Вы тут

Ліпеньскі зарад літаратурнага задавальнення


На падыходзе чарговая, сёмая «Маладосць»

А значыць, аматары часопіса зноў маюць нядрэнны шанц атрымаць зарад літаратурнага задавальнення. Што ж мы знойдзем пад вокладкай ліпеньскага нумара? Пройдземся звыклым маладосцеўскім маршрутам паэзія-проза-крытыка-публіцыстыка.

16-5

Пагаворым пра паэзію. Тут прадстаўлены Алесь Круткін і Юрка Буйнюк — маладыя аўтары маладой і дзёрзкай паэзіі. Чарговай партыяй сваіх дасціпных вершаў вас пацешаць сталы ўжо маладосцевец Віктар Лупасін, а таксама паэт Дзмітрый Пятровіч.

З празаікаў сёмага нумара «Маладосці» найбольш адметны аўтар-«навічок» Андрэй З-і з надзвычай спецыфічнай навелай-эпапеяй «Рака», якая будзе сапраўднай «цукерачкай» для аматараў паблукаць па лабірынтах і неадназначных вобразах. Чытайце ў нумары таксама працяг аповесці Віталіі Багун «Гігантык», касмічна-фантастычнай версіі славутага «Тытаніка», ды новы твор Валерыя Гапеева «Неадпраўленая аповесць».

Сярод крытычных матэрыялаў вы знойдзеце глыбокі аналіз матываў Гётэ ў творчасці Уладзіміра Караткевіча, праведзены даследчыцай літаратуры Евай Лявонавай. Фігура Караткевіча, дарэчы, стаіць «у цэнтры» ліпеньскага нумара, бо менавіта на гэты месяц прыпадае дзень адыходу пісьменніка ў лепшы свет. Уладзіміру Сямёнавічу прысвечана традыцыйная маладосцеўская апытанка, дзе чытачы часопіса дзеляцца асацыяцыямі і ўражаннямі адносна пісьменніка і яго твораў.

У рубрыцы «Эпісталярый» вы знойдзеце сапраўды эксклюзіўны матэрыял — ліст Караткевіча да жонкі, напісаны падчас адпачынку ў Друскеніках. Прачытаўшы яго, вы ўбачыце пісьменніка з нефармальнага боку, што ў выпадку з Караткевічам асабліва каштоўна, бо ён быў неверагодна магутнай і прыгожай асобай, чалавекам, якім можна ганарыцца і захапляцца. Акрамя таго, вы зможаце ацаніць здольнасці Караткевіча-мастака.

Працягвае нас радаваць рубрыка «ГістфакТ», дзе па-ранейшаму вахту нясе Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Чытайце працяг захапляльных мемуараў філарэта Эдварда Тамаша Масальскага, сучасніка і аднадумцы славутых Адама Міцкевіча, Яна Чачота і Тамаша Зана. Дар'я Палынская, студэнтка гістфака таго самага Полацкага ўніверсітэта, вырашыла падзяліцца даволі інтымным матэрыялам — дзённікам сваёй этнаграфічнай практыкі. Гэты дзённік пагрузіць вас у бесклапотную, творчую, поўную энергіі і энтузіязму атмасферу студэнцтва і не раз прымусіць усміхнуцца.

Публіцыстыка сёмага нумара «Маладосці» — гэта інтэрв'ю з цікавымі маладымі асобамі ў рубрыках «Выбітныя» і «Без вышэйшай адукацыі», артыкул псіхолага Святланы Сітнік пра цэласнасць быцця і многае іншае... Чытайце «Маладосць» і не дазваляйце лету быць сумным!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.