Вы тут

Здрада


Кузьміч прачынаўся рана — каб і не хацеў. Кот, што зазвычай спаў у нагах, цяжкім поступам (восем кіль вагі як-ніяк!) пераходзіў да ягонага твару, кратаў лапай за вуха, што азначала: дабром прашу — уставай, пайшлі на кухню.

Быў час, гаспадар спрабаваў не слухаць яго: сварыўся, праганяў, хаваўся пад коўдру. Кот тады абурана таптаўся па галаве — перакрываў дыханне. А калі зганялі, адыходзіў на бяспечную адлегласць і ўздымаў ну гэтакі вэрхал… На ўвесь трохпавярховік курняўкаў: «расказваў», які гаспадар лайдак, а ён — бядак і гаротнік.

У сцены пачыналі грукаць суседзі…

Таму за лепшае было падняцца адразу, следам за катом (ён, тычкай наставіўшы хвост паказваў дарогу) пайсці да халадзільніка, дастаць адтуль загадзя падрыхтаваную пайку, падсунуць пад чорную нахабную пысу і цяжанька ўздыхнуць: успомніць, як некалі і перад ім нябожчыца-жонка ставіла поўныя талеркі, а ён, здаралася, яшчэ і носам круціў: маўляў, вось гэта я з'ем, а гэта — не буду, бо не люблю…

Цяпер хоць-нехаць ён еў усё, што было… Калі было.

«Цярпець ненавідзеў» хадзіць па крамах. Найперш таму, што кожны раз там сустракаўся нехта, хай шапачна, але ж знаёмы, і як быццам зацікаўлена пачынаў распытваць пра ягонае жыццё-быццё, узгадваць нябожчыцу ды захоплена казаць: «Святая была жанчына!»

Кузьміч гэта ведаў. Ведаў, як ніхто! Таму, каб схаваць свае слёзы, лез у кішэню па кашалёк, дрыжачай рукой выцягваў адтуль грошы… Не, не на прадукты. Іх, прынамсі, сабе (бо кот — гэта святое!) ён мог і не купіць, а вось гарэлку браў амаль заўсёды: хацеў яшчэ раз з некім памянуць сваю Лёлю, разлічваў нешта новае пра яе пачуць. І нават расказаць, магчыма.

Дзівак: пасля першай жа чаркі высвятлялася, што пра яе гаварыць ніхто не збіраецца. Нецікава — нават роднаму сыну: усе размовы пра маці той абрываў кароткім: «До… Не рві мне душу!»

Значыць…

Значыць, заставаўся… кот, які дзень пры дні… слухаў і, як здавалася, разумеў яго, шчыра спачуваў і шкадаваў. Ды яшчэ мо Надзя.

Некалі з нябожчыцай-жонкай яны разам вучыліся ў тэхнікуме, жылі ў інтэрнаце. Потым, па размеркаванні, удзвюх прыехалі ў гэты гарадок, павыходзілі замуж за «сваіх старых» і адна ў адной пахрысцілі дзяцей… Жылі, як сёстры, лічы. І цяпер, калі адной не стала, другая, кінуўшы ўсё сваё (працу, дом, гарод, гаспадарку), часам заходзіла да ўдаўца — хоць збольшага апратвала кватэру (у самога на гэта ні навыкаў, ні звычкі, ні жадання…), нешта мыла-прасавала-вешала, варыла вялікую каструлю баршчу (бо нельга ж з яго жыватом дзень пры дні аб сухім!), насмажвала Лёліных (адзін да аднаго!) катлет…

Ён аджываў тады — хоць на нейкі час… Яшчэ і таму, што з Надзяй можна было, «як тады» (калі жонка была жывая), пасядзець за сталом, пагаманіць, узгадаць мінулае жыццё. Гэта значыць, высвеціць, аднавіць у памяці нейкія эпізоды з яго і тым самым як бы яшчэ раз перажыць…

У той дзень кума пазваніла яму сама і з саменькай раніцы — нагадала, што сёння, каб не гарэлка, было б 60 яе Васілю…

Кузьміч зразумеў ад слова: трэба з'ездзіць на могілкі. Ён гэта — лёгка, ён — з дарагой душою, дапаможа — і прыбрацца, і паправіць лавачку, нават пафарбуе яе (падрыхтавана ўсё).

А галоўнае — там рукою падаць — сходзіць да жонкі…

Сустрэліся, як заўжды, на прыпынку — паехалі. Па завядзёнцы, абышлі магілы ўсіх сваіх: адведалі, як той казаў, ля кожнай крыху пастаялі. А вось зрабілі потым не ўсё, бо немаведама адкуль узяўся дождж. І, здавалася б, рэдзенькі, дробны, а намачыў — і зямлю, і тую лавачку (ужо не пафарбуеш), намачыў, як ні хаваліся, абутак і адзежу. Таму, каб не падхапіць прастуды якой (сцеражонага ж Бог сцеражэ… Ды і хварэць ім няма за кім), спехам вярнуліся назад: Надзя, як заўжды, купіла прадукты — збіралася штось гатаваць…

Але найперш жа ён, гаспадар, мусіў расчыніць дзверцы шафы, дастаць адтуль жончын цёплы халат, падаць Надзі.

