Вы тут

КРОК НАСУСТРАЧ


Сёння Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Мядзельскага раёна наведвае 31 выхаванец. 11 дзетак з цяжкімі шматлікімі псіхафізічнымі парушэннямі развіцця ходзяць у дзённую групу — клас, астатніх прывозяць на заняткі бацькі або педагогі самі наведваюць іх дома. Цэнтр не можа адразу прыняць усіх, каму патрэбна дапамога: мала месца.

У сувязі з тым, што такая ўстанова ў Мядзельскім раёне адна, а дзеці жывуць у розных населеных пунктах, узнікае праблема з іх дастаўкай. Асабліва гэта датычыцца інвалідаў-калясачнікаў. А такіх сярод выхаванцаў трое: два хлопчыкі і дзяўчынка. У звычайным школьным аўтобусе ім не вельмі зручна, паколькі ён не прыстасаваны для такой катэгорыі пасажыраў. Для іх патрэбны транспарт са спецыяльным пад'ёмнікам. А каштуе такая тэхніка звыш 200 млн рублёў. Здавалася б, не такія вялікія грошы. Але дзе іх узяць установе, якая фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту?

— Спрабавалі мы шукаць спецыяльнае прыстасаванне асобна. Але падлічылі, што яго набыццё і ўстаноўка будуць каштаваць значна больш, чым новы транспарт, — распавяла выконваючая абавязкі дырэктара Цэнтра Вольга Іванова. — І тады мы звярнуліся ў райвыканкам, аддзел адукацыі з прапановай правесці дабрачынны марафон "Крок насустрач" па зборы сродкаў на набыццё спецыяльнага аўтобуса. Нас падтрымалі, а райвыканкам зацвердзіў адпаведнае распараджэнне.

1376062220411_1

Адкрыццё акцыі прымеркавалі да 1 чэрвеня — Дня абароны дзяцей. У Мядзеле зладзілі вялікае свята з атракцыёнамі, гульнявымі пляцоўкамі, канцэртам. На свята прыйшлі жыхары горада і раёна са сваімі дзеткамі, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў. Старт атрымаўся ўдалым, на рахунку з'явіліся першыя сродкі. Затым супрацоўнікі Цэнтра знялі відэаролік пра работу сацыяльных педагогаў, жыццё сваіх выхаванцаў, які суправаджаўся маналогамі іх бацькоў. Фільм паказалі на пасяджэнні раённага актыву, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, санаторыях. Міні-споведзь не пакінула абыякавымі ні персанал здраўніц, ні адпачывальнікаў. У выніку рахунак крыху папоўніўся. Але ўсё роўна сабраць патрэбную суму не ўдалося. Сёння на рахунку крыху больш за
130 млн рублёў. Адклікнуліся ўсе ахвотныя. Іх магчымасці амаль вычарпаны, а на жыццёва неабходную пакупку яшчэ не хапае сродкаў.

— Будзе ў нас спецыяльны транспарт — з'явяцца і дадатковыя магчымасці, У прыватнасці, вазіць дзяцей на экскурсіі, дзіцячыя мерапрыемствы, што ладзяцца ў раёне, вобласці, а для інвалідаў-калясачнікаў наведваць заняткі, гурткі ў Цэнтры, — падкрэслівае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Кундро. — А значыць, нашы дзеткі будуць лепш адаптавацца ў грамадстве, адчуваць сябе паўнавартаснымі грамадзянамі.

1376062223627_2

Сярод выхаванцаў шмат сапраўдных талентаў. Яны ўдзельнічаюць у фестывалі, што ладзіцца штогод у Цэнтры, у раённых дзіцячых навагодніх і калядных святах, да якіх спецыяльна рыхтуюць тэматычную выставу, у рэспубліканскім фестывалі "Вясёлкавы карагод". Сёлета па выніках абласнога этапу Аляксандра Савасцьян узнагароджана дыпломам у намінацыі "За добрае выканаўчае майстэрства", адзначаны таксама яе работы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

— Многія лічаць, што "пакрыўджаныя" прыродай дзеці больш таленавітыя за сваіх здаровых равеснікаў. Маўляў, прырода абдзяляе іх фізічна, але ўзамен дае здольнасці да творчасці. Вы заўважаеце гэта на сваіх падапечных? — пацікавілася ў Вольгі Эдуардаўны.

— Што тычыцца нашых выхаванцаў, то трэба ўлічваць ступень іх фізічнага і разумовага развіцця. Наша мэта — знайсці падыход да кожнага, падабраць від дзейнасці, каб даць магчымасць дзіцяці праявіць свае здольнасці, — адказвае мая суразмоўца. — Хтосьці хоча маляваць, але з-за фізічнага недахопу яму цяжка трымаць пэндзаль. Нехта імкнецца выразаць з паперы фігуркі, але не можа ўтрымліваць нажніцы. Педагогі робяць усё для таго, каб такія дзеці адчувалі сябе запатрабаванымі. Вучаць іх падаваць паперу сябрам, а рэшткі, што застаюцца пасля работы, камячыць і выкідваць у сметніцу. Словам, уключаюць усіх у агульны працэс.

Варта дадаць, што дзеці наведваюць цэнтр да 18 гадоў. Ім выдаецца пасведчанне спецыяльнага ўзору аб заканчэнні ўстановы. Але і пасля выпуску яны не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. Іх бяруць пад апеку супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За год да выпуску сацыяльныя педагогі прыходзяць у карэкцыйны цэнтр, знаёмяцца з будучымі падапечнымі, вывучаюць іх схільнасці і звычкі. На жаль, гэтых дзяцей нельга працаўладкоўваць па медыцынскіх паказчыках, але яны працягваюць займацца карыснай справай: маляваць, спяваць, танцаваць, выразаць з дрэва і паперы. І кожны з нас можа зрабіць крок ім насустрач, унесці пасільны ўклад, каб палепшыць іх жыццё.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.
Мядзельскі раён

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.