Вы тут

Пісьменнік, мецэнат, грамадзянін


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 31.01.14 г.

_____________________________________________________________________________

...Гісторык, прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2013) — усё гэта адзін чалавек, Анатоль Васільевіч Статкевіч-Чабаганаў. На мінулай ММКВК была шырока прэзентаваная чатырохтомная серыя яго гісторыка-дакументальных кніг “Я — сын Ваш”, адзначаная дыпломам І ступені Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” ў намінацыі “Духоўнасць”.

Чабаганаў

 

Цікава, што заслужаны і прызнаны пісьменнік-гісторык не атрымаў спецыяльнай адукацыі. Праўда, вучыўся шмат. Скончыў Ленінградскі інстытут дакладнай механікі і оптыкі, Вышэйшую школу кіравання пры АПК СССР, Школу эканомікі і англійскай мовы (Вялікабрытанія). Ствараючы фундаментальную кнігу “Я — сын Ваш”, прасочваючы свой радавод ад 1320 г. і натуральна закранаючы гісторыі іншых  шляхецкіх радоў (больш як сарака), кансультаваўся з прафесійнымі гісторыкамі, архівістамі, даследчыкамі генеалогіі і г. д. Актыўна супрацоўнічае з Беларускай праваслаўнай царквой, дапамагае аднаўляць храмы.

Дзейнасць Анатоля Статкевіча-Чабаганава нагадвае справы славутых дзеячаў мінуўшчыны, якія таксама не абмяжоўваліся кампетэнцыяй у адной галіне. Гутарка з універсальнай асобай і мецэнатам нашых дзён — выдатны ўрок цікавасці да свету і людзей.

— Анатоль Васільевіч, хто ваша чытацкая аўдыторыя?

— Гэта людзі, якія цікавяцца нашай гісторыяй і культурай, а таксама, канешне, спецыялісты, вучоныя-гісторыкі. Цікавіць яна і настаўнікаў, а праз іх — дзяцей. Дарэчы, у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі” выходзіць кніга “Лёс роду, лёс Радзімы”, рэкамендаваная для старэйшага школьнага ўзросту.

Калі вы пачалі займацца даследчыцкай дзейнасцю?

— У 1989 годзе, калі прыйшлі паперы аб рэабілітацыі рэпрэсіраваных у 1930 г. сваякоў, я пачаў працу ў архівах КДБ, каб дазнацца як мага больш пра іх лёс. Праз гэты пошук зацікавіўся і лёсамі іншых людзей. Таму падумаў, што вынікі ўрэшце будуць карыснымі не толькі для мяне і для маёй сям’і.

— Напэўна, тады і ўзнікла мэта паказаць гісторыю Айчыны праз гісторыю ўласнага роду?

— Так, мэта выспела паступова. Па-першае, я зразумеў, што Айчына для чалавека — не проста яго краіна, але эпоха, у якую ён жыве. Па-другое, лічу, што гісторыя павінна захоўвацца менавіта праз чалавека, яго памяць пра продкаў. Для гісторыі значны кожны лёс, асабліва лёс “маленькага чалавека”. Пра вялікіх і знакамітых пішуць шмат. Але ж гісторыя — сукупнасць лёсаў, і таму — сукупная памяць.

Пасля шматгадовай працы з пісьмовымі крыніцамі — сведчаннямі, дакументамі — цяпер мяне больш за ўсё цікавяць непасрэдныя, жывыя ўспаміны простых людзей.

Гэта наступны этап творчай дзейнасці?

Менавіта так.

— Як прызнанага даследчыка і пісьменніка вас, напэўна, запрашаюць на сустрэчы з моладдзю?

— Часта сустракаюся з маімі землякамі на Любаншчыне і, канечне, са школьнікамі таксама. Яны звычайна пытаюцца: “Як вывучыць свой род, з чаго трэба пачынаць?” Адказваю, што перш за ўсё варта распытаць пра мінулае бабулю, дзеда, паглядзець уважліва сямейныя фота, асабліва выявы часоў вайны... А ўвогуле, трэба ўсведамляць, што кожны мінулы год — ужо гісторыя.

–       У якой ступені вы лічыце спраўджанай вашу місію летапісца?

— Галоўнае — даць прыклад. Я зацікаўлены ў тым, каб гэты прыклад скарыстала як мага больш людзей, таму фінансую адпаведныя выданні ў заснаванай мной серыі.

Гутарыла Таццяна СТУДЗЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.