Вы тут

Леў Бакст на гродзенскім «Арбаце»


Разам з акцёрамі вулічных тэатраў, музыкамі, жанглёрамі і магамі

Сотні гледачоў сабраў у цэнтры горада над Нёманам, на пешаходнай вуліцы Савецкай (так званым гродзенскім Арбаце) міжнародны фестываль вулічнага мастацтва Grаnd Tеаtrо імя Льва Самойлавіча Бакста. Такім чынам удзельнікі праекта «Жывая гісторыя» ўшанавалі свайго земляка, славутага мастака і куцюр'е, у якога лічылі за гонар заказаць гардэроб велікасвецкія прыгажуні.

Дзейства адбывалася ва ўласцівым Льву Самойлавічу Баксту (Лейб-Хаім Ізраілевічу Розенбергу) эпатажным стылі. Уявім сабе, што яму ўжо надакучыла афармляць балі ў Пецярбургу, а тут — новы творчы выклік: запрашэнне Сяргея Дзягілева стаць распрацоўшчыкам дэкарацый і касцюмаў для балетных пастановак «Рускіх сезонаў» у Парыжы. Па дарозе ў французскую сталіцу Бакст заехаў у горад, дзе нарадзіўся, і зусім кароткі час тут пражыў. І тут...

Гродна, як і ў пачатку мінулага стагоддзя Парыж, у гэты дзень быў літаральна ап'янёны Бакстам. Гараджане ўглядаліся ў рэпрадукцыі яго карцін. Побач прагульваліся і фатаграфаваліся з усімі ахвотнымі маладыя людзі ў вобразе мастака — зразумела, у гальштуках, якіх у гардэробе Бакста было некалькі соцень. Быццам віталі яго магі, музыканты, жанглёры, мімы і, вядома ж, артысты вулічных тэатраў, якія прыехалі са сталіцы. Напрыклад, пластычны тэатр «ІнЖэст» прапанаваў гледачам праграму «Залаты век» пра каханне караля і каралевы, якіх разлучылі злыя сілы: акцёры былі ў строях эпохі барока і... на хадулях.

Цікава, якое ўражанне засталося б у Льва Бакста ад такой кампаніі? Здаецца, дыскамфорту ён бы не адчуў. Ды і чым можна здзівіць чалавека, які вучыў арыстакратак насіць парыкі пад колер адзення і ўпрыгожваць цела татуіроўкамі, а сам хадзіў у жоўтых чаравіках, пісаў слова «мода» з вялікай літары і любіў паўтараць, што купля новага адзення — як пачатак новага жыцця? Хаця, магчыма, і такога наватара, як Леў Бакст, не маглі б не ўразіць некаторыя сённяшнія «фішкі».

Што гэта, напрыклад, за хадулі, на якіх скача хлопец з аголеным торсам? (на здымку). Знаёмімся. Арцём Удот, аматар бокінгу, новага віду экстрэмальнага спорту з выкарыстаннем спецыяльных спружыністых хадуляў — джампераў. Іх у 2004 годзе запатэнтаваў аўстрыйскі вынаходнік Аляксандр Бок, рэкорд хуткасці на такіх хадулях складае 40 км/г. У сярэднім жа, не напружваючыся, можна бегчы з хуткасцю 30 км/г. Спаборніцтвы па бокінгу ў нас, у адрозненне ад шэрагу заходніх краін і Расіі, пакуль не праводзяцца, аднак калі ў пачатку сёлетняга сезона ім у Гродне займаліся трое, то цяпер ужо шасцёра. Асабісты рэкорд Арцёма і яшчэ аднаго хлопца — 9,5 гадзіны бегу па горадзе, не знімаючы сваіх «ботаў-скараходаў».

— Не канфліктуеце з іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху? Не ганяюць?

— Не, проста шок у іх, калі нас убачаць. Яны не ведаюць, што гэта, праводзяць позіркам. Дарэчы, з аднаго боку, я на нагах, значыць — пешаход. А з другога, джамперы — гэта сродак перамяшчэння. Які — пакуль не вызначана. Таму бегаем і па тратуары, і па дарогах.

