Вы тут

«Ты ў чарзе на высяленне»


Каб дастукацца да кожнага даўжніка, магілёўскія камунальнікі выкарыстоўваюць у тым ліку і нетрадыцыйныя метады

«Калі гара не ідзе да Магамета, Магамет адпраўляецца да яе сам», — па гэтым прынцыпе дзейнічаюць у Магілёве.

1387339331181_1

— Калі не дапамагае звычайнае ўздзеянне на неплацельшчыка, — такое, як наведванне на даму, тэлефоннае папярэджанне, хадайніцтва па месцы працы, адключэнне паслугі, мы ўжываем больш дзейсныя рычагі, — кажа намеснік дырэктара Магілёўскага цэнтра гарадскіх інфармацыйных сістэм (ЦГІС) Павел Жуйкоў. — Напрыклад, замест звычайнага тэлефанавання падключаем аўтаробат, які нагадвае пра доўг кожны дзень, або наклейваем на дзверы паведамленне: «Ты ў чарзе на высяленне».

І такіх метадаў у камунальнікаў дастаткова. Вядома, што калі чалавек не вылучаецца ўзорным ладам жыцця і злоўжывае алкаголем, ён не вельмі турбуецца пра тое, што ў яго не аплачана па рахунках. Але калі на бутэльках з пладова-ягадным напоем з'явіліся этыкеткі з... прапановай звярнуцца ў разлікова-касавыя цэнтры, каб вырашыць пытанне па даўгах, гэта мела свой вынік. Не тое каб ва ўсіх, хто злоўжывае гарэлкай, раптам прачнулася сумленне... Але ж людзі крыху дысцыплінаваліся. Калісьці даўжнікам нават аказвалі дапамогу ў працаўладкаванні — з умовай, што пэўны працэнт з заробку будзе ўтрыманы ў кошт доўгу. У апошні час цэнтр выйшаў на новы ўзровень у сваіх эксперыментах і пачаў весці пошук неплацельшчыкаў праз сацыяльныя сеткі.

1387339334919_2

— На такі крок мы пайшлі пасля таго, як не змаглі знайсці каля 100 неплацельшчыкаў, — кажа Павел Жуйкоў. — Але пасля пошукаў у інтэрнэце трэць з іх адгукнулася. Гэта тыя, хто паехалі на працу за межы краіны і думалі, што нічога страшнага не будзе, калі разлічацца з намі пасля вяртання дадому. Людзі былі вельмі здзіўлены тым, што іх шукаюць нават праз інтэрнэт.

Вельмі карысным атрымалася і супрацоўніцтва з банкамі. Звяртаецца, напрыклад, такі неабавязковы чалавек па крэдыт, а яму кажуць: маўляў, рады былі б дапамагчы, але ж не маем магчымасці. Калі чалавек не плаціць за камунальныя паслугі, то які да яго давер?

Затое для добрасумленных плацельшчыкаў ЦГІС распрацаваў сваю сістэму заахвочванняў. Ёсць дамоўленасць з крамай бытавой тэхнікі «Догма», якая пры прад'яўленні жыроўкі па аплаце за апошні месяц дае магчымасць набыць той жа тэлевізар або халадзільнік з растэрміноўкай на некалькі месяцаў без пераплаты.

Акрамя гэтага, з 2006 года ў горадзе праводзіцца конкурс, у якім удзельнічаюць тыя, хто ў тэрмін аплачвае паслугі. А найбольш каштоўныя прызы разыгрываюцца паміж жыльцамі, якія гэта робяць да 15 чысла кожнага месяца.

На жаль, зусім без даўжнікоў не абыходзіцца. На 1 лістапада ў Магілёве іх было 4827. А такіх, якія не плацяць за камуналку больш за год — 1400 чалавек. Да іх прымаюцца больш жорсткія меры. Калі чалавек не плаціць 3 месяцы, яму адключаюць, напрыклад, гарачую ваду, а калі больш — падаюць іск у натарыят або суд.

— У гэтым годзе за 10 месяцаў мы падалі 50 іскавых заяў, — адзначае Павел Жуйкоў. — Але ніводнага рашэння аб высяленні неплацельшчыкаў прынята не было. У такіх абставінах хутка знаходзяцца грошы, каб разлічыцца з намі, ці ў самога даўжніка, ці ў яго сваякоў. А вось летась аднаго даўжніка ўсё ж прыйшлося перасяліць у кватэру меншай плошчы і горшых спажывецкіх якасцяў. Падменны фонд у нас не вельмі вялікі, але яго дастаткова.

Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фотаздымкі Анатоля КЛЕШЧУКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.