Вы тут

Праверка на боегатоўнасць


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй нясення баявога дзяжурства ў 61-й знішчальнай авіяцыйнай базе Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны, з асаблівасцямі выканання задач дзяжурнымі разлікамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час наведвання Прэзідэнту Беларусі было даложана аб арганізацыі баявога дзяжурства ва Узброеных Сілах, перспектывах будаўніцтва і развіцця ВПС і войскаў ППА, парадку нясення баявога дзяжурства па ППА ў авіяцыйнай базе. Кіраўнік дзяржавы наведаў месца нясення службы дзяжурных экіпажаў, праверыў гатоўнасць дзяжурнага экіпажа да выканання задач баявога дзяжурства.

Дзяжурнаму звяну была дадзена каманда «паветра», пасля чаго дзяжурны экіпаж падрыхтаваў самалёт МіГ-29 да выканання пастаўленых задач, якія былі рэалізаваны ва ўстаноўлены час. Тэхнічны персанал выканаў усе дзеянні па падрыхтоўцы самалёта да вылету, лётчык запусціў рухавік і прадэманстраваў гатоўнасць да вырашэння задач.

Далей кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з узорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, якая знаходзіцца на ўзбраенні беларускай арміі. Прэзідэнту далажылі аб стане, перспектывах развіцця і ўтрымання ўзбраення і ваеннай тэхнікі ВПС і войскаў ППА, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і навігацыі.

Паколькі важным напрамкам развіцця Узброеных Сіл з'яўляецца больш шырокае выкарыстанне беспілотных лятальных комплексаў, Прэзідэнту былі прадэманстраваны беспілотныя комплексы, якія ўжо знаходзяцца на ўзбраенні, а таксама беспілотныя лятальныя комплексы беларускай вытворчасці. Прадстаўнікі галоўнага штаба ВПС і войскаў ППА, ваенна-прамысловага комплексу расказалі аб тактыка-тэхнічных характарыстыках прадстаўленых узораў беспілотных лятальных апаратаў і магчымасцях іх прымянення.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб стане і перспектывах развіцця тэхнікі разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, навігацыйна-тапаграфічнай тэхнікі і тэхнікі сувязі.

Фінальным пунктам праграмы наведвання стала нарада.

Узброеныя Сілы Беларусі ў бліжэйшы час будуць правераны на боегатоўнасць, заявіў Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі наведвання 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў ходзе наведвання брыгады праверыў гатоўнасць дзяжурных экіпажаў да выканання баявога дзяжурства. «Я хацеў праверыць, ці паказуха гэта падрыхтаваць дзяжурныя самалёты да вылету. Як аказалася, шэсць з паловай хвілін — і самалёт быў ужо на ўзлёце», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым, паводле яго слоў, у Расіі на гэтыя ж дзеянні адводзіцца 18 хвілін, ва Украіне, Польшчы — каля 15 хвілін.

Прэзідэнт таксама азнаёміўся з лінейкай вырабляемай тэхнікі. «Мы ў Беларусі ўсё ж умеем тэхніку рабіць. І калі нават не вырабляць, то аднаўляць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, цяпер шмат дзяржаў у свеце займаюцца мадэрнізацыяй і аднаўленнем ваеннай тэхнікі, паколькі яе закупка — гэта вельмі дорага. «Напрыклад, танк Т-72 — добры танк, які яшчэ выкарыстоўваецца і доўга будзе выкарыстоўвацца. Навошта новы купляць, калі можна аднавіць і мадэрнізаваць? Мы ўсё гэта ўмеем рабіць у Беларусі. У нас ёсць завод у добрым стане. Мы можам мадэрнізаваць самалёты, верталёты. Таму яны тут у лінейцы прадстаўленай тэхнікі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Што датычыцца сродкаў разведкі, сувязі, гэта вытворчасць суперсучасных сістэм, якая наладжана ў Беларусі.

На думку Прэзідэнта, перспектыва — гэта беспілотныя лятальныя апараты. «Мы гэта асвоілі ў сябе», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама расказаў: «Сёння мы вызначаліся, колькі павінна быць ваенных гарадкоў (сёння іх каля 250), колькі павінна быць такіх баз, як гэта». «Мы ў палявых умовах паспрабавалі кінуць позірк на нашу армію і якой яна павінна быць заўтра, якая цана пытання. І практычна мы прынялі рашэнне, за выключэннем некалькіх нюансаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама заклікаў не спяшацца з вывадам самалётаў Су-27 са складу ВПС Беларусі. Прэзідэнт выказаў думку, што, зыходзячы з вопыту войнаў краін арабскай дугі, не трэба спяшацца выводзіць з сістэмы абароны Беларусі некаторыя віды тэхнікі. «Дапусцім, ці патрэбны нам Су-27 — магутны дарагі самалёт? Я выказаўся за тое, што нам трэба падумаць і ўсё ж такі захаваць гэтыя самалёты на нейкі, дапусцім, пагражальны перыяд, як бы дорага гэта ні было», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.