Вы тут

Міністр архітэктуры і будаўніцтва: "Раіцца з людзьмі!"


Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва пераглядае будаўнічую палітыку, якая не зведвала істотных змен з 1990 года. Да канца жніўня будзе зацверджаны прынцыпова новы законапраект, які замацуе іншыя падыходы ў плане цэнаўтварэння, мадэрнізацыі і кантролю за якасцю. "У першую чаргу спросцяць арганізацыйную сістэму, наладзіўшы прамую сувязь паміж інвестарам і генеральным дырэктарам", — паведамляе міністр.

Тым часам разглядаецца пытанне існавання прамысловых прадпрыемстваў у гарадах. Ужо абмяркоўваецца перанос заводаў з цэнтраў і спальных раёнаў на перыферыю. Калі акцэнтаваць увагу на Мінску, то справа датычыцца ў першую чаргу завода імя Кірава

і забудовы ў раёне Якуба Коласа.

Міністр зазначыў, што грамадская думка будзе ўлічвацца: "Пры фарміраванні планаў будаўніцтва неабходна раіцца з людзьмі". Апошнім часам Мінскі гарвыканкам выявіў факты, калі грамадскае абмеркаванне мела чыста фармальны характар або не праводзілася ўвогуле. Паводле слоў Анатоля Нічкасава, такога быць не павінна, паколькі будаўнічая палітыка краіны арыентавана на кожнага беларуса. Таму ў бліжэйшым будучым — разгляд нарматыўнага дакумента пра грамадскае абмеркаванне. Ён мае патрэбу ў значных папраўках.

Анатоль Нічкасаў адказаў на пытанні пра цэнаўтварэнне. Варта нагадаць, што цана будаўнічых матэрыялаў залежыць ад дынамікі цэн у сумежных галінах. Так, дарожныя расходы павялічваюць кошт ад трох да пяці з паловай разоў: дабыўшы сыравіну, яе неабходна прывезці, а пасля гатовы будаўнічы матэрыял трэба зноў перавозіць. У цэнаўтварэнні далёка не апошнюю ролю выконваюць затраты на заробкі. Сёлета яны склалі 26% ад канчатковай сумы.

"Указ №361 даў магчымасць прарыву ў разліку цэн. Калі раней сістэма індэксацыі ўскладняла разлікі, то цяпер дзейнічае рэсурсны метад цэнаўтварэння", — канстатуе міністр. Што гэта значыць для нас? Раскруткі цэн на адзін квадратны метр не будзе, істотна знізіцца кошт будаўнічай прадукцыі. Маніторынг росту заробкаў і кошту будаўніцтва паказвае фактычную адсутнасць раскруткі цэн. Кошт аднаго квадратнага метра застаецца роўным сярэдняму месячнаму заробку беларуса.

Айчынныя карпарацыі будаўнічых матэрыялаў хутка аб'яднаюцца ў цэментны холдынг. Акрамя чатырох цэментных заводаў, далучацца і прадпрыемствы па вытворчасці жалезабетонных канструкцый. Гэта магчыма дзякуючы рабоце "Белгіпса", які па-ранейшаму паспяхова выконвае праграму цэментнай прамысловасці. З 10,5 мільёна тон прадукцыі амаль палова застаецца ўБеларусі, астатняе ж ідзе на экспарт. Такім чынам, цалкам задаволеныя патрэбы дазваляюць канстатаваць пераадоленне колішняга дэфіцыту ў цэменце. Таму сёння з'яўляецца новая мэта — знайсці рынкі збыту за мяжой. Сёлета міністэрства запланавала збыць больш за паўтара мільёна тон беларускага цэменту ў Расіі, прычым палова ўжо рэалізавана.

Найбольшы прыярытэт аддаецца будаўніцтву содавага завода на Гомельшчыне. Праект распрацоўваецца сумесна з кітайскімі, расійскімі і ўкраінскімі партнёрамі. Беларусь адказвае за фінансаванне інфраструктуры для прадпрыемства. Перамовы наконт праекта на стадыі завяршэння. Зараз удакладняюцца асобныя тэхналогіі. Завод абяцае быць цалкам бяспечным для навакольнага асяродзя. Адходы пойдуць на перапрацоўку, будуць усталяваныя дадатковыя фільтры. Таксама ў планах жорсткія экалагічныя экспертызы.

Павялічваецца знешні прамысловы інтарэс: у Венесуэле завершана работа над чацвёртым беларускім заводам. Цяпер айчынныя дарогі пракладваюць на іншым кантыненце.

Маргарыта СІДАР.

Загаловак у газеце: Анатоль Нічкасаў, міністр архітэктуры і будаўніцтва: "Раіцца з людзьмі!"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.