Вы тут

Шыкоўны старт "базару"


Шыкоўна, феерычна, па-еўрапейску... Такімі ўражаннямі дзяліліся тыя, хто ўбачыў у чацвер урачыстае адкрыццё ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Гледачы трансляцыі канцэрта таксама былі здзіўлены: светлавыя эфекты афармлення сцэны насамрэч сёлета сталі прыемным сюрпрызам.

Фестывальны Віцебск яшчэ прыемна здзівіў тым, што сёлета ў дзень старту фэсту не пайшоў дождж. А колькі ўжо гадоў запар стыхія шчыра вітала моцнымі дажджамі гараджан і гасцей фестывальнага Віцебска ў першы "базарны" дзень.

Па традыцыі фэст адкрыў кіраўнік нашай дзяржавы. І зноў жа традыцыйна ўручыў спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення". Сёлета, нагадаю, лаўрэатам гэтай узнагароды стала Эдзіта Станіславаўна П'еха, народная артысткаСССР, вельмі папулярная савецкая і расійская эстрадная спявачка, актрыса.

1374144430372_13-30llll

1374144430372_13-30llll

 

У дзень старту фестывалю сумнай "сенсацыяй" на "базары" стала навіна аб тым, што Эдзіта П'еха

, падыходзячы да ліфта, падвярнула нагу. З-за надзвычайнага здарэння "базарнага маштабу" нават адмянілі прэс-канферэнцыю з яе ўдзелам. Пра гэта перад пачаткам "зорнай гадзіны" паведаміў Сяргей Шусціцкі, вядучы "зорных гадзін" на "базары". Паводле яго слоў, на той час не было вядома, ці выйдзе П'еха на сцэну Летняга амфітэатра, каб атрымаць узнагароду з рук кіраўніка нашай дзяржавы. Але ж выйшла!

Прэзідэнт, уручаючы ёй узнагароду, пажартаваў, што старшыня Віцебскага аблвыканкама — па спецыяльнасці ўрач-хірург і вылечыць яе да раніцы! І дадаў, што такі інцыдэнт можна лічыць нагодай для таго, каб "базар" запомнілі на ўсё жыццё. Бывала, на фэсце і нагу ламалі. Прэзідэнт меў на ўвазе Мікалая Баскава, які, ходзячы па амфітэатры з вялікай колькасцю кветак у руках, каб павіншаваць гледачоў і падзякаваць за цёплы прыём, зламаў нагу. І нічога сабе. Жывы і здаровы. Уражанняў і цяпер шмат...

Шмат прыемных эмоцый засталося як у тых, хто быў у зале падчас адкрыцця "базару", так і ў тэлегледачоў пасля прагляду канцэрта.

Эмілі дэ Форэст з Даніі — пераможца сёлетняга "Еўрабачання", Аль Бана з Італіі, калектыў "Джыпсі Кінгс" (Францыя) і многія іншыя — насамрэч сёлетні "базар" — фестываль фестываляў. Вельмі спадабалася публіцы ў амфітэатры і тэлегледачам выступленне расійскага цыркача, які на крэслах на сцэне амфітэатра "лёгка" падняўся да сімвала фестывалю  — васілька.

Учора на фэсце быў Дзень саюзнай дзяржавы. А сёння — Дзень моладзі. Сачыце за публікацыямі пра фэст у "Звяздзе".

Гран-пры дзіцячага "базару" паедзе ў Балгарыю

Гран-пры — 5 тысяч долараў — атрымала прадстаўніца Балгарыі Прэсіяна Дзімітрава.

Пра дзяўчынку вядома, што яна нарадзілася ў 2001 годзе, вучыцца ў 4-м класе. Музыкай займаецца па класе фартэпіяна, а таксама вакалам.

З 6 гадоў — салістка дзіцячай вакальнай групы "Сонца" (кіраўнік — доктар музыказнаўства Наталля Канстанцінава).

У 8 гадоў упершыню ўзяла ўдзел у міжнародным конкурсе і адразу заваявала Гран-пры. Гэта была найвышэйшая ўзнагарода міжнароднага конкурсу "Дунай распавядае гісторыю: еўрапейскія легенды" (г. Бухарэст). Уладальніца розных прызоў міжнародных конкурсаў.

Любіць чытаць. Наведвае курс малявання.

1-я прэмія — 3 тысячы долараў — дасталася "зорачцы" пад творчым псеўданімам Ленка (Грузія).

2-ю прэмію — 2 тысячы долараў — падзялілі па 1 тысячы. Іх атрымалі Аляксандра Лакціёнава з Беларусі і Арсен Шаўлюк з Украіны.

І 3-я прэмія — 1 000 долараў — таксама была падзелена. Яе атрымалі Галіна Дубок (Украіна) і Даяна Кірылава (Расія).

Спецыяльнымі прызамі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі ўзнагароджаны Апалінарыя з Беларусі і расіянка Ксенія Гожа.

У захапленні

Рыгор Рапота, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы, у захапленні ад убачанага на віцебскім фестывалі мастацтваў.

"Я ў захапленні ад падбору артыстаў, іх выступленняў. Мне вельмі, у прыватнасці, спадабаліся Ланская, Арбакайтэ і іншыя выканаўцы. Ды ўсе, хто выступіў на канцэрце адкрыцця фэсту, мне спадабаліся. Усё было зроблена на самым высокім узроўні. Канцэрт адкрыцця быў неардынарным. Яго не сорамна паказваць па тэлебачанні на ўвесь свет. Спадзяюся, што канцэрт у Дзень саюзнай дзяржавы на "базары" будзе не горшым", — сказаў ён.

Паводле слоў Рыгора Рапоты, Саюзная дзяржава і надалей будзе актыўна падтрымліваць розныя культурныя праекты. У прыватнасці, будзе надрукаваны зборнік апавяданняў беларускіх і расійскіх аўтараў на дзвюх мовах.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!