Вы тут

Гісторыя маёй сям'і


У фае Магілёўскай мытні адкрылася незвычайная выстава

Усе яе экспанаты прынеслі са сваіх сямейных архіваў супрацоўнікі гэтай установы. Сярод іх — копіі фатаграфій дзядоў і прадзедаў, удзельнікаў вайны, узнагародныя і пахавальныя лісты, даведкі, паведамленні аб зніклых без вестак...

— Выстава прысвечана 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — кажа намеснік начальніка аддзела кадраў і ідэалагічнай работы Эла Чарнова. — Мы вырашылі паказаць, што кожны з нас мае дачыненне да той Перамогі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сярод фота ёсць і сапраўды рарытэтныя. На здымку 69-гадовай даўніны чацвёра бравых салдат сядзяць за сталом з келіхамі піва. Ды не абы-дзе, а ў Германіі. Вайна скончылася, і зусім хутка яны вернуцца дадому. Аж не верыцца, што ім пашчасціла ўцалець у той мясарубцы. «Гэта Дзмітрый Іванавіч Ігнаценка — дзед нашага галоўнага інспектара Таццяны Галанчанкі, — удакладняе Эла Іосіфаўна. — Ён быў прызваны на фронт у першыя дні вайны. Але эшалон трапіў пад бамбёжку. Шмат людзей загінула, а дзед нашай супрацоўніцы і яшчэ адзін яго аднавясковец не ведалі, што рабіць, і вярнуліся дахаты. Іх забралі зноў і адправілі ўжо на перадавую. Дзмітрый Іванавіч быў некалькі разоў паранены, але яму пашчасціла дайсці да Берліна. Там ён і сустрэў Перамогу. На здымку ён з таварышамі якраз яе і адзначае. Родныя, на жаль, не ведаюць, дзе дакладна знаходзілася гэтая кавярня, але дзед казаў, што каля рэйхстага».

А вось начальнік аддзела мытных расследаванняў Ігар Балук дзякуючы выставе нават знайшоў новыя звесткі пра свайго дзеда — Мікалая Мікалаевіча Казлова. Да нядаўняга часу, акрамя фатаграфіі свайго 28-гадовага продка, ён нічога не меў. Пасля вайны родныя шукалі яго, але з ваенкамата прыйшоў толькі невялічкі адказ: прапаў без вестак у маі 1945-га. Яго старэйшы сын, калі служыў у Германіі, нават хадзіў па савецкіх мемарыялах у спадзяванні, што знойдзе роднае прозвішча. Безвынікова. Шукалі звесткі і ў архівах, і праз перадачу «Чакай мяне»... «Калі я прынёс гэтае фота на нашу выставу, мне падказалі адрас сайта «Подзвіг народа», дзе я знайшоў 2 загады, — распавёў Ігар Мікалаевіч. — З іх я даведаўся, што ў дзеда было 2 медалі «За адвагу». Адзін ён атрымаў у канцы 1944 года, а другі — у самым пачатку 1945-га. Ён быў старшым тэлефаністам і вызначыўся, калі пад моцным агнём праціўніка забяспечваў бесперапынную сувязь назіральнага пункта з батарэяй. У інтэрнэце я прасачыў баявы шлях дывізіі, дзе ён ваяваў. Яна была сфарміравана ў Новарасійску, вызваляла Крым, Чарнігаў, Брэст, Польшчу, а свой шлях завяршыла на Эльбе. Калі я прыйшоў да маці з гэтымі ўзнагароднымі лістамі, яна ўзяла іх у рукі, села і заплакала...»

Прыкладаў мужнасці і самаахвярнасці, аб якіх сведчыць выстава, вельмі шмат. У старшага інспектара Вольгі Канічэнкі ваявалі і дзед, і прадзед. Прадзед Пётр Васільевіч Дракаў узначальваў падпольную арганізацыю Магілёўскай чыгункі, якая забяспечвала інфармацыяй партызан і праводзіла дыверсіі. Летам 1943-га ўсе 16 чалавек гэтай арганізацыі былі арыштаваны і пакараны смерцю. Пётр Дракаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Яго прозвішча пазначана на мемарыяльнай дошцы на будынку чыгуначнага вакзала.

Кожная гісторыя заслугоўвае таго, каб трапіць у летапіс памяці. Дарэчы, як запэўніла Эла Іосіфаўна, адкрыццё экспазіцыі — гэта толькі пачатак вялікай акцыі. Яна яшчэ будзе папаўняцца. А вынікам стане выданне кнігі памяці ў наступным годзе.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне.