчык перспектывы клёву.
Дзядзькі што на падбор!
І ўрэшце, нібы недарэчы,
Сухенькі, сівы, вузкаплечы
Рыбак дзед Міканор...
Рыпелі пёркі ды хадзілі ручкі
У дні авансаў і палучкі.
Па рангу кожны меў
і прагрэсіўку, і аклад —
Дзед задаволен,
рад і апарат.
Трымаў дзед вуду
ды пасмоктваў піпку,
Цягаў з вады малую рыбку.
І рыбку не абы-якую —
Залатую!

***

Мне скажуць: казачка старая!
На жаль, жыве, не памірае...

1955 г.

Дыялогі

У вясковай бабулі госці. У тым ліку — унучак, з горада. Ну ўсё яму цікава — і кароўка, і свінкі, і курачкі.

— А цяпер давай сходзім у поле, паглядзім, як аруць, — прапануе бабуля.

— Я не хочу, — надзьмуўся хлопчык, — я не люблю, когда орут.

***

Дзевяцікласнік просіць у школьнай бібліятэцы "Яўгена Анегіна". Бібліятэкарка пытаецца:

— А хто аўтар, ведаеш?

Вучань:

— Я ж кажу: Яўген Анегін.

***

У школе ўрок нямецкай мовы. Ля дошкі — слабая вучаніца. Але настаўніку лішняя двойка не патрэбна. Таму ён не зважае на падказкі.

— Як па-нямецку будзе хлеб з маслам? — пытаецца.

Клас ледзь не хорам:

— Бутэрброд, бутэрброд...

Дзяўчо нарэшце:

— Бульбенброд.

Тутэйшае...

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.