Вы тут

Крывавы след хатынскіх катаў


Сёння ўсяму свету вядома, што трагедыя беларускай вёскі Хатынь на Лагойшчыне, спаленай разам са 149 жыхарамі ў сакавіку 1943 года, жорскія расправы з партызанамі і мірнымі жыхарамі Міншчыны і Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці — справа рук паліцаяў 118-га ўкраінскага батальёна. А далейшы шлях катаў пралягаў па Гродзенскай вобласці.
Пачаткам дзейнасці калабарантаў на новым месцы стала забойства начальнікам штаба батальёна Рыгорам Васюрам ні ў чым не вінаватага падлетка па прозвішчы Пудзелка на станцыі Наваельня Дзятлаўскага раёна. У хлопца, які бег па пероне, бразгала накрыўка чайніка. Васюры гэта не спадабалася. Ён затрымаў падлетка і стрэліў яму ў галаву з пісталета.
У ліпені 1943 г. батальён на працягу двух тыдняў знаходзіўся ў Навагрудку. Адтуль ён быў накіраваны ў Налібоцкую пушчу для ўдзелу ў карнай аперацыі супраць партызан і мірных жыхароў пад кодавай назвай «Герман». 118-ы батальён разам з іншымі гестапаўска-паліцэйскімі фарміраваннямі наступаў з боку Любчы, Іўя, Карэлічаў. А з усходу рухаліся іншыя карнікі, у тым ліку з эсэсаўскага батальёна Аскара Дзірлевангера — яшчэ аднаго ката Беларусі. Вялі баі з партызанскімі атрадамі, расстрэльвалі западозраных у сувязі з імі людзей, захоплівалі моладзь для адпраўкі ў Германію, рабавалі і палілі вёскі.
Сярод іншых трапіла ў рукі паліцэйскіх са 118-га батальёна Люда Сечка, дзяўчына з вёскі Чарэшля Навагрудскага (былога Любчанскага) раёна. Сувязную партызанскага атрада імя Катоўскага выратавала ад расправы толькі тое, што ніхто пра яе дзейнасць не ведаў. Разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі Любу на аўтамашыне прывезлі на чыгуначную станцыю Наваельня і запіхнулі ў таварны вагон. Але да Германіі Люда не даехала: каля Баранавічаў у прыцемках яна выскачыла з цягніка і вярнулася ў свой партызанскі атрад.
Карная аперацыя «Герман» доўжылася з 4 ліпеня па 9 жніўня 1943 г. Паводле нямецкіх трафейных дакументаў, яна была выніковай. У сталіцу рэйха паведамлялі, што на тэрыторыі Навагрудскага, Іўеўскага, Карэліцкага раёнаў Гродзенскай вобласці, Валожынскага і Стаўбцоўскага раёнаў Мінскай вобласці падчас аперацыі забілі 4280 «бандытаў» (партызан), у тым ліку шэсць камандзіраў і двух камісараў, узялі ў палон 6654 чалавекі, у якасці рабочай сілы захапілі 9065 мужчын, 7801 жанчыну і 4178 дзяцей, рэквізавалі 6766 кароў, 9570 авечак, 1517 свіней, спалілі каля 75 населеных пунктаў.
Аднак на справе гэта выглядала інакш. Так, партызаны ўступалі ў бой, але такіх ахвяр яны не панеслі. Толькі адзінкі загінулі ці былі паранены, у палон ніхто не здаваўся. Пра гэта сведчыў, у прыватнасці, Міхаіл Лідзеяў, былы камандзір партызанскага атрада імя А. Андрэева брыгады «За савецкую Беларусь», які дзейнічаў у зоне Налібоцкай пушчы. Партызаны, калі станавілася відавочнай няроўнасць сіл, адыходзілі ў лес. А значыць, за перададзенай у Берлін статыстыкай забітых і ўзятых у палон стаялі пераважна жыцці і пакуты мірных жыхароў, якія дапамагалі партызанам.
У Лучынскім бары Налібоцкай пушчы, каля вёскі Каменная Слабада знайшлі сабе сховішча некалькі яўрэйскіх сем'яў з Іўя і суседніх вёсак: Бакшты, Ладзуны і іншых. Жанчыны, дзеці, старыя — з паўсотні чалавек (дакладная колькасць невядомая) жылі ў трох вялізных зямлянках. Гэта быў іх апошні зямны прыстанак: карнікі са 118-га батальёна закідалі зямлянкі з людзьмі гранатамі. Жахлівыя сляды таго зладзейства ўбачылі гродзенскія следчыя (аўтар гэтага артыкула — адзін з іх), якія праз чвэрць стагоддзя пасля вайны вывучалі «баявы» шлях гэтага батальёна па беларускай зямлі.
