Новым выклікам і пагрозам можна супрацьдзейнічаць толькі шляхам кансалідацыі сіл і магчымасцяў
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія прыехалі ў Мінск для ўдзелу ў 36-м пасяджэнні Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў — удзельніц СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў скарачэнне ўдзельнікаў сустрэчы, кіраўнікоў спецслужбаў СНД, што абумоўлена выхадам Грузіі з Садружнасці. Пра падобныя намеры заяўляе таксама Украіна.
«Тым не менш новыя выклікі і пагрозы настойліва патрабуюць каардынацыі нашых агульных намаганняў і максімальнага выкарыстання інтэграцыйных магчымасцяў Садружнасці для ўмацавання бяспекі краін-удзельніц», — падкрэсліў Прэзідэнт. «Сёння нас спрабуюць раз'яднаць, нацкоўваючы адзін на аднаго, выкарыстоўваючы любыя нагоды, уключаючы скажэнне гісторыі. Мэта зразумелая — трэба выкараніць агульную памяць пра тое, хто перамог у Вялікай Айчыннай вайне, хто вызваліў Еўропу ад фашызму, стварыць умовы для новага перадзелу свету, зацвердзіўшы сваё панаванне ў розных частках планеты», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, апошнім часам традыцыйныя міжнародныя інстытуты забеспячэння бяспекі, на жаль, не заўсёды здольныя эфектыўна супрацьстаяць глабальным выклікам. Прычым гэтыя пагрозы не могуць быць нейтралізаваны на ўзроўні асобных дзяржаў, супрацьдзейнічаць ім магчыма толькі шляхам кансалідацыі намаганняў. І асаблівая роля ў гэтым працэсе адведзена спецслужбам, іх уменню аналізаваць і прагназаваць развіццё становішча, якое складваецца.
«Нам не варта звонку чакаць эфектыўных рэцэптаў супрацьдзеяння выклікам і пагрозам рэгіянальнай бяспецы. Мы адказныя за стабільнасць на нашых землях і павінны фарміраваць сумесныя механізмы рэагавання на дэстабілізуючыя фактары», — падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт адзначыў, што беларускі бок гатовы падзяліцца сваім вопытам забеспячэння бяспекі маштабных мерапрыемстваў.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што глабальная нестабільнасць абумоўлівае неабходнасць нарошчвання сумесных намаганняў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам, экстрэмізмам, транснацыянальнымі дэструктыўнымі фарміраваннямі, злачынствамі ў галіне высокіх тэхналогій. Прэзідэнт таксама заклікаў звярнуць пільную ўвагу на пытанні барацьбы з карупцыяй: «Мы бачым, да якіх разбуральных наступстваў можа прывесці татальная карупцыя, узведзеная ў ранг дзяржаўнай палітыкі, на прыкладзе, у тым ліку, нашых бліжэйшых суседзяў».
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.