Вы тут

РЫЖСКІМІ СЛЯДАМІ КУПАЛЫ І РАЙНІСА


Жыхары Латвіі ўзгадваюць беларускага Песняра праз выставу

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, загадчыца аддзела навукова-экспазіцыйнай работы музея Марыя Барткова і аўтар гэтых радкоў мелі шчаслівую магчымасць прайсціся купалавымі слядамі ў Рызе, адчуць беларускі водар латвійскай сталіцы. І найперш цёплыя і шчырыя сустрэчы адбыліся ў Юрмале, дзе наш народны пясняр, магчыма, гасціў на дачы ў вядомага латышскага паэта Яна Райніса. А праз шмат гадоў пасля гэтага завязалася добрая дружба паміж Купалавым музеем у Мінску і мемарыяльным музеем-дачай Райніса і Аспазіі (жонкі паэта) у Юрмале, а таксама Аб'яднаннем мемарыяльных музеяў Латвіі.

У юрмальскім музеі-дачы Райніса адкрылася падрыхтаваная Купалавым музеем выстаўка «У сэрца глянь сваё...». Гэты Купалаў радок стаў лейтматывам не толькі адкрыцця выставы, а ўсіх іншых сустрэч як з беларускай дыяспарай, так і з латышскай інтэлігенцыяй. На выставу ж сабралася столькі высокіх гасцей, яны выказвалі такую зацікаўленасць і літаратурнымі сувязямі паміж нашымі краінамі, і гістарычным мінулым нашай зямлі, і сённяшнім днём, што чарговы раз давялося пераканацца: для культурных кантактаў не існуе ніякіх перашкод, яны выконвалі і будуць годна выконваць місію народнай дыпламатыі. Пра гэта казалі на адкрыцці выстаўкі намеснік дзяржсакратара Міністэрства культуры Латвіі Уладзіс Ліелпетэрс, мэр Юрмалы Гаціс Труксніс, дырэктар Аб'яднання мемарыяльных музеяў Латвіі Рыта Мейнертэ, дырэктар музея Купалы Алена Ляшковіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка

. Апошні вельмі шмат робіць для пашырэння і ўмацавання разнастайных кантактаў паміж Беларуссю і Латвіяй, аказвае асаблівую падтрымку вучням Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы, за што яны пры нас шчыра дзякавалі і паслу, і беларускай дзяржаве. Гучалі латышская, беларуская, руская мовы, гучалі вершы Купалы, Райніса, іншых латышскіх і беларускіх аўтараў, нават прадстаўнікоў беларускай дыяспары так закранула атмасфера гэтай сустрэчы, што Людміла Яновіч не стрымалася і прачытала ўласны верш, прысвечаны Купалу і Райнісу.

А мы з непрыхаванай зайздрасцю пазіралі на кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў Райнісу, сярод якіх два аўтографы Янкі Купалы, дароўныя надпісы Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Кузьмы Чорнага, іншых беларускіх аўтараў.

Незвычайна цёплай, зацікаўленай і карыснай была сустрэча мінскіх гасцей з актывістамі беларускіх суполак у Беларускім інфармацыйным цэнтры ў Рызе. І калі б не час на іншыя сустрэчы, то беларускія песні, якія разам спявалі гаспадары і госці, маглі б гучаць да поўначы. Гэтаксама, як і бясконцай магла б быць гаворка ў Рыжскай Беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы ў Рызе. Вучні і настаўнікі школы, якая адна з нямногіх за межамі нашай краіны носіць імя народнага песняра Беларусі, парадавалі і сваёй цікаўнасцю, і дасведчанасцю, і добрымі спевамі, і чытаннем вершаў Купалы на латышскай і беларускай мовах, і выкананнем беларускіх песень. І зусім скарыла нас тое стаўленне да Купалы і беларускага слова, якое адчулі мы падчас знаёмства з музеем Янкі Купалы ў гэтай рыжскай школе імя нашага песняра. Малайцы вучні (далёка не ўсе прадстаўнікі беларускай дыяспары, а і дзеці карэнных латышоў), малайцы настаўнікі, якія сеюць вечнае, добрае ў душах дзяцей, што абавязкова прарасце новымі цікавымі справамі на карысць абодвух народаў. А душой усёй гэтай прыхільнай да купалавага слова, да беларускай мовы і гісторыі дзейнасці з'яўляецца дырэктар школы, наша зямлячка з Мядзельшчыны Ганна Іванэ.

Добрым напамінкам пра нашы сустрэчы ў гаспадароў застануцца беларускія кнігі, сувеніры, застанецца тая памяць сяброўства, якая не выветрываецца, не цьмянее, калі яе агеньчык падтрымліваюць неабыякавыя і зацікаўленыя людзі. Такіх, на шчасце, нямала як у Беларусі, так і ў Латвіі. Значыць, два вялікія Яны — Купала і Райніс, як нехта назваў паэтаў падчас адкрыцця выстаўкі, сустрэнуцца яшчэ не раз. Купалава выстаўка ў Юрмале, а пасля і ў беларускай рыжскай школе будзе працаваць да канца кастрычніка.

Пакуль мы гасцявалі ў Рызе, у Мінску Алену Ляшковіч чакала прыемная навіна — указам кіраўніка краіны яна адзначана медалём Францыска Скарыны. З чым мы шчыра яе віншуем.

А да нашых чытачоў маецца адна просьба. Звязана яна з беларуска-латышскай літаратурнай гісторыяй. Вядома, што ў Віцебску пахавана маці Яна Райніса. На адным могільніку маецца нават адпаведны памятны камень.

А вось дзе дакладна знаходзіцца тая магіла, невядома. Дык мо нашы дасведчаныя краязнаўцы праявілі б свой імпэт і зацікаўленасць і дапамаглі адшукаць месца вечнага спачыну той жанчыны, якая дала жыццё нацыянальнаму генію латышоў Яну Райнісу?

Анатоль БУТЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.

Грамадства

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Як з дапамогай кода стварыць уласную анімацыю і «ажывіць» касмічны карабель? 

Грамадства

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Наш карэспандэнт пастараўся згадаць самыя цікавыя прыклады сумеснай рэалізацыі праектаў.

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.