Вы тут

Танней ужо не будзе?


Эксперты сталічнага рынку арэнды прагназуюць павелічэнне цэннікаў да першых дзён студзеня яшчэ на 20—50 долараў

Нагадаю, што ў апошняй дэкадзе жніўня і ў верасні ў Мінску назіраўся моцны студэнцкі ажыятаж, які практычна цалкам «вымыў» усё бюджэтнае арэнднае жыллё ў горадзе. Цэннікі тады «зашкальвалі». Асобныя кліенты разлічвалі, што ў лістападзе цэны крыху знізяцца, аднак гэтага практычна не адбылося... Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку арэнды і прагнозы на бліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» паведаміла намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра гандлю нерухомасцю «ПАКАДАН» Аксана ЛУКАШЭВІЧ.

1385010622467_21-36

1385010622467_21-36

 

Выбару і цяпер няма

Аднак сёння сітуацыя крыху змянілася, бо з рынку знікла вялікая колькасць менавіта нервовых кліентаў, якім арэндныя кватэры неабходна было знайсці амаль імгненна. Так, попыт крыху зменшыўся, аднак і прапановы больш не стала. Справа цяпер нават не ў колькасці памяшканняў, якія прапануюцца, а ў адсутнасці танных стандартных кватэр. Кліенты і ў лістападзе працягваюць заказваць у агенцтвах невялікае па плошчы жыллё па кошце 350-400 долараў. Аднак на рынку цяпер жылых памяшканняў па такіх цэнах ужо няма.

Павышаны попыт на кампактнае жыллё павялічыў мінімальны цэннік аднапакаёвых кватэр да 430—450 долараў, а ўвогуле кошт падобнага жылля дасягае ў многіх гаспадароў нават 500 долараў. Удакладняю, што па такім кошце сёння часам прапануюцца звычайныя кватэры ў стандартных панэльных дамах. Самы распаўсюджаны цэннік двухпакаёвых кватэр таксама вагаецца ў межах ад 450 да 500 долараў. Крыху лепшыя па якасці двухпакаёўкі ўжо з сур'ёзным рамонтам, сучаснай кухняй і пральнай машынай могуць прапаноўвацца часам і за 500—600 долараў. Масавы кошт прапановы трохпакаёвых кватэр вагаецца ў межах ад 700 да 1000 долараў. Бываюць выпадкі, калі на рынак трапляюць і трохпакаёўкі за 650 долараў, але іх звычайна адзінкі. Спадарыня Лукашэвіч адзначае, што сёння ліквідных бюджэтных кватэр катастрафічна не хапае.

Рынак арэндных кватэр для агенцтваў звузіўся

 

Наш эксперт канстатуе той факт, што ў апошнія месяцы ўсё меншая колькасць уладальнікаў свабоднага жылля звяртаецца па дапамогу ў спецыялізаваныя агенцтвы нерухомасці. Гаспадары такога жылля пачалі часцей шукаць кватарантаў самастойна — праз уласныя аб'явы ў глабальнай сетцы. Магчыма, што гэта звязана з нежаданнем уласнікаў плаціць падаткі дзяржаве. Другім фактарам можа быць той факт, што па «шэрым» алгарытме здаюцца такія кватэры, якія былі пабудаваны з выкарыстаннем ільготнага крэдыту. А вось такое жыллё афіцыйна рэгістравацца ў жыллёва-эксплуатацыйных службах цяпер ужо не можа.

Зразумела, што гэта проста незаконна, і мы такі алгарытм здачы не вітаем. Больш за тое, пры самастойным пошуку гаспадары жылля могуць трапіць у шэраг непрыемных сітуацый. Бывалі выпадкі, калі з кватэры знікалі дарагія бытавыя прыборы і мэбля. Часам у свае кватэры ўласнікі рэгіструюць замежнікаў, якіх потым выпісваюць толькі праз суд. А ў агенцтвах прафесіяналы дасканала растлумачаць кліентам усе нюансы беларускай прыватнай арэнды. Напрыклад, спецыялісты агенцтваў абавязкова парэкамендуюць гаспадарам дарагіх апартаментаў зрабіць дакладны вопіс кватэры і ўсяго, што ў ёй знаходзіцца. Пры здачы жылля грамадзянам з іншай краіны існуюць спецыфічныя тонкасці.

Прыватную арэнду чакае суцэльная стандартызацыя?

Аб чым тут ідзе гаворка? Аксана Лукашэвіч упэўнена, што ў сталіцы неабходна правесці стандартызацыю ўсіх відаў кватэр, якія здаюцца ў арэнду. Тады кожнае жылое памяшканне будзе мець свой дакладны сярэдні арэндны кошт. Такі арэндны кошт кватэры будзе залежаць ад планава-эканамічнай зоны жылля, ад «узросту» і тыпу дома, а таксама ад пэўных характарыстык непасрэдна жылога памяшкання. Паводле меркаванняў нашага эксперта, такі ўсярэднены стандарт неабходна ўвесці для ўсіх удзельнікаў рынку арэнды. Каб нават прыватныя кватэраздатчыкі ўспрымалі гэты стандарт не ў якасці рэкамендацыі, а на ўзроўні закона. У гэтым выпадку спажыўцы такой паслугі будуць дакладна ведаць прыкладны цэннік таго ці іншага жылля. Памер арэнднай платы стане больш стабільным і прагназуемым. Хутчэй за ўсё, лабіраваць укараненне падобнай сістэмы актыўна пачнуць падатковыя службы, якія змогуць з большай дакладнасцю адсочваць памеры даходаў грамадзян ад гэтай дзейнасці. А вось уладальнікам свабодных «квадратаў», мабыць, прыйдзецца крыху падкарэктаваць свае «апетыты».

Арэнда дакладна таннець не будзе

У цяперашняй сітуацыі жорсткага дэфіцыту ўсіх відаў здымнага жылля ў самае складанае становішча трапілі маладыя сем'і з дзецьмі. Амаль усе гаспадары арэнднага жылля адмаўляюць гэтай катэгорыі кватарантаў. Выключэнне робіцца толькі для вялікіх па плошчы шматпакаёвак з мінімальным наборам мэблі і бытавых прыбораў. Такія кватэры звычайна не маюць вялікага попыту ў большасці патэнцыяльных кватарантаў. Таму гаспадары вялікіх пустых шматпакаёвак згаджаюцца нават на пэўныя зніжкі. Аднак агульная тэндэнцыя на рынку прадугледжвае не памяншэнне ставак арэнды, а, хутчэй, стабілізацыю цэннікаў на сённяшнім узроўні, ці нават невялікага іх павелічэння. Аксана Лукашэвіч прагназуе магчымае падаражанне арэнды да новага года на ўзроўні 20—50 долараў у сегменце аднапакаёвых кватэр. А ў наступным годзе сітуацыя з арэндай можа нават пагоршыцца, бо ў маі Мінск прымае сусветнае першынство па хакеі, а значыць, і вялікую колькасць замежных турыстаў...

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.