Вы тут

Музыка восені


Беларускія прэм'еры ў Белдзяржфілармоніі як пачатак міжнароднага фестывалю мастацтваў

«Беларуская музычная восень» — фестываль, які адбываецца ў 39-ты раз! Колькі зорак сусветнай акадэмічнай музыкі ўжо адзначыліся на ім за гэты час! Але ж сутнасць была не толькі ў запрашэнні музыкантаў з іншых краін, хоць «восень» гэта заўсёды рабіла бліскуча. Сутнасць яшчэ і ў тым, што праз цікавасць да іх і наогул да музыкі можна было даць магчымасць адчуць узровень беларускай музычнай культуры. Таму што ўсе айчынныя калектывы, музыканты — таксама «зоркі»! — звычайна рыхтавалі адмысловыя праграмы і канцэрты. Такім чынам, быў баланс: не толькі да нас прыязджалі сябе паказаць, але і нас пазнавалі, мы сябе спазнавалі, мы маглі ганарыцца сабой. Таму што галоўнае ў музычнай восені тое, што яна ўсё ж — беларуская. І былі часы, калі менавіта гэты фестываль лічыўся галоўным музычным мерапрыемствам у краіне, а трансляцыі яго адкрыцця ішлі нават па тэлебачанні. Нездарма: ёсць жа мастацтва ўзорнае, зробленае з душой і якасна, якое выхоўвае, знаходзіць музычны вобраз свайго часу, краіны і народа, для якога ствараецца.

1382131608306_19-16

На адкрыцці «Беларускай музычнай восені» Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі (які нядаўна вярнуўся з турнэ па Еўропе) падрыхтаваў дзве прэм'еры твораў беларускіх кампазітараў: Сімфонію № 5 Вячаслава Кузняцова і Канцэрт для клавіра з аркестрам Віктара Капыцько.
Галоўны дырыжор, народны артыст Беларусі Аляксандр АНІСІМАЎ

