Вы тут

Дзяўчына, чамадан, самалёт... альбо Шчаслівы мільён


З Беларусі адпраўлена мільённая паштоўка праз посткросінг, сучасную сістэму абмену паштоўкамі па ўсім свеце.

Гэта адбылося ўначы 25 жніўня, і посткросерскія суполкі ў сацыяльных сетках актыўна сачылі за працэсам. Самыя заўзятыя аматары спаборнічалі, каб скарыстацца шанцам адправіць мільённую паштоўку з Беларусі. Шчаслівы шанц атрымала Вольга Мурашка, 28-гадовая мінчанка, выкладчыца англійскай мовы на факультэце міжнародных адносінаў у БДУ. Вольга расказала, што даведалася аб посткросінгу ад сябровак, сама пачала займацца ім больш за два гады таму і атрымлівае ад гэтага вялікае задавальненне.

— Я з мільённай паштоўкай нібыта Оскар выйграла, бо атрымала столькі віншаванняў, — смяецца Вольга. — Дзякуй усім вялікі! Гэта вельмі прыемна. Нібыта простая падзея, а столькі радасці. Заўважце, нічога матэрыяльнага — проста эмоцыі і стасункі з цікавымі людзьмі. За гэта я і люблю посткросінг!

Што такое посткросінг, ведаюць ужо вельмі многія ў Беларусі. Калі коратка, гэта міжнародны абмен паштоўкамі, які атрымаў папулярнасць у многіх краінах. У посткросінгу гарманічна спалучаюцца пошта і інтэрнэт: удзельнік дасылае паштоўкі па выпадковых адрасах, якія выдае сайт, і атрымлівае паштоўкі ад іншых карыстальнікаў з усяго свету.

 

У посткросінгу бяруць удзел больш за 17 тысяч беларусаў. Увогуле па ўсім свеце — больш за 400 тысяч удзельнікаў з дзвюх соцень краін. Найбольш актыўныя — Германія, ЗША, Нідэрланды, Фінляндыя, Расія

. І замыкае шасцёрку лідараў па колькасці адпраўленых паштовак Беларусь.

Мільённая паштоўка з Беларусі накіруецца ў Літву, на Балтыйскае ўзбярэжжа. Дзяўчына, якая жыве ў Клайпедзе, любіць паштоўкі з чорна-белымі выявамі. Вольга Мурашка расказала, што яна падабрала для яе работу беларускага фотамастака: дзяўчына, чамадан, самалёт. Што ж, і посткросеры лічаць, што яны, няхай і завочна, могуць вандраваць па свеце і знаёміцца з людзьмі дзякуючы свайму хобі.

— Я ўжо атрымала і даслала звыш 800 паштовак, — расказала Вольга. — Мне больш падабаецца менавіта дасылаць, каб дагадзіць чалавеку, зрабіць яму прыемнае. А сама найбольш люблю паштоўкі "з гісторыяй", якія пра нешта гавораць, прымушаюць задумацца альбо проста ўсміхнуцца!

З нагоды адпраўкі мільённай беларускай паштоўкі ў сістэме посткросінгу нават з'явіўся новы акаўнт "BY-1000000". І цяпер у пасткросерскіх суполках чакаюць новых "круглых" і проста цікавых нумароў. Напрыклад, 1111111 альбо 1234567.

Прадпрыемства "Белпошта" выпускае паштоўкі для посткросераў і прыгожыя маркі. У серыі з відамі, славутасцямі, флорай і фаўнай Беларусі ёсць, дарэчы, прыгожыя работы фотамайстра "Звязды" Анатоля Клешчука. А ў планах "Белпошты" на пачатак 2014 года — выпуск маркі "Шчаслівага посткросінгу!"

Ілона Іванова

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.