Вы тут

Галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва Святлана Шутава: "Першы блін не камяком, калі ёсць прыбытак"


У Магілёве адбыліся змены ў медыйнай прасторы. Новае выдавецкае прадпрыемства аб'яднала абласную грамадска-палітычную газету "Магілёўскія ведамасці", два штотыднёвікі — "Магілёўская праўда" і "Дняпроўскі тыдзень", а таксама Дом друку ў абласным цэнтры. Усё разам гэта цяпер называецца інфармацыйнае агенцтва "Магілёўскія ведамасці". Галоўны рэдактар Святлана Шутава расказала карэспандэнту "Звязды" пра першыя крокі, новыя ідэі і планы на перспектыву.

— Чыя ідэя стварыць новае прадпрыемства, аб'яднаць абласныя газеты?

— Ідэя наша і нашага заснавальніка, Магілёўскага аблвыканкама. Але тут не толькі аб'яднаны "пад адным дахам" тры магілёўскія газеты, але і створаны асобны праект — сайт mоgіlеvnеws.bу.

— З якой мэтай адбылося аб'яднанне?

— Сёння не сакрэт, што выжываць лепш разам. Таму найперш аб'яднанне зроблена для паляпшэння фінансава-эканамічнага стану рэдакцый. Вядома, газеты выходзяць у свет, як і раней. Але цяпер у нас адзіныя бухгалтэрыя і рэкламная служба, якія працуюць на ўсе выданні. Газеты і сайт узначальваюць свае рэдактары, але журналісты працуюць на ўсе "франты", і гэта таксама эканомія творчых сіл. Нам хочацца, каб у новым прадпрыемстве стала лепш і ў фінансавым, і ў творчым плане.

— Новае прадпрыемства існуе толькі некалькі месяцаў. І ўжо, напэўна, можна спытацца: як пайшло? І ці было страшна?

— Невядомасць заўсёды пужае. Людзям было псіхалагічна складана. Па вялікім рахунку, мы не ведалі, што гэта і як... Ва ўсякім разе, у Магілёўскай вобласці такога вопыту аб'яднання газет у адно прадпрыемства не было. Дапамагла паездка ў "Мінск—Навіны

". Мы паглядзелі, што гэта можна (і трэба) рабіць і ў абласцях.

1375788223414_6-39

Ну і "першы блін" усё ж такі не аказаўся камяком. Таму што спрацавалі з прыбыткам. Невялікім, але ўсё ж такі прыбыткам. Мы захавалі калектыў: пайшлі пасля аб'яднання толькі некалькі чалавек, і яны ў сувязі са скарачэннем атрымалі грашовыя кампенсацыі. Наш штат налічвае 65 чалавек. У рэдакцыі "Магілёўскіх ведамасцяў" было прыкладна ўдвая менш. Цяпер трэба спакойна працаваць, і гэта самае галоўнае.

— Ці не дзіва, што газета, якая нарадзілася ў часе постсавецкай перабудовы, пераўтварылася ў буйное інфармацыйнае агенцтва, ды з далучэннем старэйшай газеты вобласці?

— Наадварот, тут усё лагічна. "Магілёўскія ведамасці" калісьці сказалі новае слова ў журналістыцы. У іх быў шалёны тыраж — сто тысяч асобнікаў. За тым часам пра такі можна было толькі марыць, а сёння ён увогуле падаецца неверагодным, недасягальным.

Дарэчы, наш тыраж пасля аб'яднання не паменшыўся. Тут мы павінны падзякаваць нашаму заснавальніку за падтрымку. І "Магілёўскія ведамасці", і "Магілёўская праўда" паказалі добрыя вынікі ў "летняй" падпісцы. Мы задаволены.

— Але ваш галоўны праект — гэта ўсё ж такі сайт?

— На яго развіццё робім асноўны націск. Гэта наша будучыня. Трэба ўлічваць сітуацыю: газеты, вядома, застануцца, але ўсе сёння ў інтэрнэце. Нам выпадае нарошчваць там сваю прысутнасць.

— А ці можна на гэтым зарабіць?

— Мяркую, што з цягам часу — так, можна. Мне б не хацелася раскрываць тут усе нюансы. Але грошы павінны быць, хоць і не адразу. Мы ставім перад сабой задачу стаць галоўнай крыніцай навін на Магілёўшчыне. Арыентуемся толькі на рэгіянальныя навіны, і каб інфармацыя на сайце абнаўлялася штогадзіну. Каб навіны з'яўляліся нават у непрацоўны час і выхадныя дні. Пакуль для напаўнення сайта мы выкарыстоўваем навіны з іншых СМІ, супрацоўнічаем з калегамі, у нас працуюць прафесійныя журналісты, якія імкнуцца выдаваць эксклюзіўную інфармацыю. Але я і цяпер задаволена: нас добра цытуюць.

