Вы тут

Мера веры


Мастакі, па сутнасці, дзеляцца на дзве катэгорыі: на тых, хто ўмее маляваць і на ўсіх астатніх. "Усе астатнія" ў сваю чаргу — на абстракцыяністаў, канцэптуалістаў, майстроў супрэматызму, поп-арту, інсталяцый, перформансу... ну і гэтак далей. "Астатнія" дадаюць да выяўленчых вобразаў расповеды пра сваё светаадчуванне, філасофскія погляды, сацыяльную значнасць і прагрэсіўнасць, адным словам, напускаюць туману, як кажуць некаторыя скептыкі. Іншым разам за іх гэта робяць тыя, хто зацікаўлены ў фарміраванні ўражанняў гледачоў. Гэтыя мастакі, як ім здаецца, разнасцежваюць сваю душу, каб глядач наўпрост пабачыў, што на ёй набалела, што яе абудзіла, усхвалявала, змаркоціла ці абрынула ў смутак. Божаму рэчаіснаму свету, па сутнасці, адмоўлена ў першаіснасці. Такі эгаізм. Пры гэтым іх гучна ўхваленыя творы няблага прадаюцца.

1375448276122_16-3

"Усе астатнія" мастакі не могуць намаляваць абраз для царквы, бо ў людзей не ўзнімецца рука перахрысціцца на адлюстраванне грэшнай душы.

Мой сябар Барыс маляваць умее. Змалку, як сябе памятае, — з алоўкам у руцэ. Яго, вясковага хлапчука, пасля пяці класаў узялі ў сталічную школу-інтэрнат для адораных дзяцей, потым — вучоба ў тэатральна-мастацкім інстытуце, гады і гады работы прафесійным мастаком...

Барысу скарылася лінія, стала зусім падуладнай, паслухмянай і абгінае выгіны ягоных думак, як вада дробныя каменьчыкі. Такія мастакі добра бачныя сярод людзей, рэкламаваць іх не трэба.

Дык зусім натуральна, што Барысавы здольнасці заўважыў і ацаніў і адзін духоўны айцец, святар, карацей кажучы. Яшчэ даволі малады чалавек, ён атрымаў пад сваё апекаванне новы храм у нядаўна заселеным мікрараёне горада і пачаў клапаціцца аб аздабленні пакуль не надта намоленага духоўнага прытулка. Аднойчы на сваю рызыку ён узяў і замовіў Барысу абраз свяціцеля Васіля Вялікага. Не маленькі, які прыладжваюць у куце хаты, а храмавы, вышынёй звыш двух метраў. Барыс з ахвотай пачаў ладзіцца да незнаёмай дагэтуль творчасці. Можна сказаць, з пакорлівай паслухмянасцю веруючага чалавека. Узяўся вывучаць даўнейшыя ўзоры адпаведных абразоў свяціцеля і выбраў з іх той, які найбольш уразіў, гаючым святлом лёг на душу — абраз візантыйскага пісьма.

Васіль Вялікі сядзіць на шыкоўным, з дзівоснай дэкаратыўна-скульптурнай аздобай троне. Пасуе да гэтай багатай аздобы і яго царкоўнае ўбранне — шытае залатымі ніткамі, упрыгожанае крыжовым арнаментам ды выявамі святых. У руцэ ў яго — разгорнутая кніга Святога пісання. Пальцы другой рукі складзены для блаславення: здаецца, якое імгненне — і свяціцель блаславіць схіленага перад іконай верніка на добрыя справы і пачуцці.

Верхнюю прастору палатна Барыс пакрыў сусальным золатам, якое ззяла за спінай святога нягасным святлом.

Глядзіш на гэтае выяўленчае хараство — і ловіш сябе на нязвыклай думцы: і багаты па свецкіх мерках убор Васіля Вялікага, і высокі яго трон зусім не ўспрымаюцца як звыклыя знакі зямнога валадарства, а толькі як пацвярджэнне валадарства духоўнага, адлюстраванне перавагі свяціцеля ў веданні навобмацак выбрукаванага Збавіцелем шляху. Ён павядзе — за ім пойдуць.

