Вы тут

«Самі мы не мясцовыя, дапамажыце бедным студэнтам...»


Супрацоўнікі сталічнай міліцыі затрымалі двух іншаземцаў, якія падазраюцца ў серыі махлярстваў у дачыненні да пенсіянераў. Агульная сума шкоды ад дзеянняў злачынцаў — каля 600 мільёнаў рублёў.
Як расказалі ў прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама, у другой палове верасня ў сталіцы адбылося пяць падобных махлярстваў. Іх ахвярамі сталі пажылыя людзі, якія захоўвалі свае зберажэнні на рахунках у банках. Аферысты дзейнічалі па простай схеме, дзе галоўным «элементам» была хуткая псіхалагічная апрацоўка ахвяры.
Знешні выгляд дазваляў зламыснікам выдаваць сябе за іншаземных студэнтаў-медыкаў — напрыклад, з Ірана ці Таджыкістана. Яны знаёміліся з пенсіянерамі і расказвалі слёзную гісторыю: маўляў, тэрмінова трэба аплаціць навучанне, грошы ўжо ідуць з-за мяжы, але патрэбны банкаўскі рахунак, які ім, іншаземцам, быццам бы нельга самім адкрыць у нашай краіне. Вось для гэтага і патрэбна дапамога, прычым не за «так»: за аказанне паслугі зламыснікі абяцалі саліднае ўзнагароджанне — да 500 долараў.
Каб пазбегнуць любых непаразуменняў пры пераводзе грошай, тлумачылі ахвярам злачынцы, ім трэба часова зняць усе свае накапленні. Грошы на вучобу, маўляў, паступяць цягам часу, таму потым сродкі можна будзе вярнуць назад на рахунак. А пачакаць можна ў іх машыне, «вунь яна за рагом стаіць».
Далей аферысты пад нейкай нагодай імкнуліся зрабіць так, каб знятыя грошы патрапілі да іх у рукі. Часам гэта адбывалася яшчэ тады, калі ішлі да легкавіка, часам — ужо ў яго салоне. У якасці своеасаблівага «гаранта» спакою пенсіянераў выступаў вялікі пачак доларавых купюр («ліпавых», як потым высветлілася). Калі грошы аказваліся ў руках зламыснікаў, апошнія паспешліва знікалі. А даверлівыя пажылыя людзі заставаліся чакаць іх, не верачы, што такія «добрыя» хлопцы здольныя на падман. Маўляў, проста ў іх нешта здарылася, яны хутка вернуцца...
Затрымалі падазроных у катэджы пад Мінскам. Імі аказаліся грамадзяне (36-гадовы і 27-гадовы) адной з сумежных дзяржаў. У іх канфіскавана частка ўкрадзеных грошай, буйная партыя дарагой аргтэхнікі, а таксама знойдзены дакументы, якія пацвярджалі факты пераводу буйных сум на радзіму.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.