Вы тут

Князь авёс у гразь


Не кожнае сучаснае мястэчка можа пахваліцца сваім князем. А вось у вёсцы Брадзец, што ў Бярэзінскім раёне, такі ёсць!

"Сей авёс у гразь і будзеш як князь" — менавіта так здаўна казалі нашы продкі. На сваім жыццёвым досведзе яны пераканаліся, што гэтая культура добра расце на вільготнай глебе. Механізатар адкрытага акцыянернага таварыства "Брадзец" Сяргей Аўсянскі сеяць і даглядаць авёс вучыўся на асабістым вопыце. Ужо некалькі гадоў запар хлебароб першым у раёне прыступае да гэтай адказнай справы. Сапраўды, каму як не Аўсянскаму сеяць авёс — нават прозвішча да гэтага абавязвае, а вяскоўцы з павагай завуць яго "князем".

"Князя" я застала ў полі за ўборкай яравой пшаніцы. Яго камбайн стракатаў на супрацьлеглым канцы палетка. А пакуль машына набліжаецца, гутару з брыгадзірам.

— Раніцай Сяргей Мікалаевіч заараў суседні ўчастак, дзе толькі ўчора зжаў пшаніцу, а калі высахла раса, зноў сеў за штурвал камбайна. Выдатны работнік, што і казаць. Такое ўражанне, што ён нарадзіўся хлебаробам, — распавяла Таццяна Макарэвіч. — У "Брадцы" ён займае пасаду брыгадзіра ўжо сем гадоў, і ні разу не заўважыла, каб ён пакінуў пасля сябе хоць адзін каласок...

Спыняецца камбайн, і з кабіны выскоквае маладжавы, спрытны мужчына.

— Дабрыдзень, князю, — вітаю Аўсянскага.

У адказ ён смяецца:

— Які ж я князь? Не толькі авёс сею ды жну, але і пшаніцу, і жыта, і кукурузу. Гэта з лёгкай рукі раённых журналістаў мяне ў вёсцы празвалі "князем".

— І не крыўдуеце на землякоў? — дапытваюся ў Сяргея.

— А чаго крыўдаваць? У гэтым няма нічога зневажальнага. Вось калі б гультаём назвалі...

— У такім выпадку ваша жонка — княгіня? — жартую.

— А чаму б і не? — падыгрывае суразмоўца. — Мая Соф'я Міхайлаўна, як сапраўдная княгіня, умела кіруе сваёй вотчынай. — У нас на падворку і куры, і качкі, і трусы, і свінні. Акрамя таго, гектар зямлі маем, сеем бульбу, збажыну, каб пракарміць свойскую жывёлу. Вырошчваем агародніну і для асабістага стала.

1376062198797_8-29

Дапамагаюць маці спраўляцца па гаспадарцы дзве цудоўныя дзяўчынкі. Старэйшая Вікторыя вучыцца на повара, малодшая Яўгенія перайшла ў дзясяты клас.

— Шанцуе нашай радзіне на дзяўчат. У роднага брата тры дачкі, і падсобная гаспадарка вялікая, — кажа Сяргей Мікалаевіч.

Дарэчы, малодшы брат Сяргея, Віталь, у яго памочнікам камбайнера ўжо трэці сезон запар.

— Таксама спраўны работнік, вельмі адказны, — зазначае Таццяна Лявонцьеўна. — Такі дружны тандэм пашукаць трэба. І наогул звязаны браты моцнымі сваяцкімі адносінамі, падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць ва ўсім.

Нарадзіліся яны ў Мінску. Тут прайшло іх дзяцінства, юнацтва. У сталіцы жывуць іх маці і сёстры. Сяргей працаваў на Мінскім велазаводзе. Але ў 90-я гады мінулага стагоддзя вырашыў пераехаць у вёску, дзе пуставаў бабулін дом. "Часы тады былі цяжкія, на прадпрыемстве плацілі маленькую зарплату, ды і то нерэгулярна" — згадвае Сяргей Мікалаевіч. — А зямля заўсёды пракорміць, толькі не лянуйся".

Следам за ім падаўся і малодшы Віталь. Планавалі часова, але, як часцей за ўсё бывае, часовае становіцца пастаянным. Акрамя таго, як ні круці, а прыехалі не на чужыну, а на радзіму сваіх продкаў. Пазней кіраўніцтва калгаса (зараз ААТ "Брадзец") купіла для выдатных работнікаў дамы. Жыццё наладжвалася: работа, дах над галавой, сям'я. Што яшчэ трэба чалавеку?

За Сяргеем Аўсянскім у гаспадарцы замацаваны збожжаўборачны камбайн, трактар, два кормаўборачныя камбайны. Параўнаць майго героя можна са шматстаночнікам: з ворыва пераключаецца на сяўбу, затым — корманарыхтоўка, жніво. Зараз ён жне на камбайне "Палессе".

— Такому вопытнаму сейбіту маглі б даць і больш круты камбайн, імпартны, — не стрымалася я.

— А чым нашы, айчынныя, горш? — парыруе Сяргей Мікалаевіч.

— Кажуць, псуюцца часта, — пярэчу яму.

Але ён не пагаджаецца: "Мой камбайн убірае якасна, збожжа, як бачыце, за ім не сыплецца. А калі сур'ёзна, то ў лядашчых руках найлепшая тэхніка выходзіць са строю".

— А ў Мінск не плануеце вярнуцца? — пацікавілася напрыканцы ў свайго суразмоўцы.

— Дзякуй, не. У свой час падыхаў гарадскім пылам. Таму не прамяняю гэтую прыгажосць ні на якія выгоды цывілізацыі. Так, праца ў вёсцы не з лёгкіх, але на свежым паветры не так стамляешся, як на заводскім канвееры.

Хацелася б дадаць, што ў вялікім мегаполісе Аўсянскі будзе адзін з многіх, а тут ён такі адзіны. І яму павага, гонар ад вяскоўцаў, кіраўніцтва раёна і вобласці за шчырую працу. Як зазначыў Сяргей Мікалаевіч, за дваццаць гадоў хлебаробства сабралася столькі падзяк ды грамат, што можна сцены абклеіць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.