Вы тут

Цi варта звяртацца да Макбета?


Славутая трагедыя Шэкспiра на сцэне коласаўцаў

Зварот да сусветных узораў класiчнай драматургii для дырэктара — мастацкага кiраўнiка Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Якуба Коласа Валерыя Анiсенкi — справа заканамерная.

1385184119396_23-17

Больш за год таму, калi заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусi Валеры Анiсенка ўзначалiў коласаўскi тэатр, прыхiльнiкi вiцебскай Мельпамены адчулi: да нас вяртаецца атмасфера той сцэны, з якой гучыць сапраўднае слова, якому нельга не паверыць i якога чакаеш...

Пастаноўка «Макбет» Валерыя Анiсенкi стала падзеяй у тэатральным жыццi коласаўцаў, добрай прыкметай часу вяртання да вытокаў, натуральным выйсцем за межы звыклага. Праца над шэкспiраўскай трагедыяй была для яго не новай. Двойчы Анiсенка звяртаўся да гэтага матэрыялу падчас мастацкага кiраўнiцтва Рэспублiканскiм тэатрам беларускай драматургii, прадстаўляў спектакль гледачам у Англii, дзе меў безумоўны поспех. Ён застаецца верным пастулату: каб годна працаваць з нацыянальнай драматургiяй, трэба добра ведаць, што сабой уяўляюць лепшыя ўзоры сусветнай класiчнай драмы.

«Макбет» на сцэне коласаўскага тэатра наскрозь пранiзаны дынамiкай, рухам, у якiм цесна пераплецены гiстарычны час шатландскага караля Дункана i сучаснасць з яе алегарычным светаўяўленнем. Спектакль атрымаўся даволi лаканiчным. Дзве дзеi пралятаюць як на адным дыханнi, i гэта не дазваляе гледачу расслабiцца, трымае ўвагу залы, ствараючы адзiную атмасферу перажывання гiстарычных падзей i маральнага выбару чалавека. Лаканiчнасць пастаноўкi ў той жа час убiрае ў сябе ўсю шырыню i глыбiню шэкспiраўскай трагедыi, надае спектаклю сучасны iмпэт. Адчуць подых сучаснасцi на сцэне дапамагае не толькi цiкавая рэжысура, але i выразная работа мастака па касцюмах Нiны Гурло, таленавiтая харэаграфiя Дзiяны Юрчанкi, сцэнаграфiя i святло — мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка. Рэжысёр наўмысна тонка i асцярожна ўводзiць у тканiну спектакля элементы эротыкi зусiм не з мэтай такiм чынам пазабавiць гледача. Здаецца, гэта робiцца дзеля таго, каб пазбегнуць суцэльнага патоку жорсткасцi i гвалту, карцiны, тыповай для Сярэднявечча. Каб наблiзiць змест тэатральнай ігры да звычайных чалавечых пачуццяў. Газета «Scottish art» адзначала ў жнiўнi 1996 года, калi «Макбет» Валерыя Анiсенкi быў паказаны на мiжнародным фестывалi ў Шатландыi: «Гледачы ўбачылi ўнiкальны сiнтэз феерыi, жарсцi i гвалту...» Дарэчы, спектакль беларускага рэжысёра-пастаноўшчыка быў названы тэатральнай з'явай, якая не мае аналагаў у 50-гадовай гiсторыi Эдынбургскага тэатральнага фестывалю.

I вось 2013 год. «Макбет» вяртаецца на вiцебскую сцэну. Прэм'ерны паказ адбыўся ў маi на Мiжнародным тэатральным фестывалi «Мельпамена Таўрыi» пад адкрытым небам Херсона. Украiнская крытыка вiтала прэм'еру коласаўцаў, вызначыла ўнiкальнасць сцэнiчнага ўвасаблення, эксперыментальнасць. З мэтай наблiзiць драматычны час Макбета да сучаснай аўдыторыi рэжысёр выводзiць акцёраў за межы сцэнiчнай пляцоўкi, такiм чынам уключаючы ў гульню тэатральнага гледача.

Ролю Макбета выконвае Юрась Цвiрка. Акцёр з амплуа камедыйнага хiтруна нечакана раскрываецца перад гледачом зусiм з iншага боку. Сапраўды, калi Гасподзь надзялiў талентам, дык ён не можа быць аднабаковым! Юрась упэўнена дэманструе шырокi дыяпазон свайго акцёрскага майстэрства. Яго Макбет то ахоплены жарсцю, то паглыбляецца ў фiласофскiя разважаннi, то раптоўна на вачах змяняецца тварам i прадстае хлуслiвым д'яблам, якога яшчэ нядаўна ўсе лiчылi сапраўдным героем. Шматаблiчнасць Макбета ў выкананнi Цвiркi ўражвае i падаецца пераканаўча. Яго выдатная работа не пакiдае гледача абыякавым, прымушае ўзвысiцца над будзённым, абуджае да лепшага, да хараства. Так, у гэтым i заключаецца магiчная сiла мастацтва! Катарсiс — ачышчэнне праз душэўныя перажываннi.

— Работа над «Макбетам» была i складанай, i лёгкай, — гаворыць Валерый Анiсенка. — Галоўны вынiк — адкрыццё магутнага драматычнага акцёра Юрася Цвiркi. Нечакана, неспадзявана... Ён здолеў мяне пачуць i пайсцi за мной. Гэта работа стала прыкладам работы для iншых. Калi так будзе i надалей, магутная коласаўская трупа ўзрасце.

Юрась Цвiрка працуе ў адным тандэме з Iрынай Цiшкевiч (лэдзi Макбет), якая не саступае мужнаму супругу ў каларыце асобы, што прагне ўлады i пасля захлынаецца, гiне ў гэтым прагненнi. Макдуф (Георгiй Лойка), Банко (Яўген Бераснеў), Стары (Валянцiн Цвяткоў), пачварныя вядзьмаркi — усе ствараюць выразныя вобразы шэкспiраўскай трагедыi, якая i сёння вучыць сучаснiкаў не ператвараць жыццё ў «паганы балаган», бо ўсё адно «канец з'яўляецца пачаткам». «Маральны кодэкс», вызначаны класiкам, вядомы кожнаму. Але ж адкуль чэрпае сваю сiлу тая самая жудасць, «якой яшчэ на свеце не было»?

Пастаноўка «Макбета» на коласаўскай сцэне не звужаецца рамкамi нейкага тэатральнага эксперыменту. Гэта самастойны феномен, суцэльная навука, сапраўдная творчая лабараторыя для акцёраў, якiя знаходзяцца ў пастаянным пошуку. Як не пагадзiцца з тым, што добрая класiчная драматургiя ў пастаноўцы сучаснага рэжысёра дазваляе акцёру спаўна раскрыць свае магчымасцi. У выйгрышы аказваюцца ўсе, i ў першую чаргу — гледачы.

Святлана Дзядзiнкiна.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.