Цудоўным чынам для мяне на абразе выявілася і метамарфоза золата, гэтага спрадвечнага сімвалу зямнога багацця і сквапнасці. Разгладжанае танюткім слоем, яно тут, як ужо казаў, усяго толькі святло. От жа схібіў: не "ўсяго толькі", а нязводная крыніца Святла, якое выпраменьваецца з мінулага, азоранага духоўным подзвігам святых айцоў, і, як гэта ні дзіўна, — і са светлага куточка тваёй, неадрынутага імі спаткаемца, душы. Святло Крыніцы і крынічкі перанітоўваюцца ў вышніх промнях, звязьмоўваюцца, каб, калі заўгодна, ім падперазаўся Бог.

Барыс стварыў абраз так імкліва, так упэўнена, што здавалася, ён задумваў яго на працягу ўсяго свайго папярэдняга жыцця, а цяпер толькі вадзіў рукой па завучаных лініях.

Вернікі храма сустрэлі абраз як доўгачаканую радасць, былі вельмі ўсцешаны і адразу пачалі намольваць яго шчырымі шапатлівымі словамі. А руплівы настаяцель, як толькі нацешыўся са свайго набытку, замовіў Барысу новы абраз — Божай Маці Усецарыцы з Дзіцяткам на руцэ і анёламі за спінай. Мастак таксама намаляваў яе ў візантыйскім стылі, на троне, толькі інакшым, чым у Васіля Вялікага. І ў іншай каляровай гаме.

Калі Барыс працаваў над абразом, я колькі разоў на тыдзень прыходзіў да яго ў майстэрню. Так часта, што пачаў быў саромецца сваёй залішняй прысутнасці: няёмка ж стаяць над душой творцы. Але мне дужа карцела хаця б у якасці назіральніка саўдзельнічаць у мастакоўскім чарадзействе.

Прыходзячы раніцай у майстэрню, Барыс штораз хрысціўся, прашэптваў малітвачку, а потым, перад тым, як узяцца за пэндзаль, перахрышчваў і палатно. Такім чынам ён спадзяваўся далучыць да саўдзелу ў сваёй творчасці і неадухоўленае, абыякавае да яго задумы льняное палатно.

А я чакаў моманту, калі яно, наадварот, адпрэчыцца ад творцы і зажыве сваім, удыхнутым у яго жыццём. Але гэтага ўсё ніяк не здаралася. З кожным разам заўважаў: колькі б ні зрабіў Барыс — роўна на столькі работы і прыбаўлялася. Нібыта час спыніўся, пясчынкі ў адліковым гадзінніку страцілі вагу і аніяк не маглі пасыпацца ўніз з верхняй колбы. Так бывае: чалавек ідзе і не заўважае сваёй хады, пакуль не прыйдзе. Мне здалося, што і я іду поплеч з Барысам.

І вось аднойчы, калі творца адклаў у бок пэндзаль і мы, прыгатаваўшы гарбату, селі пагутарыць, адбылося доўгачаканае.

Я папіваў гарбату, размаўляў і ўвесь час пазіраў на Барысаў твор — вочы ў вочы з Божай Маці. І раптам прыкмеціў, што не так вольна, як раней, пачаў гаварыць з сябруком — больш абачліва падбіраючы словы, каб не трапіла ў іх якое моўнае шалупінне. І гэта не ўсё. Нечакана прыкрай і залішняй падалася мне цыгарэта ў руцэ, дым ад яе, і я адчуў сябе прысаромленым хлапчуком, якога маці ўпершыню заўважыла за нікчэмным заняткам.

І тады я зразумеў: перада мной — абраз! Але Барысу пра гэта не сказаў.

Каб у тралейбуснай таўханіне не страціць у ахоўным гарлачыку душы залатое святло толькі што народжанага абраза, дадому я вяртаўся ціхімі вечаровымі вулкамі пешкі. І думаў пра цудадзейную творчасць. Я пераканаўся, што абраз спачатку нараджаецца ў душы зацікаўленага чалавека, а тады ўжо (а можа гэта здараецца ў адно імгненне) праясніваецца святлом і фарбамі ў выяве мастака. Абраз здаўся мне малекулярна тонкай мембранай душы, праз якую толькі і прасейваюцца ў незямныя сферы нашы светлыя памкненні.