— Ці вялікая розніца паміж тым, што пішуць вашы газеты і на сайце?

— Безумоўна, стыль газет і інфармацыйнага сайта адрозніваецца. Газеты цягнуцца да вялікіх формаў. На сайце ж можна знайсці толькі інфармацыю — дзе, што і калі адбылося ў вобласці. І мы наўмысна адключылі функцыю каментарыяў чытачоў. Наша задача — інфармаваць, а абмеркаваць гэта можна на сайтах нашых газет, у сацыяльных сетках.

Журналістам спачатку было складана прызвычаіцца да новых "правілаў гульні" на сайтах. Перапісвалі, перароблівалі. Але цяпер, пасля некалькі месяцаў, у нас знайшліся людзі, якія па чарзе рэдагуюць інфармацыю для сайта. Гэта маладыя людзі — больш сталыя журналісты аддаюць перавагу газетам.

— Якія змены адбыліся ў газетах?

— Мы настроены захаваць усе тры газеты. Цяпер толькі прыбралі некалькі палос у "Магілёўскай праўдзе", каб не друкаваць вялікую тэлепраграму. Тэлепраграма — гэта раскоша ў плане газетнай паперы, і мне падаецца, што яна страціла ўжо сваю вялікую актуальнасць. Людзі карыстаюцца цяпер тэлетэкстамі на сучасных тэлевізарах, глядзяць анонсы і гэтак далей.

Увогуле, захаваць высокі ўзровень старэйшай газеты ў вобласці "Магілёўская праўда" — гэта для нас прынцыпова. "Магілёўскія ведамасці" былі і застаюцца афіцыйным органам Магілёўскага аблвыканкама.

— Што трэба, каб газета добра прадавалася?

— Гэта проста: каб яна была цікавай.

— Як вы думаеце, людзі будуць у бліжэйшай будучыні чытаць газеты або ўсё ж такі давядзецца ўсім нам рухаць у прастору інтэрнэту?

— Натуральна, што новыя формы трэба рухаць, каб не выглядаць у сучасным свеце "белай варонай", ісці ў нагу з часам. Але не забывацца на газеты. Трэба, каб народ чытаў. Цяпер усе скардзяцца, што маладыя людзі бездухоўныя: нічога не чытаюць, нават і тэлевізар ужо не глядзяць, сядзяць у інтэрнэце...

— Наўрад ці варта вучыцца духоўнасці па перыядычных выданнях.

— Але яны інфармуюць і падштурхоўваюць да развіцця. У артыкулах закранаюцца тэмы, якія прымушаюць задумацца над з'явамі жыцця, над праблемамі людзей.

— Мне падаецца, што ўзяць газету ў рукі — у гэтым ёсць нешта... і вельмі прыемнае.

— Інтэрнэт добры для інфармацыі. Аднак я і сваім дзецям настойліва раю цікавіцца навінамі, глядзець добрае кіно, чытаць. Трэба не прымушаць, але падказваць і зацікаўліваць газетамі: калі ты хочаш быць пісьменным і інтэлігентным чалавекам — трэба чытаць, хаця б газеты.

Паглядзіце на Захад, якія наперадзе нас у інтэрнэт-справах. Мы толькі робім першыя крокі ў гэтым кірунку і вучымся. Але там усё роўна газеты прадаюцца, людзі чытаюць. Мне падаецца, што ў нас быў такі перыяд, калі народ увогуле нічога не выпісваў, нават страшна было. Цяпер, падаецца, справы наладжваюцца. І няхай скардзяцца часам на адміністрацыйны рэсурс, але ўсё ж відавочна адно: газеты дрэннаму не навучаць.

— Пакуль ідзе наша інтэрв'ю, у кабінет галоўнага рэдактара з паперамі заходзяць людзі. Я звярнула ўвагу, што ўсё гэта жанчыны. Ці не азначае гэта, што журналістыка становіцца жаночай справай?

— У нас тут не жаночае царства, ёсць і мужчыны. Але так, шмат прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. І калі прыходзіць моладзь на практыку з універсітэта, то ў асноўным гэта дзяўчаты.

— Чаму ж так?

— Таму што нашай прафесіяй сям'ю цяжка пракарміць. Мужчыны ідуць у тыя сферы, дзе можна добра зарабіць. Трэба нам плаціць больш. Таму цяпер асноўная задача, над якой мы тут працуем, — гэта павелічэнне заробку. Гэта ў планах. Сёння супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва "Магілёўскія ведамасці" зарабляюць, скажам, у сярэднім па галіне. Мне б хацелася, каб у нас журналістам было прэстыжна працаваць. Каб сюды стаяла чарга тых, хто хоча добра працаваць і атрымліваць за гэта дастойны заробак.

Гутарыла Ілона Іванова.

Фота Галіны Гаўрыловіч

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.