У ціхай затоцы вялікай рэчкі жыла Жаба. Яна лавіла мушак і камароў, рабіла запасы на зіму, любіла прыгожа апранацца, шыкаваць перад суседкамі ў новых строях. І ля хаткі сваёй садзіла ўсё новыя і новыя гарлачыкі, хоць кветак ніколі не любіла.
— Ах, якая я працаўніца, — расказвала ўсім, — ах, якая разумніца! Не тое, што мой муж — цэлы дзень ляжыць на канапе. І як ён толькі трывае!
А яшчэ Жаба любіла пасядзець з суседкай — выпіць кавы з плёткамі.
— Ці бачыла ты, якія маленькія вочкі ў Жабяняці — унука старой Жабіхі? Жах! Жах!.. А якія вялізныя — ва ўнучкі Жабулі?.. Жабяня (ты ці чула?) заляцаецца да Жубы... А Жабулін муж начуе ў Жабіхі... Жах! Жах...
Жаба працавала прадавачкай. Але справы ў яе зусім не ішлі, бо яна магла сказаць пакупніцы: «Так, гэта добрая спаднічка, прыгожая, але ж не з тваімі крывымі нагамі яе насіць», альбо: «Шыкоўны падкоўдранік, але ж навошта табе двухспальны, калі твой муж спіць цяпер з іншаю?»
Карацей, ні інтэлекту, ні такту Жаба не мела, затое жаданняў...
Аднойчы, налавіўшы мушак, яна сядзела на вялікім лісце — «пасвіла» матылькоў і пчолак. Раптам пайшоў дождж.
— Ква-ква, як цудоўна! — зашумела Жаба.
Ды раптам убачыла, што матылькі і пчолкі раскрылі парасоны. А ў яе... няма.
— Хачу парасон! — сказала вечарам Жаба свайму мужу.
— Навошта ён табе? — здзівіўся той. — Мы ж здаўна жывём у вадзе.
— Ну і што? Хачу, — упёрлася Жаба і заплакала. — Ах, якая я гаротная! Ты мяне зусім не цэніш...
Трэба сказаць, што гэта была няпраўда: муж вельмі любіў сваю Жабу. Ён паляваў па ўсіх затоках вялікай рэчкі, і яго жонка ні ў чым не ведала адмовы.
Вось і цяпер — не прайшло і тыдня, як Жаба ўжо сядзела пад парасонам і расказвала суседцы, які бесталковы яе Жаб: каб не яна, сям'я анічога не мела б! Што гэта яна загадала мужу паехаць у іншую затоку, зарабіць там грошай і купіць парасон. Ах, якая асалода сядзець пад ім!
Але тут, як на заказ, пайшоў дождж. Суседка склікала і іншых жаб паглядзець на парасон. Жабы — вялікія і малыя, дарослыя і дзеці — паселі на лісціках і дружна заквакалі. Яны радаваліся дажджу і дзівіліся на Жабу. А яна, важна надзьмуўшыся, сядзела пад сваім парасонам.
Ёй таксама нясцерпна хацелася нырнуць у ваду, да іншых, пад дождж, але ж яна сама толькі што выхвалялася, што пад парасонам лепей. Значыць, трэба было сядзець і не квакаць.
Людміла Баброўская,
г.п. Падсвілле, Глыбоцкі раён
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?