Вы тут

Мінус наведванне паліклінікі


У Гомелі нарэшце адкрыўся Палац водных відаў спорту. Ён размешчаны побач з лядовым палацам і тэніснымі кортамі, таму можна лічыць, што ў горадзе над Сожам, у мікрараёне Валатава, створаны адмысловы спартыўны гарадок, дзе ўсё зроблена на самым сучасным узроўні. Напрыклад, спецыялісты сцвярджаюць, што тут можна будзе праводзіць спаборніцтвы па плаванні і скачках у ваду любога ўзроўню, у тым ліку пад эгідай Алімпійскага камітэта.

1379972162512_24-17

У інфраструктуры палаца — першы ў абласным цэнтры з паўмільённым насельніцтвам 50-метровы басейн з дзесяццю дарожкамі. Глыбіня яго паўсюль — 2,1 м. Ёсць басейн для скачкоў у ваду глыбінёй 6 м і невялікі дзіцячы. Комплекс абсталяваны трамплінамі ад 1 да 10 метраў і вышкамі да 10 м, спецыяльнымі заламі для сухога плавання, памяшканнямі для размінкі спартсменаў і заняткаў на трэнажорах. Медыка-аднаўленчы цэнтр аснашчаны комплексам спецыяльнага абсталявання. Адначасова ў двух басейнах і спартыўных залах змогуць займацца больш за 300 чалавек. Дарэчы, трыбуны, адкуль вельмі зручна назіраць за ходам спаборніцтваў, разлічаны на 500 гледачоў.

Вядомая беларуская плыўчыха, двухразовая сярэбраная прызёрка Алімпіяды ў Лондане Аляксандра Герасіменя

паспрабавала гомельскую ваду і лічыць, што з'яўленне новага спартыўнага аб'екта такога ўзроўню важнае і для прафесіяналаў, і для аматараў гэтага віду спорту:

— Мне спадабалася — вельмі лёгкая вада! Прыемная атмасфера і толькі станоўчыя ўражанні. Добра, што з'явілася новая база, дзе можна праводзіць зборы і рыхтавацца для спаборніцтваў. Увогуле ў нашай краіне пакуль не хапае баз, дзе можна было б трэніравацца. У нас ёсць людзі, якія, паверце, могуць дабівацца поспехаў. Галоўнае — іх знайсці, для гэтага і важна праводзіць папярэднюю селекцыю — адбор яшчэ на ўзроўні звычайнай школы.

На цырымоніі адкрыцця басейна намеснік прэм'ер-міністра, старшыня Беларускай федэрацыі плавання Анатоль Тозік адзначыў, што з'яўленне гэтага спартыўнага аб'екта — знакавая падзея не толькі для горада над Сожам, але і ўсёй Беларусі:

— У краіне гэта ўжо восьмы па ліку 50-метровы басейн. Кожнае наведванне гэтага палаца — мінус адно наведанне паліклінікі. Трэба, каб ён вельмі інтэнсіўна працаваў у любы час сутак. Спадзяюся, што праз 10 гадоў на дошцы дасягненняў гэтай установы будуць партрэты нашых новых чэмпіёнаў свету па плаванні.

У гэты ж дзень у гомельскім палацы водных відаў спорту прайшлі паказальныя выступленні спартсменаў па сінхронным плаванні, скачках з трампліна, спаборніцтвы сярод плыўцоў.

Дарэчы, разавае наведванне (45 хвілін) чашы басейна для дарослых каштуе ад 25 000 да 35 000 рублёў. Невялікі басейн можна арандаваць для правядзення дзіцячага свята.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.