Вы тут

Электроннае дэклараванне дапаможа хутчэй перасекчы мяжу


У Брэсце прайшоў семінар Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны «Практыка прымянення мытнага заканадаўства ва ўмовах Мытнага саюза».

Парламентарыі мелі магчымасць вывучыць асобныя моманты работы законаў на практыцы. Для гэтага яны наведалі міжнародныя пункты пропуску «Казловічы» і «Варшаўскі мост», а таксама транспартна-лагістычны цэнтр «Брэст-Белмытнясэрвіс».

21-4

Ацэнка работы мытнікаў і памежнікаў, якая прагучала падчас адкрыцця пленарнага пасяджэння з вуснаў намесніка старшыні парламента Віктара ГУМІНСКАГА, была даволі высокай. Сёння дагаворная база Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы ўключае ў сябе больш за 150 міжнародных дагавораў. Нашай краінай ратыфікавана каля 70 дакументаў у рамках Мытнага саюза і 17 дагавораў па фарміраванні АЭП. Гэта вельмі вялікі пласт работы.

Але галоўнае, сёлета чакаецца гістарычная падзея — падпісанне Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Яго рэалізацыя запатрабуе кадыфікацыі ўсёй нарматыўна-прававой базы Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Перад парламентамі нашых краін паўстануць новыя, яшчэ больш складаныя задачы, якія давядзецца вырашаць. Бо Адзіная эканамічная прастора, паводле слоў Віктара Гумінскага, — гэта новыя магчымасці для развіцця бізнесу, нарошчвання экспарту тавараў і паслуг унутры рынку трох краін. І як вынік — стварэнне ўмоў для годнага жыцця і свабоднага развіцця 170 мільёнаў грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі 20 мільёнаў квадратных кіламетраў.

Як вядома, у 2013 годзе быў прыняты закон «Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь», які ўступіў у сілу ў красавіку гэтага года. Цяпер яго трэба канчаткова прывесці ў адпаведнасць з агульным заканадаўствам Мытнага саюза і АЭП. На гэты конт дзяржаўнай мытнай службай ужо падрыхтаваны чатыры праекты ўказаў, — паведаміў дэпутатам намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей БАРЫСЮК. Ён жа расказаў, як мытня дабілася значнага скарачэння часу на афармленне грузавога транспарту. На 24 пунктах пропуску краіны праходзіць у сярэднім 28 тысяч аўтамабіляў за суткі. Большасць часу кожны вадзіцель траціць на пераход ад службы да службы і чаканне кантролю. Дык вось, калі санітарны і ветэрынарны кантроль грузаў перадалі пад ведамства мытні, час на праходжанне кантролю для кожнага аўтамабіля скараціўся прыкладна на 15 хвілін. Чвэрць гадзіны — гэта сотня лішніх грузавікоў, якія могуць перасячы мяжу на кожным пераходзе за суткі. Гэта ўжо сур'ёзнае дасягненне.

Сёння таксама гаворка ідзе пра пераход на поўнае электроннае дэклараванне, што дазволіць істотна палепшыць праходжанне мытных фармальнасцяў і скараціць іх час.

Міністр па мытным супрацоўніцтве Еўразійскай эканамічнай камісіі Уладзімір ГОШЫН сказаў, што не за гарамі час, калі паўстане пытанне аб адмене працэдуры мытнага пераафармлення. Калі б удалося дасягнуць адпаведных дамоўленасцяў з краінамі Еўропы і груз афармлялі па адзіным стандарце адразу з першапачатковага пункта ў канцавы, не давялося б яго на нашых мытнях пераафармляць, як гэта робіцца сёння. І тады час праходжання на мяжы з дзвюх-трох гадзін скараціўся б да паловы гадзіны. Гэта быў бы прынцыпова іншы ўзровень супрацоўніцтва наогул. Недзе 90% грузаў, якія праходзяць праз межы Мытнага саюза, паводле сцвярджэння Уладзіміра Гошына, не ўяўляюць сабой нейкай небяспекі. Таму працэдуру іх праверкі можна смела скарачаць. Такім чынам можна пакласці пачатак новай сістэме перамяшчэння грузаў ад Уладзівастока да Лісабона.

Але ж гэта, на думку дэпутатаў, справа больш далёкай перспектывы. Пра бліжэйшыя праекты расказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін СУМАР. І перш за ўсё мелася на ўвазе рэканструкцыя, ці правільней сказаць, узвядзенне новага пункта пропуску «Пясчатка», дзе замест 2 палос руху будзе 16. Гэты сумесны з Еўрасаюзам праект знаходзіцца ў стадыі актыўных будаўнічых работ. А на стадыі двухбаковага абмеркавання другі праект — будаўніцтва новага Варшаўскага моста. Не, сам пункт пропуску пад такой назвай дастаткова сучасны і адпавядае ўсім патрабаванням. Малым і вузкім для патоку машын стаў уласна мост праз раку, які даў назву пераходу. Наспела патрэба ўзвесці новы мост або пабудаваць другі побач. Тады чарга машын на мяжы стане значна меншай.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.