Вы тут

Небяскрыўдная "свінка"


Ліхаманка, агульнае дрэннае самаадчуванне, боль у мышцах, галаўны боль, парушэнне сну і апетыту, павелічэнне слінных залоз, сухасць у роце, болі ў вуху, якія ўзмацняюцца падчас жавання і маўлення, могуць указваць на эпідэмічны паратыт, або "свінку". Небяспечнае гэта захворванне архітам (запаленне яечка), радзей — панкрэатытам, менінгітам, глухатой, артрытам і інш. У будучым у мужчын можа развіцца атрафія яечка і бясплоднасць, а ў жанчын — атрафія яечнікаў, бясплоднасць, парушэнне менструальнай функцыі, нагадвае загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка ШЫМАНОВІЧ.

Эпідпаратыт перадаецца пры кашлі, чханні, размове або праз забруджаныя вірусам рэчы — напрыклад, посуд, цацкі. Шпіталізацыя хворых адбываецца, калі дзіцяці менш за 1 год, калі эпідпаратыт — у цяжкай форме, пры наяўнасці ўскладненняў, калі дзіця знаходзіцца ва ўстанове з кругласутачным рэжымам знаходжання, пры наяўнасці ў сям'і дзяцей або цяжарных, якія не атрымалі поўны курс прафілактычных прышчэпак супраць свінкі.

Самы эфектыўны сродак прафілактыкі — вакцынацыя. Выкарыстоўваецца камбінаваная вакцына супраць адру, эпідпаратыту і краснухі. Дзякуючы прышчэпкам удаецца не дапускаць успышак захваральнасці ў дзіцячых калектывах. Вакцынацыя праводзіцца дзецям ва ўзросце 1 год і 6 гадоў. Проціпаказаннямі да ўвядзення вакцыны з'яўляюцца алергічная рэакцыя на папярэднюю прышчэпку, імунадэфіцыт, цяжарнасць. Пры вострым захворванні прышчэпка адкладваецца да выздараўлення.

Калі краснуха — у цяжарнай

Краснуха ў жанчын падчас цяжарнасці часта становіцца прычынай цяжкіх прыроджаных парокаў развіцця дзяцей. Як правіла, парокі ў дзяцей узнікаюць пры захворванні ў першыя тры месяцы цяжарнасці, кажа медсястра 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Ірына ШАЎЦОВА.

Захворванне жанчыны ў першыя 3 месяцы цяжарнасці — паказанне да перарывання цяжарнасці. Прыроджаная краснуха праяўляецца ў немаўляці парокам сэрца, катарактай, глухатой, паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы, парокамі развіцця стрававальнай і мочавыдзяляльнай сістэм. Пры заражэнні краснухай жанчын у больш позні тэрмін цяжарнасці віруснае паражэнне плода пры нараджэнні звязана з малакроўем, хваробамі ўнутраных органаў.

З дапамогай спецыяльных аналізаў можна ўстанавіць, ці ўспрымальны чалавек да краснухі, ці хварэе ён на яе, паколькі ў дарослых інфекцыя працякае нестандартна.

Заявіць пра сябе вірус краснухі можа насмаркам і кашлем, прыпуханнем і хваравітасцю лімфавузлоў на патыліцы і шыі, бледна-ружовым сыпам на твары і целе, часам высокай тэмпературай. Ускладненні пры краснусе рэдкія: артрыты, часцей у дарослых, краснушныя энцэфаліты.

У каляндар прышчэпак уведзена вакцынацыя супраць адру, эпідпаратыту і краснухі ва ўзросце 1 год і 6 гадоў. У Мінску зацверджаны пашыраны каляндар прафілактычных прышчэпак, дзе прадугледжана вакцынацыя супраць краснухі дзяўчынак у 15 гадоў. Гэта дазволіць пазбегнуць небяспекі прыроджанай краснухі.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.