Вы тут

Факты, падзеі, навіны


Грошы сістэмы Белкарт запрацуюць і ў глабальнай сетцы

Беларусбанк стаў першым банкам краіны, які дае магчымасць інтэрнэт-крамам прымаць ад трымальнікаў картак Беларусбанка аплату за тавары і паслугі ў інтэрнэце з выкарыстаннем плацежных картак сістэмы Белкарт.

Ужо ў верасні сёлета ў інтэрнэт-крамах, якія супрацоўнічаюць з банкам, з'явіцца магчымасць прымаць да аплаты карткі Беларусбанка сістэмы Белкарт.

Сяргей КУРКАЧ.

Рэйсы прыпыняюцца, рэйсы адкрываюцца

З 1 верасня па 15 кастрычніка па суботах у сувязі з правядзеннем работ па рэканструкцыі пагранічнага пераходу «Прывалкі» прыпыняецца рух аўтобусаў па міжнародным маршруце Мінск — Друскінінкай на рэйсы, што адпраўляліся з Мінска ад аўтавакзала «Цэнтральны» ў 00.20, з Друскінінкая — у 17.00.

З 11 верасня адкрываецца рух аўтобусаў дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» (філіяла «Аўтобусны парк № 2») па маршруце Мінск — Масква. Рэйс будзе адпраўляцца з Мінска ад АВ «Цэнтральны» ў 20.30 па серадах і чацвяргах, ад АВ «Маскоўскі» ў 21.00 (з Масквы ад АВ «Шчолкаўскі» ў 20.30 па чацвяргах і пятніцах). Рэйсы будуць выконваць аўтобусы маркі «МАЗ-152» (умяшчальнасць — 45 пасажырскіх месцаў).

Сяргей РАСОЛЬКА.

Прарыў нафтаправода

Позна вечарам 31 жніўня каля вёскі Скібічы Драгічынскага раёна адбыўся прарыў магістральнага нафтаправода «Мазыр—Брэст» і разлілася нафта. Было ўстаноўлена, што невядомыя ажыццявілі несанкцыянаваную ўрэзку трубаправода, які залягае на глыбіні. У выніку нафта разлілася на плошчы больш за гектар.

Упраўленнем Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці заведзена крымінальная справа. Асобы, якія маюць дачыненне да пашкоджання нафтаправода прадпрыемства «Гомельтранснафта «Дружба», устанаўліваюцца.

Прарыў ліквідавалі сумесна работнікі МНС і нафтаправода «Дружба». Перапампоўванне нафты адноўлена. Паводле папярэдніх даных, вылілася каля пяці кубічных метраў нафты. Удакладняецца памер матэрыяльнага ўрону, ацэньваюцца экалагічныя страты.

Падобны прарыў у канцы 2010 года побач з трасай Брэст—Камянец прывёў да ўзгарання нафты. Ліквідаваць пажар тады стала магчымым толькі пасля таго, як частка нафты выгарала. Добра, што цяпер удалося папярэдзіць узгаранне.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Дагары коламі ў сіласнай яме

Трактарыст КСУП «Навасёлкі», што ў Петрыкаўскім раёне, перакуліўся разам з трактарам «К-700» у сіласную яму, дзе апошні апынуўся дагары коламі. У прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС расказалі, што інцыдэнт адбыўся на тэрыторыі малочнатаварнай фермы ў ноч з суботы на нядзелю. Пасля таго, як сельскагаспадарчую машыну паставілі «на ногі», з дэфармаванай кабіны вызвалілі трактарыста, які быў шпіталізаваны ў Петрыкаўскую бальніцу з папярэднім дыягназам «шматлікія ўдары і алкагольнае ап'яненне».

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

За падробку — крымінальная справа

У Слоніме заведзена крымінальная справа за выкарыстанне фальшывага вадзіцельскага пасведчання ў дачыненні 40-гадовага мясцовага жыхара, які афіцыйна нідзе не працуе, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Мужчына кажа, што «ліпавы» дакумент на права кіравання транспартным сродкам ён набыў у Расіі, дзе працаваў, у асобы каўказскай нацыянальнасці. Прадавец абяцаў высокую якасць пасведчання і ўзяў за свае паслугі 700 долараў. Аднак супрацоўніку слонімскай Дзяржаўтаінспекцыі, нягледзячы на начны час, хапіла прафесіяналізму, каб выявіць падробку.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

На гарышчы — небяспечная гісторыя

65 патронаў калібру 7,62 мм са слядамі ржы, датаваныя 1944 годам, былі загорнуты ў фрагмент газеты «Гомельская праўда» 1946 года выпуску.

Іх і знайшла на гарышчы свайго дома жыхарка Хойнікаў, якая тут жа выклікала супрацоўнікаў міліцыі. Дарэчы, жанчына пражыла ў гэтым доме больш за 20 гадоў. Таксама былі знойдзены некалькі дакументаў сярэдзіны мінулага стагоддзя, якія належалі лясгасу. Боепрыпасы перададзены на экспертызу, а паперы, напэўна, знойдуць новае месца захоўвання ў экспазіцыі раённага краязнаўчага музея.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Ртуць у слоіку

У Пухавіцкім раёне ў пабудове, якая належыць таварыству з абмежаванай адказнасцю, знайшлі ёмістасць з ртуццю.

Пра знаходку ў вёсцы Седча ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення Пухавіцкага падраздзялення МНС паведаміў намеснік дырэктара таварыства: рабочыя разбіралі гаспадарчую пабудову і натрапілі на слоік вагой прыкладна 300 грамаў з рэчывам серабрыстага колеру. Служба хімічнай і радыяцыйнай аховы правяла замеры паветра ў памяшканні, але пароў ртуці не выявіла. Метал забралі для далейшай утылізацыі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

З порахам праз мяжу

У пункце мытнага афармлення «Аляксандраўка» супрацоўнікамі мытні сумесна з вайскоўцамі пагранічнай групы быў затрыманы пасажыр аўтамабіля, які праз «зялёны канал» меў намер завезці 5 металічных слоікаў з порахам, 47 патронаў да гладкаствольнай паляўнічай зброі, 180 гільзаў да паляўнічых патронаў з капсулямі, слоік з капсулямі.

Усе гэтыя вырабы абмежаваны да перасоўвання за мяжу. Пасля таго, як транспартны сродак перасёк лінію завяршэння мытнага афармлення, машыну дагледзелі і канфіскавалі тавар, які незаконна перамяшчаўся. У дзеяннях мазыраніна, які зрабіў спробу незаконна перавезці за мяжу боепрыпасы, выяўлены прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам аб кантрабандзе Крымінальнага кодэкса РБ. Вырашаецца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы, паведамілі ў прэс-службе Гомельскай мытні.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.