1378768161791_10-17

Арцём зноў прымаецца за свае скачкі... Непадалёк доўжыцца «фотасесія» мімаў — дзівакоў, якія жывуць унутры свайго, толькі ім зразумелага свету. Хлопцы з Варонежа, акцёры праекта «Яны жывыя?!» Дзмітрый Крывачураў і Сямён Трохаў выступалі ў Гродне загрыміраванымі пад рымскіх гладыятараў — у даспехах, са зброяй. Яны заміралі і некалькі хвілін стаялі без аніякага руху, быццам статуі, а потым раптам ажывалі. Наведнікі, асабліва дзеці, былі ў захапленні. (Потым расіяне пакінулі «ВКонтакте» такое ўражанне ад фестывалю і гродзенцаў: «Цудоўныя, адкрытыя людзі, было надзвычай прыемна працаваць. Спадзяемся, што яшчэ раз наведаем гэты выдатны горад»).

На жаль, пакуль не ўдалося адшукаць архіўных звестак пра месца жыхарства сям'і Розенбергаў у Гродне, дзе ў 1866 годзе Лейб-Хаім з'явіўся на свет. Аднак зусім не выключана, што яго бацькі, як і іншыя яўрэі, пражывалі менавіта ў гістарычным цэнтры горада, у раёне сучаснай вуліцы Савецкай. Там, куды амаль праз 150 гадоў Леў Бакст быццам зноў вярнуўся.

— Гісторыю немагчыма палюбіць па-сапраўднаму, калі знаёміць з ёю толькі ў хрэстаматыйным выглядзе. Хочацца, каб мы маглі яе «ўзяць за руку», адчуць, убачыць, што вядомыя асобы, пра якіх мы сёння чытаем у падручніках, у свой час былі жывымі людзьмі — са сваімі радасцямі і нягодамі, дасягненнямі і няўдачамі, — зазначае аўтар ідэі, кіраўнік праекта «Жывая гісторыя» Раман Талалуеў.

Так было і будзе заўсёды. Па жорсткай іроніі лёсу, менавіта ў той дзень, калі ў Гродне праводзіўся фестываль імя Льва Бакста, адным з арганізатараў якога быў Раман, пайшоў з жыцця вельмі дарагі яму чалавек.

— Я не мог сёння не прыехаць у Гродна. І тое, што зрабіў па падрыхтоўцы фестывалю, я прысвячаю свайму дзеду Леаніду Рыгоравічу, — кажа Раман.

Праект «Жывая гісторыя» ажыццяўляецца выпускнікамі і сённяшнімі студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы пры падтрымцы абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, мясцовых прадпрыемстваў-спонсараў (напрыклад, рэкламныя ўлёткі вырабляе гродзенская друкарня Tеrrа Рrіnt). Героямі папярэдніх акцый былі мастак і кампазітар Напалеон Орда; медык і батанік Жан Эмануэль Жылібер; герой вайны 1812 года генерал Сяргей Ланской; пісьменніца Эліза Ажэшка...

Акрамя таго, у рамках праекта рыхтуюцца аўдыяролікі на гістарычную тэматыку (у Рамана ёсць уласная студыя), якія ў партнёрстве з кампаніяй «Першае маршрутнае тэлебачанне» гучаць для пасажыраў гродзенскіх аўтобусаў. Напрыклад, ці ведаеце вы, што ў Гродне жыў і працаваў стваральнік міжнароднай мовы эсперанта Людзвіг Заменгоф? Або што гадзіннік фарнага касцёла з'яўляецца старэйшым з дзейных механічных гадзіннікаў у свеце?

Арганізатары праекта «Жывая гісторыя» бізнес на гэтым не робяць. У кагосьці, мажліва, і ўзнікае жаданне кінуць «гістарычныя» клопаты — хапае ж і ўласных. Але, адчуваючы зацікаўленасць гродзенцаў, яны разумеюць, што пасля гэтай акцыі будуць рабіць наступную.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.