Вы тут

Кумберленд — чорная маліна


Сорт чорнай маліны, які атрымаў назву Кумберленд, быў выведзены ў ЗША і вядомы ўжо больш за сто гадоў.

Гэтая ягадная культура вылучаецца асабліва высокім ураджаем і ўстойлівасцю да замаразкаў, яе ягады таксама называюць ажынападобнымі малінамі.

Маліна Кумберленд уяўляе сабой шматгадовы паўкуст з неглыбокай каранёвай сістэмай. Каранёвых парасткаў чорная маліна не дае. Куст фарміруюць даволі тоўстыя і доўгія парасткі. Часам яны дасягаюць 3 метраў у даўжыню! Яны пакрытыя шыпамі і васковым налётам. Лепш за ўсё для вырошчвання гэтага сорту падыходзяць лясная глеба і чарназём.

З-за адсутнасці каранёвых атожылкаў, чорная маліна Кумберленд размнажаецца іншымі спосабамі: укараненнем верхавін парасткаў; з дапамогай гарызантальных адводаў; зялёнымі чаранкамі; часам — насеннем.

Падчас завязвання і паспявання ягад патрабуецца ўмераны паліў. Важна пазбягаць застойных водаў, бо куст гэтага не пераносіць. Чорная маліна вельмі ўстойлівая да розных хвароб і шкоднікаў. З куста пры правільным доглядзе можна збіраць да 6 кг ягад!

Ягады круглявай формы, даволі буйныя, чорнага колеру з шызым налётам. На смак яны салодкія, сакавітыя, маюць водар і прысмак ажын. Ягады доўга не абсыпаюцца. Яны выдатна захоўваюцца на працягу доўгага часу.

1382609975147_24-12

Вырошчванне

Каб маліна добра расла трэба, перш за ўсё, падрыхтаваць глебу. Выбіраць участак для вырошчвання лепш сонечны, але абаронены ад ветру. Маліну нельга саджаць на тым жа ўчастку, дзе раслі бульба ці таматы. Саджанцы варта высаджваць на адлегласці двух метраў адзін ад аднаго, бо маладыя парасткі вельмі доўгія. Пасадачная яма павінна быць не глыбей за 50 см, а ў шырыню не больш за 60 см. Перад высадкай яму запаўняюць перагноем, дадаюць драўняны попел (прыкладна 4 шклянкі).

Гэтай маліне для сілкавання велізарнай колькасці завязі, якая ўтварылася, неабходны падкормкі. Як толькі пачынаюць утварацца першыя ягады, падкормліваем настоем каравяку або птушынага памёту. Каравяк разводзім у суадносінах 1 вядро каравяку на 6-7 вёдраў вады, а птушыны памёт — на 16—18 вядзёр і туды ж дадаём 50 г суперфасфату і адзін літровы слоік попелу. Пад кожны куст даем па вядры падкормкі і адразу ж паліваем 4-5 вёдрамі вады. Другую падкормку робім такім жа настоем, калі ягады пачынаюць налівацца і павялічвацца ў памерах. Абавязковая падкормка і падчас збору ўраджаю. Гэтую, трэцюю, падкормку робім пасля першага збору, таксама спалучаючы з палівам. Падчас паспявання ягад і збору ўраджаю нельга дапускаць высыхання глебы: ягады драбнеюць.

Кумберленд добра размнажаецца насеннем і ўкаранёнымі верхавінамі парасткаў. Маладыя парасткі звычайна да канца ліпеня дасягаюць даўжыні 2—3 м і дугападобна схіляюцца да зямлі. Верхавіна, дасягнуўшы паверхні глебы, утворыць булавападобную галоўку і ўкараніцца, ператвараючыся да тэрміну восеньскай пасадкі ў саджанец з добра развітой каранёвай сістэмай. Верхавіны, якія ўкараніліся, на вышыні 20—30 см можна аддзяліць секатарам ад асноўнага куста і саджаць на новае месца. Калі каранёвая сістэма да тэрміну пасадкі аказалася слабай, то яе да вясны можна пакінуць на месцы, не аддзяляючы ад куста, або перасадзіць на градку на дарошчванне.

Пры насенным размнажэнні насенне адразу пасля збору ўраджаю высейваюць на загадзя падрыхтаваную градку на глыбіню 2—3 см, добра мульчыруюць перагноем, торфам або пілавіннем і ўмерана паліваюць. Увесну ўсходзіць каля 40—60% насення. З'яўленне ўсходаў можа працягвацца ўсё лета. Насенне можна сеяць і вясной, але для гэтага патрабуецца доўгая (150—180 дзён) стратыфікацыя.

Адным з асноўных захадаў догляду, які забяспечвае багаты ўраджай, з'яўляецца спосаб фарміравання куста. Як толькі маладыя парасткі бягучага года дасягнуць даўжыні 1,2—1,5 м (гэта адбываецца прыкладна ў канцы чэрвеня), трэба прышчыпнуць верхавіну. Пасля выдалення верхавіны сцябло пачынае разгаліноўвацца і з'яўляюцца бакавыя парасткі па ўсёй яго даўжыні. З гэтай працэдурай спазняцца нельга. Чым раней выдаляюцца верхавіны, тым раней з'яўляюцца бакавыя парасткі і тым лепш выспяваюць.

Другое абразанне робім позна ўвосень, адначасова з выдаленнем двухгадовых парасткаў, якія адпладаносілі. Усе бакавыя атожылкі, якія да гэтага часу дасягаюць даўжыні 1—1,5 м, кароцім, пакідаючы кожны даўжынёй 30—50 см. Прыводзім ў парадак і самі кусты: у кожным кусце пакідаем 10—12 штук самых магутных парасткаў, астатнія выдаляем, выразаючы ля самай зямлі. На зіму парасткі куста прыгінаюць да зямлі. Ранняй вясной іх неабходна падняць, выдаліць паламаныя і падвязаць. Цвіце маліна на пачатку чэрвеня.

Карысныя ўласцівасці

Ягады сорту Кумберленд не толькі смачныя, прыгожыя і маюць незвычайны для малін колер, але і валодаюць карыснымі лячэбнымі ўласцівасцямі. Вітамін P, які змяшчаецца ў ягадах, умацоўвае сценкі сасудаў. У іх ёсць антацыяны, якія ўмацоўваюць капіляры і якія аказваюць супрацьсклератычнае дзеянне. Маліны Кумберленд багатыя на вітаміны, вугляводы, арганічныя кіслоты.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.