Вы тут

Кадры і геапалітыка на святочным фоне


У нас. Мінулы тыдзень стаў "кадравым" — Прэзідэнт зрабіў шэраг прызначэнняў. І гэта дае магчымасць зрабіць пэўныя высновы адносна кадравай палітыкі дзяржавы.

Новыя кадравыя рашэнні можна назваць збалансаванымі. Намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта стаў Валерый Іваноў,старажыл беларускіх уладных колаў, выхадзец з Магілёўскай вобласці, які мае вялікі ўпраўленчы досвед у розных галінах. Пэўны час ён з'яўляўся нават віцэ-спікерам ніжняй палаты беларускага парламента. Апошні час ён займаў пасаду генеральнага дырэктара Беларускай калійнай кампаніі. Вельмі цікава, як ахарактарызаваў гэтае прызначэнне сам Аляксандр Лукашэнка: "Валерыя Іванавіча мы перавядзём на іншую працу. У нас такіх вялікіх быццам і прэтэнзій да яго няма, але яму цяжка працаваць у гэтай сферы, паколькі ён з ёй ніколі не сутыкаўся. Таму мы яго вопыт будзем выкарыстоўваць тут, унутры краіны, ён будзе прызначаны на іншую пасаду". Відавочна, што Валерый Іваноў будзе займацца больш звыклай справай. Нагадаем, раней яго дзейнасць была цесна звязана з кадравай палітыкай і сельскай гаспадаркай.

Новую пасаду набыў яшчэ адзін ветэран беларускага ўладнага "алімпа" — Аляксандр Пазняк

, які стаў новым кіраўніком Савецкага раёна сталіцы. Да гэтага ён узначальваў Полацкі гарвыканкам. Але найбольшую вядомасць Пазняк набыў, калі з'яўляўся старшынёй Камітэта па справах моладзі і быў адным з галоўных "архітэктараў" дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў нашай краіне. Яго смела можна залічыць да таго пакалення параўнальна маладых кіраўнікоў (40-50 гадоў), на якіх збіраецца рабіць стаўку Прэзідэнт.

Паказальна, што сярод новых прызначэнцаў — у асноўным прафесіяналы, людзі, якія выраслі да сваіх пасад унутры галін, якімі цяпер ім прыйдзецца кіраваць. Дастаткова ўзгадаць Леаніда Шанца, які стаў першым намеснікам міністра энергетыкі, а да гэтага працяглы час займаўся пытаннямі энергазберажэння ў тым жа міністэрстве.

Многія звярнулі ўвагу на тое, што Беларускую калійную кампанію ўзначаліла жанчына — Алена Кудравец. Але галоўнае тут хутчэй не гендарны фактар, а таксама вопыт і хватка, бо новы генеральны дырэктар раней працавала ў той жа кампаніі намеснікам па камерцыйных пытаннях і лагістыцы.

У пэўным сэнсе да кадравай палітыкі можна аднесці і дзве новыя гучныя крымінальныя справы — супраць старшыні Белкаапсаюза і былога кіраўніка Савецкага раёна Мінска. Гэта сведчыць, што патрабаванні да кіраўніцкіх кадраў не становяцца меншымі, і іх ніхто не збіраецца паслабляць.

Вакол нас. Адной з галоўных міжнародных тэм, якія актыўна абмяркоўваюцца, па-ранейшаму застаецца візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, што адбыўся 15-17 ліпеня, і яго вынікі. Прынамсі, для Беларусі.

Варта звярнуць увагу на тую прапагандысцкую кампанію, якая была раскручана пэўнымі сіламі дзеля таго, каб даказаць, што супрацоўніцтва з Кітаем для Беларусі не карыснае, нават небяспечнае, ледзьве не бессэнсоўнае.

Пры гэтым у ход пускаюцца розныя плёткі пра міфічных "600 тысяч кітайцаў", якія нібыта прыедуць у Беларусь, велізарныя кавалкі зямлі, быццам выкупленыя ўсё тымі ж грамадзянамі Паднябеснай. Выкарыстоўваюцца і больш тонкія спекуляцыі, звязаныя з адмоўным сальда нашага гандлю з Кітаем і стратнасцю цэментных заводаў, пабудаваных пры кітайскай дапамозе.

