Вы тут

Аляксандр ЛУКАШЭНКА: «БЕЛАРУСЬ ЗАЦІКАЎЛЕНА Ў РАЗВІЦЦІ СУПРАЦОЎНІЦТВА З ПАР»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае зацікаўленасць беларускага боку ў развіцці супрацоўніцтва з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў учора на сустрэчы з міністрам міжнародных сувязяў і супрацоўніцтва ПАР Маітэ Нкаана-Машабанэ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Як адзначыў Прэзідэнт, адносіны паміж дзвюма краінамі ў галіне палітыкі і дыпламатыі складваюцца даволі паспяхова. «Нашы вышэйшыя службовыя асобы, міністры не адзін раз наведвалі Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. У нас пастаянны кантакт. Вельмі паспяхова ў частцы перагаворнага працэсу развіваюцца кантакты прадпрымальнікаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы нядрэнна вывучылі вашу краіну, ведаем эканоміку ПАР. Адсюль наша зацікаўленасць у супрацоўніцтве», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, адзначыў, што ПАР мае найбагацейшыя запасы карысных выкапняў, актыўна развівае сельскую гаспадарку. У цэлым беларуская і паўднёва-афрыканская эканомікі ўзаемадапаўняльныя.

«Мы запрасілі Прэзідэнта ПАР наведаць Беларусь. Ён згадзіўся ў бліжэйшы час прыехаць сюды. Мы надаём гэтаму вельмі вялікае значэнне. Упэўнены, калі гэты візіт адбудзецца, ён дасць дадатковы штуршок развіццю нашых адносін», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што візіт у Беларусь міністра міжнародных сувязяў і супрацоўніцтва ПАР з'яўляецца знакавым: «Мы вельмі разлічваем, што вы бліжэй пазнаёміцеся з нашай краінай. Мы ў гэтым зацікаўлены, паколькі ад такіх ключавых фігур залежаць перспектывы нашага супрацоўніцтва».

У сваю чаргу Маітэ Нкаана-Машабанэ

падзякавала за супрацоўніцтва, якое гістарычна развіваецца паміж дзвюма дзяржавамі, эканамічныя кантакты і цёплы прыём, аказаны ёй на беларускай зямлі. «Я прывезла з сабой самыя цёплыя прывітанні ад Прэзідэнта ПАР Джэйкаба Зумы. Ён з радасцю прыняў ваша запрашэнне наведаць Беларусь. Мы ажыццявім гэты візіт у 2014 годзе, пасля таго як у ПАР пройдуць выбары», — сказала міністр.

Маітэ Нкаана-Машабанэ згадзілася, што эканомікі Беларусі і ПАР узаемадапаўняюць адна адну. «Мы знаходзімся тут, каб закласці асновы гэтага супрацоўніцтва і ў далейшым рэалізаваць увесь яго патэнцыял», — адзначыла яна.

Паводле слоў міністра, на праведзеных у Беларусі сустрэчах былі дакладна вызначаны тыя напрамкі супрацоўніцтва, дзе ёсць патэнцыял для развіцця ўзаемадзеяння. «Гэта такія сферы, як распрацоўка карысных выкапняў. Тут Беларусь мае неабходны вопыт і абсталяванне, якое мы можам выкарыстоўваць. Сельскагаспадарчы сектар таксама адкрывае шырокія гарызонты супрацоўніцтва і можа выкарыстоўвацца Беларуссю не толькі для выхаду на паўднёва-афрыканскі рынак, але і на рынкі іншых краін рэгіёна», — заявіла Маітэ Нкаана-Машабанэ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.