У сухое, хатняе адзеўся і сам, адкаркаваў бутэльку. Выпілі — пакрысе, па маленькай — памянулі сваіх нябожчыкаў і заадно, здаецца, сагрэліся. Можна было рабіць нешта далей.

На пліце варыўся булён, Кузьміч прыладжваў мясарубку, каб накруціць фаршу (а дзе мяса, там кот), Надзя села абіраць бульбу.

Яны размаўлялі пра штось — як заўсёды, гучна, бо гаспадар даўно глухаваты… Мусіць, таму і не пачулі, як адчыніліся ўваходныя дзверы, як у кухню зайшла дачка.

Кузьміч (амаль год не бачыў яе) ну вядома ж, быў рады! Ён проста павінен быў падацца насустрач, абняць…

Але госця з'явілася так нечакана — ён веры не даў…

А вось тую, як быццам, нішто і не здзівіла, бо не разгубілася — у наступ пайшла адразу. На ўсю хату закрычала:

—Па якім праве?!. Гэта мамін халат, маміны тапачкі! Ты не можаш іх надзяваць!

—Мы з могілак толькі што… Змоклі… Там дождж, — спрабаваў быў тлумачыць бацька, але дачка не чула. Яна крычала, што гэта — здрада чысцейшай вады, што яны — абое— нягоднікі і мярзотнікі, што яны ніколі не любілі маму, што яны апаганілі памяць…

—Што ты вярзеш, дзіцятка? — нясмела баранілася кума. — Пабойся Бога…

—А ты, ты не баішся? — пыталася ў хроснай дачка. — Ты ўжо пасялілася тут? Хочаш потым кватэру забраць?!

—Сціхні, дурное! — абарваў Кузьміч. І тым самым толькі паддаў жару:

—Добра, што сяброўка твая разумная! — пракрычала госця. — Усё жыццё лісою, змяёй каля нас круцілася… Мала мы ёй памагалі, мала шкадавалі? Во як аддзячыла!

—Я думала, ты разумнейшая, — ціха сказала Надзя і, пакінуўшы на крэсле фартух, хацела выйсці з кухні.

—Не, гэта я пайду! — заступіла дарогу прыезджая. — Я тут не патрэбна… Кінула ўсё, паехала… Да татачкі… За блізкі свет… Хацела праведаць беднага… А яму дык гэта і не трэба, ён у шакаладзе, уладкаваўся ўжо… Ну дык жыві!

Гучна (аж тынкоўка са столі…) бразнулі ўваходныя дзверы: дачка выскачыла з хаты. Бацька даганяць не пабег — не з ягоным характарам і не з ягоным спрытам…

Следам, апрануўшыся ў мокрае, выйшла Надзея.

Стары застаўся адзін. Ён моўчкі стаяў ля стала, глядзеў на дзверы і думаў. Думаў, што калі і была тут нейкая здрада, то здраджваў не ён… Здрадзілі яму. Спачатку — жонка, бо казалі ж ёй, што хворае сэрца, што трэба лячыцца ці хоць бы берагчыся… Дык жа не — і вухам не вяла: усюды хацела дапяць, усё парабіць… І што? Спалохацца не паспела — згарэла, за суткі…

Наступным быў сын.

Не, пакуль маці была жывая, ён сюды прыязджаў. Калі не стала — толькі заязджаў: па дарозе некуды, раз ці два на месяц, на паўгадзінкі, адзін. Не іначай — паглядзець, жывы тут бацька ці не, бо сваю жонку ды дзяцей прывозіць саромеўся. Ну як жа: у кватэры не было ранейшай чысціні і ўтульнасці, не пахла прысмакамі…

Дачка, праўда, званіла раней. І часта… Але цяпер, відаць, не будзе.

І Надзю пакрыўдзілі — без дай прычыны… Ці даруе?

«Значыць, адзін я?» — уголас спытаўся дзед. І сам жа сабе адказаў: «Адзін».

Хацеў з гора выпіць. Нахіліўся пад стол, каб дастаць адтуль пляшку, і згледзеў ката. Той — ну ці ж не злодзей?! — па-гаспадарску няспешна шчыраваў над ладным кавалкам мяса.

Кузьміч памкнуўся шугануць яго, нават нечым агрэць за правіну, але ў апошняе імгненне спыніўся. Падумаў, што калі не зможа раптам устаць — толькі кот падыме на ногі дом. І тым самым мо дапаможа?

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.