адзначыў:
— Як і апошнія некалькі гадоў, я імкнуўся, каб у праграме суседнічалі творы вялікай класікі і нашых кампазітараў. Напрыклад, 5-я сімфонія Кузняцова — для вялікага складу аркестра, аргана і змешанага хору. Гэты твор вельмі сур'ёзны, філасофскі, а часам гучаць нават драматычныя і трагічныя ноткі. Наступны твор напісаны для трох інструментаў саліруючых. Але саліст адзін: наш госць з Санкт-Пецярбурга Настасся Хрушчова, піяністка і кампазітар. Твор для трох розных інструментаў, але аднаго роду — клавірнага. Аднак яны ўсе гучаць па-рознаму: фартэпіяна, прэпарыраванае фартэпіяна і клавесін. У канцэрце тры кантрастныя часткі. Твор нас звяртае да мілых часоў барока, але мы выходзім на сучасную вуліцу і паглыбляемся ў нашы штодзённыя клопаты і радасці. Мне вельмі падабаецца, што гэта твор вельмі пазітыўны, я наогул люблю музыку мажорную. І яшчэ на канцэрт адкрыцця мы выбралі 5-ю сімфонію Чайкоўскага. Гэта адзін з найскладаных твораў сусветнага сімфанічнага рэпертуару.
Гэта не адзіная сустрэча з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі ў рамках «восені»: ён падтрымлівае лінію рознажанравасці і пошуку розных шляхоў да публікі, у тым ліку і праз партнёрства з іншымі калектывамі — ад джазавых ансамбляў да ваенных і іншых аркестраў. Цікавыя тыя праграмы, дзе ёсць іскрынка. А да «Беларускай музычнай восені» іх імкнуцца прапанаваць усе нашы айчынныя філарманічныя калектывы. І ўсё ж галоўная падзея, бадай, калі гучыць айчынная музыка. А тым больш — сучасная. Вядома, гэта трэба слухаць. Але калі ўжо не ўдалося, то хоць бы з вуснаў аўтара можна даведацца пра адметнасць задумы прадстаўленага твору. Кампазітар Віктар КАПЫЦЬКО патлумачыў:
— Гэта канцэрт для клавіра з аркестрам. Сутнасць клавіра якраз і ўмяшчае ў сябе розныя мадыфікацыі гэтага роду інструментаў, якія прапаноўвае нам гісторыя музыкі. Ён можа быць тым, што мы ведаем як сучасны раяль. Ён можа быць старым раялем. Да гэтага былі клавесіны, клавікорды і г.д. Акрамя таго, у ХХ стагоддзі шмат музыкантаў пісалі музыку для такога інструмента, які называецца прыкладна як «падрыхтаваны раяль». У чым сутнасць падрыхтоўкі раяля? Гэта ўсё той жа наш цудоўны інструмент раяль, у якім загадзя спецыяльна ўстаўлены нейкія аксесуары, яны прыкладваюцца да струн, змяняючы тэмбра-акустычную сутнасць. Гэта можа быць гума, гэта могуць быць шрубы, манеты і г. д. Інструмент гэты ўпершыню ўвёў шырока цудоўны амерыканскі кампазітар Джон Кейдж, 100-годдзе якога мы святкавалі летась. З тых часоў інструмент пайшоў па ўсім свеце. Шмат якія музыканты пісалі для яго як для сольнага інструмента, так і ў ансамблі, з аркестрам. Кожны кампазітар рыхтуе інструмент па-свойму. У мяне вельмі мяккае гучанне праз кавалкі ластыку, які набываўся ў краме, рэзаўся і ўстаўляўся паміж струн. Я ўзрушаны і вельмі ўдзячны філармоніі і Аляксандру Анісімаву за водгук на гэты твор і выкананне яго на адкрыцці фестывалю. Яно прысвечана Настассі Хрушчовай, цудоўнай маладой музыкантцы, з якой я асабіста звязваю вельмі вялікія надзеі, пасля вялікага крызісу аўтарскага выказвання ў сучаснай музыцы. Але сёння ў музыкантаў ва ўзросце да 30 гадоў я назіраю вялікае ажыўленне пазітыўнага розуму, які зноў, аказваецца, здольны ствараць, зацікаўлены ў творчасці, а не проста ў перажоўванні таго, што ўжо было. Я задаволены, што Настасся пагадзілася выступіць у нас разам з аркестрам. Я вельмі рады, што не толькі мой твор выбралі для выканання ў такім канцэрце, што ў праграме і новае сачыненне Вячаслава Кузняцова, аднаго з самых таленавітых кампазітараў за ўсю гісторыю беларускай прафесійнай музыкі. Гэта кампазітар, які з'яўляецца носьбітам шматграннага псіхалагічна-філасофскага погляду, а часам і нерэальна гумарнога. Кампазітар, які фантануе цікавымі ідэямі. Кампазітар нетрывіяльнага свежага вобразу і ўзроўню музычнага мыслення.
І гэта ўсё — пра нашу музыку! Але спасцігаць (ці знаёміцца?) з ёй можна яшчэ да першых дзён лістапада. У фестывальнай праграме запланаваны 23 канцэрты. І сярод іх выступленне выдатных музыкантаў сусветнага ўзроўню, якіх нарадзіла і выхавала Беларусь: піяністаў Андрэя Паначэўнага, Віталя Стахіевіча, Цімура Сергіені. Будуць госці з сямі краін. Будуць ушанаванні юбіляраў: — Дзяржаўнага камернага хору. Будзе месца і сустрэчам з папулярнай беларускай музыкай у асобе двух кампазітараў, аўтараў вядомых савецкіх хітоў — Ігара Лучанка і Эдуарда Ханка. Была магчымасць ўзгадаць спевака Якава Навуменку.
Багатая праграма патрабуе ўвагі. І не толькі з боку публікі. Фестываль складаны і выконвае вялікую асветную місію менавіта для беларускай аўдыторыі. Гэта разумеюць некаторыя партнёры, якія не пакідаюць музыку высокага гатунку без падтрымкі, як банк БелВЭБ. Гэта разумеюць музыканты, якія апантана робяць сваю справу і зусім не за баснаслоўныя ганарары, а дзеля сваёй творчай адказнасці перад людзьмі краіны, у якой яны жывуць ці якую любяць. І каго, калі не іх, аддзячыць — кветкамі і апладысментамі ад нас, гледачоў. І напэўна, павінна быць падзяка і ад дзяржавы за тую няпростую місію, якую яны выконваюць, калі рыхтуюць і іграюць канцэрты ў сябе дома. Юрый ГІЛЬДЗЮК, мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі, гаворыць: «Наша задача — паказаць усё багацце айчыннай кампазітарскай і выканальніцкай школы».

А хто яшчэ гэта будзе рабіць з такім маштабам, грунтоўным падыходам і сапраўды дзяржаўным (у сэнсе ўплыву на айчынную аўдыторыю) бачаннем?

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.

Грамадства

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Тры гады таму Дзянiс Дук пераехаў у Магiлёў, каб узначалiць вядучую ВНУ вобласцi па падрыхтоўцы педагагiчных кадраў.

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні.