Вы тут

«Адзіны білет» для ўсіх і кожнага


Адным з самых цікавых экспанатаў багатай і разнастайнай экспазіцыі 7-й міжнароднай спецыялізаванай выставы «Транспарт і лагістыка» ў Мінску стала аўтаматызаваная сістэма аплаты за праезд у гарадскім транспарце пад назвай «Адзіны білет». Наш карэспандэнт сустрэўся з прадстаўнікамі групы стваральнікаў гэтай сістэмы на іх выставачным стэндзе.

1381443851835_11-13

— Дзякуючы ўкараненню «Адзінага білета» стане магчымай аплата за адну ці некалькі паездак з дапамогай бескантактных картак ці sms-паведамленняў па мабільнай сувязі. Пасажыру будзе дастаткова набыць спецыяльную картку на пэўную колькасць паездак: ад адной да некалькіх дзясяткаў — у залежнасці ад яго жадання. Не выключаецца, што з часам будзе ўлічвацца і кіламетраж паездак — сістэма ў перспектыве дазволіць увесці дыферэнцыраваную аплату паездкі на пэўную адлегласць. А затым у салоне, напрыклад, аўтобуса пасажыру трэба будзе паднесці набытую картку да спецыяльнага прыбора (рыдара ці сканара назавіце, як хочаце) — і ваша аплата адразу зафіксуецца на картцы. Нябачна для вас паведамленне аб факце аплаты будзе перададзена ў працэсінгавы цэнтр Мінсктранса. Працэдура, як бачым, простая, — гаворыць начальнік аддзела эксплуатацыі інфармацыйных сістэм і аптымізацыі перавозак на транспарце дзяржаўнага прадпрыемства «Інфармацыйна-вылічальны цэнтр авіяцыі» Міністэрства транспарту і камунікацый Віталь ШКУРАТАЎ.
Нагадаем, размовы аб неабходнасці калі і не прывесці аплату за праезд у аўтобусе, тралейбусе, трамваі і метро ў адпаведнасць з выдаткамі на ўтрыманне транспартных сродкаў, развіццё галіны, то хаця б, па магчымасці, мінімізаваць датацыі, вядуцца даўно. Транспартнікі патрабуюць рэгулярнага павышэння цэн на білеты. Улады ім рэкамендуюць выкарыстоўваць унутраныя рэзервы, зрабіць больш шчыльным кантроль, мадэрнізаваць транспартныя сродкі. Час ад часу ўзнікалі прапановы браць грошы за праезд па-новаму. І вось, відаць, пачаўся пераход ад слоў да справы.
У ролі ініцыятараў распрацоўкі сістэмы выступілі Міністэрства транспарту і камунікацый і кампанія мабільнай сувязі lіfе:). У кожнага з іх свая задача. Напрыклад, lіfе:) займаецца распрацоўкай аплаты за праезд праз мабільную сувязь, а «Інфармацыйна-вылічальны цэнтр авіяцыі» — пераводам наземнага транспарту, так бы мовіць, на новыя рэйкі спагнання аплаты за яго карыстанне. Гэтыя структуры пэўны час паасобку рухаліся да адной мэты, потым, нарэшце, сустрэліся і аб'ядналі намаганні. Партнёры, зразумела, дакладна вывучылі замежны досвед — у прыватнасці, Масквы, іншых мегаполісаў. Вынікам сумесных намаганняў пад патранажам Мінтранса з'явіўся «Адзіны білет».
Ці, інакш кажучы, білет блізкай будучыні. Кажуць, што ўжо ў ліпені 2014 года сістэма будзе запушчана, як гаворыцца, у серыю. Тады, відаць, пачнуць знікаць кандуктары, бо патрэба ў іх паслугах адпадзе сама сабой. Аплата будзе весціся выключна праз электроніку — так плануецца ва ўсякім разе. А вось кантралёры застануцца. Вышукваць «зайцаў» яны будуць з дапамогай ручных электронных прыстасаванняў — так званых счытчыкаў: маўляў, прад'явіце вашу картку.
На погляд менеджара закрытага акцыянернага таварыства «Беларуская сетка камунікацый» (належыць lіfе:) Кірыла МІРОНЧЫКА, «Адзіны білет» — гэта тое, што дазволіць значна ўдасканаліць работу грамадскага транспарту ў сталіцы і іншых гарадах, істотна спрасціць праезд у аўтобусе ці тралейбусе. Такая сістэма дазволіць аплату зрабіць у Гродне, а карыстацца білетам-карткай у выпадку неабходнасці ў Мінску. Вядома, усе дэталі дзеяння новай сістэмы цяпер цяжка вызначыць да дробязяў, зараз ідзе яе мадэрнізацыя, ёсць што дапрацаваць, палепшыць. Але «Адзіны білет» мае будучыню, бо яна адпавядае патрабаванням часу, упэўнены Кірыл Мірончык.
Ад адказу на маё прамое пытанне, колькі будзе каштаваць укараненне «Адзінага білета»,
суразмоўцы тактоўна ўхіліліся. Яны палічылі мэтазгодным адзначыць толькі тое, што абсталяванне для новаўвядзення будзе як айчынных вытворцаў, так і замежных пастаўшчыкоў.

Леанід ТУГАРЫН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.