Вы тут

Напіцца са студні


Часам думаеш, што змяніў месца жыхарства — і стаў іншым. Забыўся на месца, дзе выспяваў як асоба — і, лічы, частка цябе ў гэтым умомант знікла. Гэта выстава пра тое, што ў кожнага, куды б ні прывяло жыццё, ёсць малая радзіма, куточак, куды імкнуцца думкі і дзе застанецца памяць пра цябе. Нягледзячы на тое, што месца жыхарства ўжо іншае.

У Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы размясціліся мастацкія творы. Размясцілі на правах таго, што месца нараджэння іх — Валожыншчына, куды прыехалі сёлета на практыку студэнты 2-га курса архітэктурнага факультэта БНТУ. Практыка ў іх спецыфічная — адчуць аўру гістарычных мясцін, перадаць яе праз мастацкія вобразы. Можна, вядома, "практыкавацца" ў сталіцы — ёсць куды схадзіць, на што паглядзець, чым натхніцца. Мінск ужо натхніў шмат каго з мастакоў і будзе натхняць далей. Але колькі іх — маленькіх гарадоў, мястэчак, вёсачак, дзе ёсць нейкая свая адметнасць, якую вельмі шкада згубіць і таму трэба ехаць туды і маляваць, маляваць... А потым паказаць жыхарам адметнасць іх жа мясцін — праз выставу. Так вырашыў выкладчык і мастак Алесь Квяткоўскі

і запрасіў сваіх студэнтаў на пленэр на сваю радзіму, у тыя мясціны, якія вядомыя свету праз вядомых асоб, што тут нарадзіліся. Адна з іх — прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс, які адзначыў на пачатку жніўня сваё 90-годдзе. Пра шаноўнага земляка на Валожыншчыне памятаюць (ён, дарэчы, раней прыязджаў у сваю родную вёску, а сёлета радзіму таты наведала яго дачка). Якой яна пабачыла Валожыншчыну? Адказ можна шукаць на вуліцах горада, у вачах-вокнах хатак, што выпускаюць сваіх птушанят у свет, а потым чакаюць. У тым ліку на выставе "Паштоўкі з Вішнева", дзе сабраны 17 твораў студэнтаў і 4 — іх настаўніка. Усе працы графічныя, акрамя адной, якая напісаная на палатне і называецца "Прывітанне з Вішнева. Шымон Перэс": малады чалавек сядзіць на студні і нібыта ўглядаецца ў сваю будучыню.

1375788252346_22ver-622222

— Я хацеў, каб студэнты адчулі гэтае паветра праз той дух, які застаецца тут, — тлумачыць Алесь Квяткоўскі. — Задача студэнтаў — уявіць, як гэта магло быць раней і што засталося цяпер, якая адметнасць пабудоў, якія ствараюць вобраз Валожына ці Вішнева. І ў маладых людзей гэта ідзе ад душы. Мне вельмі хацелася б менавіта абудзіць нейкае пачуццё, таму што ў студэнтаў архітэктурнага аддзялення практыка адзін раз, толькі пасля 2-га курса, амаль месяц. А гэта людзі, якія далей будуць ствараць вобраз нашай краіны праз будынкі. Там, на Валожыншчыне, ёсць сведкі гісторыі: касцёл, царква, старыя могілкі. Ёсць знак на ўездзе ў Вішнева (я яго маляваў), які паставілі не так даўно, каб ушанаваць памяць больш за 2000 спаленых фашыстамі яўрэяў у 1942 годзе. А сёлета мы ўзгадваем, што 100 гадоў таму пачалася Першая сусветная вайна. Усё побач — у суседняй вёсцы Багданава была лінія фронту... У пленэры бралі ўдзел 9 студэнтаў. Мы былі амаль тыдзень у Вішневе і адзін дзень у самім Валожыне. Зразумела, як Валожын, так і Вішнева (асабліва цэнтр) ужо забудоўваюцца па-сучаснаму. Але ёсць усё-такі адметнасці гістарычныя. Мне хацелася б, каб яны іх адчулі.

Гэта не першы пленэр, які ладзіць мастак на радзіме: у маі героем і натхняльнікам была асоба яшчэ аднаго слыннага земляка, мастака Фердынанда Рушчыца. І дагэтуль у Валожыне было дзве выставы Квяткоўскага: першая ў 2007-м, калі паводле карцін паэт Віктар Шніп напісаў 15 вершаў, і другая ў 2011-м, відаць, невыпадкова мела назву "Мёд", бо ўспаміны пра маленства на радзіме як правіла салодкія, якія цяжкія часы ні перажываў бы.

Можа, таму тут нібыта "мёдам намазана", хочацца штосьці добрае зрабіць для сваіх землякоў. Выставу ў Валожыне, напрыклад, падтрымаў "Пріорбанк": яго кіраўнік Сяргей Касцючэнка — таксама зямляк. Зразумелае імкненне тых людзей, якія нечага дасягнулі, аддзячыць радзіме.

Алесь Квяткоўскі марыць стварыць на сваёй малой радзіме карцінную галерэю. Гэта ж цудоўна, калі тыя, хто ўмеюць ствараць, упрыгожваюць кожны свой родны куток. І калі ад кожнага, хто нарадзіўся тут альбо побач, узяць па карціне, плюс яшчэ працы студэнтаў з пленэраў — вось і збор твораў для галерэі атрымаецца, месца культурных сустрэч для мясцовых жыхароў. У любой кропцы краіны жывуць людзі, якія прадаўжаюць існаванне мясцін, напаўняючы яго сэнсам — любыя помнікі, будынкі, адметнасці заўсёды ствараюцца для чалавека. І чалавек гэты можа аднойчы азірнуцца і сказаць: "Як жа тут хораша! І я маю да гэтага дачыненне". Асэнсаваўшы гэтае пачуццё, захочацца зберагчы і дадаць фарбаў. Сваіх, не абавязкова тых, што ёсць у мастакоў на палітры. Бо кожны з нас па-свойму мастак.

Ларыса ЦІМОШЫК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.