Адзін з былых паліцаяў, удзельнік расправы, на допыце паведаў аўтару гэтых радкоў, што ў лесе яны затрымалі прыгожую дзяўчыну гадоў васямнаццаці-дзевятнаццаці. Яна, бяззбройная, была ў дазоры каля тых зямлянак, дзе хаваліся яўрэйскія сем'і. Паведамілі ў штаб батальёна. Хутка сюды прыскакаў на кані сам начальнік штаба Васюра, пачаў допыт. За інфармацыю пра партызан абяцаў захаваць дзяўчыне жыццё. Палонная не сказала нічога, трымалася з гонарам. Тут жа яе і расстралялі...
У жніўні-верасні 1943 г. 118-ы батальён удзельнічаў у карнай аперацыі пад кодавай назвай «Вандсберг» у Ліпічанскай пушчы, на тэрыторыі Слонімскага, Дзятлаўскага і Мастоўскага раёнаў. Потым штаб батальёна разам з яго шэфам, немцам Кёрнерам і здраднікам Васюрам, размясціўся ў Слоніме, а роты дыслацыраваліся ў раёне вёсак Альберцін і Дзераўная. Кёрнер трымаў справаздачу аб выніках карнай аперацыі ў Ліпічанскай пушчы перад высокім начальствам — гаўляйтарам Кубэ і генерал-маёрам паліцыі фон Готбергам. Тады батальёну прысвоілі іншы нумар (63 замест 118) і змянілі форму адзення — з рыжых латвійскіх даваенных мундзіраў на зялёны нямецкі мундзір з карычневым каўняром.
1 кастрычніка 1943 г. батальён перавялі ў Лідскі раён. Штаб знаходзіўся ў Лідзе, куды Васюра перавёз і сваю сям'ю. Тут у яго нарадзілася дачка. Каб адсвяткаваць гэтую падзею, абрабавалі навакольныя вёскі. Адабраныя ў людзей прадукты харчавання, свойскую жывёлу, самагон даставілі ў Ліду на некалькіх павозках. Пакуль рыхтаваліся да застолля, новаспечаны бацька — вельмі люты чалавек, нават да сваіх — заўважыў адкаркаваны і ўжо няпоўны буталь. Да спіны вінаватага ў гэтым прывязалі мяшок з вільготным пяском вагой каля пяці пудоў, і той цэлы дзень поўзаў з ім па пляцы каля штаба. Гэты факт усплыў падчас следства і быў агучаны ў 1986 г. на судзе над Васюрам у Мінску.
У першай палове ліпеня 1944 г. 63-і батальён знаходзіўся ў Гродне, потым разам з адступаючай гітлераўскай арміяй прыбыў у польскі горад Ломжу. Са сваёй сям'ёй — жонкай і трыма дзецьмі, народжанымі падчас вайны, — адступаў на захад і Васюра. На некалькіх фурманках везлі нарабаваную ім у беларускіх сялян маёмасць — галоўным чынам, дробную свойскую жывёлу.
...Летам 1944 г. у французскім горадзе Страсбургу гітлераўцы сфарміравалі з паліцэйскіх 62-га і 63-га батальёнаў, якія адступілі з тэрыторыі Украіны і Беларусі, брыгаду імя Зінгеля. Яе размясцілі ў ваенным гарадку Вальдагон паблізу горада Безансон. Там паліцэйскія вялі баі з французскімі партызанамі і народнымі апалчэнцамі арміі Шарля дэ Голя. Частка паліцэйскіх з ліку радавых напярэдадні капітуляцыі Германіі далучылася да французскага Руху супраціўлення. Большасць жа працягвала служыць гітлераўскаму рэйху да заканчэння ваенных дзеянняў, а потым усяляк намагалася ўхіліцца ад рэпатрыяцыі на Радзіму. Тыя, каму гэта ўдалося, рассеяліся па ўсім свеце. Адзін з іх, 91-гадовы Уладзімір Катрук, сёння жыве ў Канадзе. Яго вылічыў летась цэнтр Сімона Візенталя, які займаецца вышукам жывых нацысцкіх злачынцаў. Праваабаронцы гэтага цэнтра заклікаюць канадскія ўлады экстрадзіраваць Катрука ў Еўропу, каб ён прадстаў перад судом.

Яўген ДАЛІДОВІЧ,

удзельнік Вялікай Айчыннай
вайны, былы старшы следчы-
крыміналіст па асабліва важных справах упраўлення КДБ
па Гродзенскай вобласці,

Святлана МАРОЗАВА,
доктар гістарычных навук, прафесар ГрДУ імя Янкі Купалы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.