І другую работу натхнёнага Барыса вернікі прынялі з радасцю. І я ўсцешыўся за сябрука: не кожнаму мастаку выпадае так шчасліва спраўджвацца. А тут яшчэ прыемна ўражаны настаяцель храма не памарудзіў з новай замовай. На гэты раз ён папрасіў Барыса напісаць абраз Збавіцеля ў атачэнні Божай Маці і Іаана Хрысціцеля. А гэта ўжо вымагала куды большых высілкаў ад узрадаванага, але і спакушанага пашырэннем і ўзвышэннем прасцягу свайго выяўлення Барыса. Ён ведаў, што стварэнне абраза найперш — паслухмяны духоўны шлях па цясніне канонаў, заўсёднае прымерванне свайго быцця да ідэалаў хрысціянства. Але ж Барыс не мог цалкам перарадзіцца і заставаўся сучасным мастаком. Яму заманулася ўкласці ў такі асноватворны абраз як мага больш сваёй індывідуальнасці, зрабіць яго пераканаўча непаўторным, каб уразіць наведнікаў храма.

Мастак перагледзеў безліч абразоў задуманага сюжэту і ўпадабаў выявы Хрыста, Божай Маці, Іаана Хрысціцеля не на адным каторым, а на розных. Дык з іх і вырашыў перамалёўваць святыя вобразы, аб'ядноўваючы фігуры стылёвым графічным абагульненнем ды вытанчаным спалучэннем фарбаў.

Напачатку я не звярнуў на гэта ўвагі і, як заўсёды, захоплена назіраў за нараджэннем твора. Толькі з цягам часу пачаў здзіўляцца з таго, што Барыс, у адрозненне ад папярэдніх абразоў, новы зноў і зноў перарабляе — мяняе адзін колер на другі, падпраўляе графіку, мудрагеліць з арнаментам... А потым і наогул, нічога не сказаўшы, на колькі дзён з'ехаў у вёску, нібыта штосьці згубіў на травяных сцежках і спешна трэба знайсці.

Калі ж вярнуўся і зноў узяўся за работу, я тут жа завітаў да яго ў майстэрню ды пачаў уважліва ўглядвацца ў недапісаны абраз, усё адно як у спадзяванні на тое, што адбыўся цуд, і лініі ды фарбы самі арганізаваліся ў адзіна магчымую суладнасць. Але цуд не адбыўся. Незавершанасці было яшчэ так шмат, што, здавалася, можна не працягваць работу, а пачаць яе нанова.

Барыс працягваў. І тады мне стаў зразумелы яго аблудны творчы захад.

"Дык гэта ж не спіс абраза, а "цытаванне" з розных першакрыніц, кампіляцыя — па сутнасці, не што іншае, як постмадэрнісцкі прыёмчык!" — агаломшыла мяне... Душу агарнуў сум і яе цесна, да анямення, спавіла пялюшка адзіноты. Мне здалося, што час раптам абмялеў з акіянскай глыбіні да дажджавой лужыны. Але куды ісці, навошта яе пераходзіць?.. Як перахрысціць лоб перад такім абразам, няхай сабе слабому, але трохі дасведчанаму ў выяўленчым мастацтве верніку?..

І я перастаў наведваць такую вабную і светлую для душы майстэрню, усё адно як пасля балючай незагойнай крыўды.

А мусіць жа, Барыс і сапраўды пакрыўдзіў мяне тым, што не спраўдзіў светлыя спадзяванні і чаканую радасць саўдзелу ў блаславёнай творчасці. Расчараванне было такім моцным, што я гатовы быў выракчыся сяброўства ці звесці яго да звычайна прыяцельства.

Калі праз колькі дзён я, стомлены гэтымі душэўнымі згрызотамі, шчыра расказаў пра іх сябру, ён нечакана папрасіў у мяне прабачэння.

Няўжо разумеў, за што? Не ведаю. Але з маёй душы дагэтуль усё яшчэ не выпетрылася цяжкая прыкрасць.

Сяргей Рублеўскі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.