Аднак гэтая крытыка не да месца. Што тычыцца супрацоўніцтва з Кітаем, то якраз тут вельмі падыходзіць вядомая фраза "пры ўсім багацці выбару альтэрнатывы няма". Кітай — гэта тая сусветная сіла, з якой супрацоўнічаюць усе. Амерыканскія палітолагі нават увялі такі тэрмін "Чымерыка", які абазначае вельмі шчыльную эканамічную кааперацыю КНР і ЗША.

На супрацоўніцтва з Кітаем трэба глядзець вельмі рацыянальна і цвяроза. Было б неразумна разлічваць у хуткім часе дамагчыся вялікага экспарту беларускіх тавараў на рынак краіны, што з'яўляецца, па ўсеагульным прызнанні, "фабрыкай свету". Прынамсі, гэтак жа неразумна, як патрабаваць рэнтабельнасці ад заводаў, што былі толькі нядаўна запушчаны. Для Беларусі Кітай — гэта не рынак збыту нашых тавараў, а крыніца інвестыцый, новых тэхналогій, адчыненыя дзверы да сусветнага гандлю. І асноўны шлях прасоўвання тут сваіх інтарэсаў — стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Менавіта для гэтага і будуецца ўніверсальная пляцоўка — індустрыяльны парк пад Мінскам. Дарэчы, такі ж парк у свой час быў пабудаваны сінгапурцамі ў самім Кітаі.

Супрацоўніцтва з Кітаем — гэта новыя рабочыя месцы, новы ўзровень якасці нашых тавараў, буйныя інвестыцыі і пастаянны прыбытак. Таму не трэба баяцца збліжэння з Кітаем. Трэба баяцца павольнага тэмпу такога збліжэння.

З гісторыі. Не толькі ў Мінску, але ў Кіеве і Маскве шырока адзначаецца 1025-годдзе Хрышчэння Русі.

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца аб дакладнай даце і абставінах, пры якіх адбылося прыняцце вялікім князем кіеўскім Уладзімірам і падуладным яму насельніцтвам хрысціянства. Але менавіта 988 год стаў той кананічнай вехай, на якую прынята арыентавацца. Хрысціянскія місіянеры і раней з'яўляліся на берагах Дняпра і Заходняй Дзвіны. Напрыклад, вядома, што княгіня Вольга, бабка Уладзіміра і заснавальніца Віцебска, перайшла з язычніцтва ў хрысціянскую веру. І ўсё ж слава і гонар хрысціцеля належаць менавіта Уладзіміру Святаславічу.

Рашэнне кіеўскага ўладара, які здолеў распаўсюдзіць свой уплыў на велізарную тэрыторыю, можна тлумачыць рознымі прычынамі — і геапалітычнымі, і гаспадарчымі. Пры гэтым не трэба забывацца пра вынік — Хрышчэнне стала найважнейшай падзеяй у нашай гісторыі, з якой нішто не можа параўнацца.

Тут карані ўсяго: і пісьменства, і культуры ўвогуле, і светапогляду, і многіх звычаяў і традыцый. Важна і тое, што хрышчэнне адбылося па ўсходнім, візантыйскім абрадзе. Гэта заклала своеасаблівы гістарычны код у развіццё нашага народа, нягледзячы на ўсе далейшыя ўплывы і павевы.

Між іншым, і геапалітычныя наступствы таго выдатнага акта адчуваюцца да гэтага часу. Імкненне да еднасці рускіх, беларусаў і ўкраінцаў, блізкасць нашых культур і моў бярэ пачатак менавіта ў 988 годзе, калі нашы продкі жылі ў адзінай дзяржаве вялікага князя Уладзіміра. І пасля акта Хрышчэння яны здолелі стварыць адну з самых развітых у культурным сэнсе еўрапейскіх дзяржаў таго часу.

Таму калі мы зараз святкуем чарговы юбілей Хрышчэння Русі, то гэта адначасова і свята нараджэння нашай культуры.

Вадзім ГІГІН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.