Вы тут

Мінскае падполле. "Нягучная гісторыя"...


У архітэктурны ансамбль сучаснай плошчы Парыжскай Камуны і вуліцы М. Багдановіча ў сталіцы Беларусі арганічна ўваходзіць будынак Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча — тварэнне вядомага беларускага дойліда Георгія Заборскага. Аднак нямногія памятаюць, што ў гэтых старадаўніх сценах у гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі мінскія падпольшчыкі...

Архітэктар Георгій Заборскі ўспамінаў: "...На месцы цяперашняга сувораўскага вучылішча стаяла (яна згарэла падчас Вялікай Айчыннай вайны) чатырохпавярховая каробка. Калісьці гэта быў двухпавярховы будынак, які выкарыстоўваўся як жылы дом (незадоўга да вайны надбудавалі яшчэ два паверхі). Па рашэнні ўрада, згарэлая каробка падлягала аднаўленню і рэканструкцыі пад будынак Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча"...

Сапраўды, падчас адступлення ў ліпені 1944 года акупанты палілі і знішчалі ўсё, што маглі. Паводле звестак савецкай разведкі, у вайну ў будынку размяшчаліся склады падраздзяленняў паліцыі бяспекі, гаспадарчай часці СС і некалькі кватэр чыноў акупацыйнай адміністрацыі. У падвале, які захаваўся і да нашых дзён, былі прадуктовыя і рэчавыя склады. У двары размяшчаўся барак-склад трафейных артылерыйскіх боепрыпасаў. І што гэта стала вядома савецкай разведцы, самае непасрэднае дачыненне меў юны мінскі падпольшчык Анатоль Кроўз.

На шлях барацьбы з нацыстамі Анатоль Кроўз ступіў свядома. І было яму тады ўсяго толькі 13 гадоў. Анатоль Міхайлавіч памятае, як шыбеніцы стаялі тады ў Цэнтральным скверы каля Дома афіцэраў, у раёнах Камароўскага, Чэрвенскага і Суражскага рынкаў.

Як у адзіную шыбеніцу-гірлянду былі пераўтвораны пасля разгрому першага саставу Мінскага падпольнага гаркама балконыгасцініцы "Беларусь". А што такое катаванні ў турме СД, якая размяшчалася акурат насупраць будынка Дома ўрада, ён зведаў на сабе. І гэта ніколі не забудзецца...

А пачалося ўсё ў снежні 1942 года, калі Анатоль разам са сваёй цёткай М.А. Кроўз (якая замяніла яму ў 1935 годзе маці) і суседкай па кватэры А.П. Цырульнік стаў членам адной з падпольных груп, якія дзейнічалі ў акупаваным нацыстамі Мінску. Жылі яны тады ў доме № 3 па Усходнім завулку.

Першапачаткова ён займаўся распаўсюджваннем лістовак, якія атрымліваў ад партызан ва ўмоўленым месцы паблізу Тэатра оперы і балета праз абсталяваны там тайнік. Усім асновам канспірацыі і выжывання юнаму падпольшчыку прыходзілася вучыцца літаральна на хаду. Наперадзе Анатоля чакалі іншыя, больш рызыкоўныя і небяспечныя баявыя справы...

У сакавіку 1943 года маёр-пагранічнік Сцяпан Казанцаў быў дэсантаваны на чале спецгрупы "Артур" непадалёк ад Мінска.

Гісторыя будынка Мінскага СВВ непасрэдна звязана з разведвальна-дыверсійнай дзейнасцю гэтай спецгрупы, якой удалося ўсталяваць цесныя сувязі з мясцовымі падпольшчыкамі.

Да чэрвеня 1943 года пастаянныя заданні і асобныя даручэнні спецгрупы С.І. Казанцава выконвалі мінскія падпольшчыкі З.З. Гало, А.І. Адамовіч, О.О. Маслоўскі, В.І. Шышкін, А.М. Кроўз — усяго каля дваццаці чалавек. У далейшым колькасць патрыётаў павялічылася больш чым у чатыры разы. Гэтыя людзі здабывалі інфармацыю палітычнага, эканамічнага і ваеннага характару, атрымлівалі звесткі, якія датычыліся падрыўной дзейнасці мясцовых калабарацыяністаў, выконвалі і іншыя заданні Цэнтра.

Анатоль Кроўз, працуючы прыбіральшчыкам памяшканняў, змог, згодна з заданнем Казанцава, пранесці 6 магнітных мін для ажыццяўлення дыверсіі ў драўляным бараку, дзе быў склад трафейных боепрыпасаў. На жаль, з прычыны маладушнасці аднаго з членаў падпольнай групы акцыя сарвалася, і Анатоль, як і ўся яго сям'я, быў схоплены СД. Выратавала толькі тое, што мін пры ім не аказалася...

Юнаму Анатолю Кроўзу па "поўнай праграме" давялося "азнаёміцца" з метадамі крывавых допытаў "мяснікоў" са смаленскай СД і асабіста яе шэфа Алферчыка. Праз гады ён успамінаў: "...Мяне арыштавалі ўвечары 30 лістапада 1943 года, калі я прыйшоў дадому з працы. Акрамя гестапаўцаў, там знаходзіўся і нехта Багданоўскі, які жыў з намі ў адной камунальнай кватэры. Білі мяне доўга і метадычна, а потым напаўжывога кінулі ў агульную камеру смаленскай СД, якая знаходзілася ў доме 17 па вуліцы Астроўскага. Там я і сустрэўся са сваёй цёткай, А.П. Цырульнік, Велікжаніным і Любай (таксама сувязной)...

