Вы тут

Тэракт у Кеніі як эпізод глабальнай грамадзянскай вайны


Захоп ісламістамі гандлёвага цэнтра «Уэстгейт» у сталіцы Кеніі Найробі, здзейснены 21 верасня, каштаваў вельмі дорага: дзясяткі забітых і сотні параненых. Гэты дзёрзкі напад з'яўляецца чарговым сумным звяном у ланцужку тэрору, які паступова ахоплівае ўвесь свет.

Наша пакаленне, на жаль, памятае і больш крывавыя, і больш маштабныя тэрарыстычныя акты. Таму, бадай, самая жахлівая навіна: тэракты становяцца непрыемнай банальнасцю, накшталт аўтамабільных аварый. Гэта бясспрэчны доказ, што чалавецтва ўжо прызвычаілася да крыві і гвалту, а чалавечае жыццё каштуе менш за паперу, на якой надрукавана Агульная дэкларацыя правоў чалавека. Гэта — галоўная адзнака новай эпохі, трывожнай і небяспечнай, якая непрыкметна змяняе мірны пасляваенны перыяд і накладваецца дадатковым цяжарам на сусветны эканамічны крызіс.

1380058666180_1

Каб лепш зразумець прычыны сучаснага становішча і перспектывы барацьбы з сусветным тэрарызмам, зірнем на кенійскую трагедыю ў рэтраспектыве і ў рэгіянальным кантэксце.
Кенія ўпершыню сутыкнулася з міжнародным тэрарызмам 31 снежня 1980 года, калі палесцінскія баевікі выбухам у атэлі Нарфолк адпомсцілі кенійцам за іх падтрымку знакамітай ізраільскай аперацыі «Энтэбе» па вызваленні заложнікаў, захопленых у суседняй Угандзе. Але зараз у ролі галоўных тэрарыстаў выступілі ваяўнічыя ісламісты.
Афрыканская скрыня Пандоры адчынілася ў Самалі ў 1992-1995 гадах, калі джыхадзісты ўпершыню ў найноўшай гісторыі перамаглі армію ЗША і міжнародныя сілы ААН. У выніку Самалі ператварылася ў мазаіку пірацкіх рэспублік і гняздо міжнароднага тэрарызму. Па сутнасці, там запрацавала лакальная мадэль доўгатэрміновага кіруемага хаосу. Ці, як зараз высвятляецца, усё ж, хутчэй, некіруемага.
Падобная сітуацыя склалася і ў Афганістане пасля вываду савецкіх войск. У абодвух выпадках перамогу здабылі ісламісцкія радыкалы: у Афганістане — «Талібан», у Самалі — Саюз ісламскіх судоў, які пазней ператварыўся ў «Аш-Шабааб», прадстаўнікі якога і здзейснілі цяперашні тэракт у Найробі. «Шабааб» — у перакладзе «моладзь», што зноў нагадвае нам пра «Талібан» — маладых ісламскіх студэнтаў, якія змагаюцца за стварэнне сусветнага халіфату.
Узброеныя захады асобных краін і іх кааліцый пазбавіцца ад ісламісцкага экспансіянізму даюць толькі частковы і часовы эфект, адначасова спараджаючы хвалі крывавых тэрактаў у адказ. У якасці прыкладу можна прыгадаць выбух у амерыканскім пасольстве ў Кеніі з сотнямі забітых і тысячамі параненых, здзейснены 7 жніўня 1998 годзе баевікамі з «Аль-Каіды».
З гэтага моманту тэрарызм у Кеніі толькі набіраў абароты, асабліва ў апошнія два гады, што звязана з контртэрарыстычнымі аперацыямі кенійскай арміі на тэрыторыі Самалі. Менавіта помстай за гэта баевікі з «Аш-Шабааб» абвясцілі і апошнюю крывавую драму ў Найробі.
Увогуле, сітуацыя ў Кеніі вельмі паказальная і сімвалічная. Парадаксальна тое, што там джыхадзісты атакуюць не проста небагатую афрыканскую краіну, але еўрапейскую цывілізацыю ў шырокім сэнсе. Справа ў тым, што 83% кенійцаў — хрысціяне, і гэта выразная спадчына еўрапейскага каланіяльнага мінулага. Акрамя таго, атакаваны гандлёвы цэнтр належыць ізраільскім уласнікам, а сучасны Ізраіль — стварэнне еўрапейскай цывілізацыі і яе фарпост на Блізкім Усходзе.
Нельга, аднак, казаць пра вайну паміж хрысціянамі, іудзеямі і мусульманамі — гэты канфлікт даўно застаўся ў гісторыі. Зараз мы назіраем вайну паміж розным бачаннем будучыні: джыхадзісты прагнуць, каб яны і ўсё чалавецтва патрапілі ў новае шарыяцкае сярэднявечча, а еўрапейцы, якія пераступілі цераз свае хрысціянскія традыцыі, жадаюць жыць у спажывецкім пострэлігійным свеце.
Назіральнікі падкрэсліваюць яшчэ адзін парадокс апошняга тэракту — верагодна, частка тэрарыстаў была завербавана на тэрыторыі Заходняй Еўропы і ЗША. Ісламісцкія наёмнікі з Еўропы і ЗША ўсё часцей трапляюць у поле зроку СМІ. Складана знайсці больш яскравую і больш жудасную прыкмету сучаснай глабалізацыі: старое супрацьстаянне заможнай хрысціянскай Поўначы і беднага мусульманскага Поўдня канчаткова набыло рысы грамадзянскай вайны. Глабальнай грамадзянскай вайны, дзе варожыя бакі не падзелены лініяй фронту, а перамяшаны на ўсіх тэрыторыях.