Велікжанін быў моцна збіты. Ён падпоўз да мяне і сказаў, што яго схапілі яшчэ 28 лістапада. Катаванняў ён не вытрымаў і выдаў усіх нас (каго ведаў) гестапаўцам. Велікжанін таксама расказаў ім, дзе схавана ўзрыўчатка, якую ён мне перадаваў (я неяк яму казаў, дзе яна спачатку была мной схавана, але потым я яе ўсё ж перахаваў). Немцам, у выніку, удалося "раскруціць" амаль увесь "ланцужок". Нямала было ў нас прамашак. У выніку чаго пацярпелі 64 чалавекі.

На наступным допыце, пасля таго, як я зноў не прызнаўся гестапаўцам, дзе схаваў міны, яны выбілі мне рукаяткай пісталета ўсе пярэднія зубы. Пасля чаго былі турма СД (камера 88), затым канцлагер на вуліцы Шырокай. Жывот у мяне быў перапяразаны маёй цёткай рознымі анучамі, каб пасля ўсіх катаванняў скрозь адкрытую рану, нанесеную падчас допыту штыком, не вываліліся мае вантробы. Як я выжыў — сам не разумею...

Дзён праз 15 нас загналі ў вагоны і амаль два тыдні везлі на захад. Так мы апынуліся ў канцлагеры ў Францыі. Шмат маіх таварышаў памерла па дарозе ад голаду. З вагонаў нас выцягвалі, як дровы. Велікжаніна ў тым пекле не было. Затое там я сустрэў Уладзіміра Трушко, які праводзіў са мной інструктаж па зарадцы і ўстаноўцы магнітных мін (яго Велікжанін таксама выдаў)...

У лагеры ўсіх нас выкарыстоўвалі на прымусовых працах. Умовы былі нечалавечыя, а жаданне адно — выжыць і вярнуцца дадому. У ноч на 8 верасня 1944 года з дапамогай ахоўнікаў з ліку бельгійцаў нам (усяго 26 чалавек) удалося ўцячы. Потым хаваліся ў штольнях цэментнага завода. Праз два дні нас вызвалілі войскі саюзнікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі"...

Амаль праз сорак гадоў у "Асабістым лістку па ўліку партызанскіх кадраў" ад 18.12.1982 года за подпісам былога камандзіра партызанскай брыгады "Жалязняк" генерал-маёра ў адстаўцы І.Ф. Ціткова было напісана: "...Кроўз Анатоль Міхайлавіч, сувязны падпольнай групы, з 10 снежня 1942 года па 30 лістапада 1943 года — член брыгады "Жалязняк". Уваходзіў у склад разведвальнай групы маёра Казанцава Сцяпана Іванавіча і Трушко Уладзіміра Паўлавіча. Група вяла разведвальна-дыверсійную працу па
г. Мінску. Сам Кроўз А.М. асабіста ўдзельнічаў у дастаўцы ўзрыўчаткі пры мініраванні нямецкага склада. У сувязі з правалам падполля быў рэпрэсаваны і адпраўлены ў фашысцкую Германію.

...Сам Кроўз А.М. быў цямлівым хлопцам. Падлеткам прымаў актыўны ўдзел разам з дарослымі ў партызанскіх дзеяннях. На допытах паводзіў сябе добра, што дало яму магчымасць пазбегнуць пакарання смерцю. Некалькі гадоў знаходзіўся ў нямецкім канцлагеры ў Францыі. У спісах брыгады "Жалязняк" значыўся загінулым".

І гэтая акалічнасць доўгія гады адыгрывала негатыўную ролю ў пасляваенным лёсе Анатоля Кроўза. Мёртваму ж нічога не трэба. А сведкі і відавочцы падпольнай барацьбы рассеяліся па бязмежных прасторах СССР, а то і зусім загінулі ў тыя страшныя гады. Анатоль прайшоў пасляваенную фільтрацыю як малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў. А жыццё працягвалася...

І толькі ў 2004 годзе рашэннем Камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Анатоль Міхайлавіч Кроўз быў прызнаны ўдзельнікам партызанскага руху. Доўгія пасляваенныя гады ён працаваў на Мінскім заводзе вылічальнай тэхнікі, займаючы пасаду старшага інжынера, жыў сціпла і годна. Стаў заслужаным працаўніком прамысловасці БССР, быў удастоены ўрадавых узнагарод Рэспублікі В'етнам, Балгарскай Народнай Рэспублікі, Ганаровай граматы Вярхоўнага Савета БССР. Справядлівасць у выніку перамагла. Вянцом яе стала ўручэнне Анатолю Міхайлавічу пасведчання партызана. Так была напісана яшчэ адна старонка гісторыі часоў акупацыі Мінска. А колькі іх яшчэ невядомых чалавечых лёсаў — сапраўдных старонак нашай памяці, якія неабходна напісаць і захаваць для нашчадкаў...

Мікалай СМІРНОЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.