1380058668328_2

Для чалавецтва гэта новы і незвычайны выклік. Час міждзяржаўных войнаў застаўся ў мінулым, а новая вайна з яе сеткавым і глабальным характарам не лічыцца з нацыянальным суверэнітэтам. Гэты выклік патрабуе ад нас мабілізацыі і рашучасці, пошуку і фармулявання прынцыпова новага адказу.
Дарэмна спадзявацца, што Беларусь абміне пагроза глабальнай грамадзянскай вайны — яна ўжо віруе ў суседніх краінах. Каб захаваць цяперашні ўзровень парадку і бяспекі, які ўспрымаецца намі як нешта натуральнае, давядзецца шмат папрацаваць, прычым не толькі чыноўнікам і сілавікам, а ўсім беларускім грамадзянам.
Беларусі патрэбна новая збалансаваная стратэгія знешнепалітычнай актыўнасці ў адпаведнасці з дзеючай Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, якая вычарпальна характарызуе сучасныя выклікі, што паўстаюць перад краінай. Беларусі, як і раней, варта пазбягаць умяшальніцтва ў чужыя канфлікты, але, магчыма, не трэба цалкам адмаўляцца ад ўдзелу ў міжнародных міратворчых аперацыях, каб напрацаваць кадравы рэзерв спецыялістаў, загартаваных у «гарачых кропках». Таксама варта нарошчваць працоўныя кантакты ў рамках партнёрскіх праграм з суседнімі краінамі, адначасова праяўляючы пільнасць у пытаннях нелегальнай міграцыі.
Але галоўнае — варта памятаць, што бяспека нас саміх, нашых сем'яў і блізкіх залежыць ад высілкаў кожнага з нас. Гэтая формула — не проста чарговы лозунг, а норма паводзін, якую кожны беларус павінен засвойваць з дзяцінства. Гэта і асабістая адказнасць, і дапамога праваахоўным органам, і ўдзел у сістэме тэрытарыяальнай абароны, якая зараз паступова разгортваецца ў Беларусі. Гэтая справа павінна стаць не проста чарговым бюракратычным мерапрыемствам, а жывым элементам нацыянальнай бяспекі, здатным у неабходны момант мабілізаваць адказных грамадзян дзеля захавання міру ў нашай Бацькаўшчыне.

Аляксандр СІНКЕВІЧ,

эканаміст, дырэктар кансалтынгавай кампаніі «Sіnkеvісh Tесhnоlоgіеs».

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.