Вы тут

Выпрабаванне каханнем і пакутамі


або Спектаклі пра ўсіх нас

Як і чакалася, міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа», які праходзіў у Брэсце, падарыў гледачу некалькі знакавых спектакляў. І на адно з першых месцаў я паставіла б работу Невялікага драматычнага тэатра з Санкт-Пецярбурга. Тэатр-студыя Льва Эрэнбурга з паўночнай сталіцы Расіі ў нас выступаў трэці раз. І зноў іх спектакль стаў сенсацыяй.

Паглядзела старыя фестывальныя буклеты і сабе не паверыла: спектакль «На дне» ішоў на брэсцкай сцэне аж у 2006 годзе. Да гэтай пары помніцца яркая, таленавітая работа. І незвычайная, віртуозная, не бачаная дагэтуль ігра акцёраў. Даводзіцца здзіўляцца, як цэлы тэатральны калектыў можа быць адной камандай у час спектакля! Ім верыш, заражаешся іх эмоцыямі і пражываеш дзею на сцэне міжволі. Гэта ўражанні яшчэ з таго, 2006 года. А цяпер усё паўтарылася, толькі на больш высокім узроўні. Тэатр пасталеў. Ён быў створаны ў 1999 годзе на базе выпускнога акцёрска-рэжысёрскага курса Царскасельскага філіяла Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі тэатральнага мастацтва. Значыць, калектыву споўнілася 15 гадоў. За гэты час Леў Эрэнбург выхаваў з былых студэнтаў сапраўдных акцёраў, якія бліскуча трымаюцца на сцэне.

Сёння ў рэпертуары Невялікага драматычнага тэатра сем спектакляў. Спектакль «Ю», які паказалі ў Брэсце, — прэм'ера. Ён нечым, дарэчы, пераклікаецца з работай «На дне». Там былі людзі з беднай начлежкі, а тут — з савецкай камуналкі. І нават там, на самым сапраўдным дне жыцця, нейкая недарэчная карліца ўвесь час гаварыла пра загадкавы горад, дзе ўсіх будуць любіць проста так. А ў спектаклі «Ю» любяць па-сапраднаму — і з такімі жарсцямі, што многім і не снілася. У анонсе фестывальнага паказу па п'есе Вольгі Мухінай Леў Эрэнбург сказаў: «Гэта п'еса пра каханне — пра тое, якім розным яно бывае, пра вернасць і цнатлівасць».

І не толькі. Насельнікі камунальнай кватэры ў шматпавярховым доме — не героі свайго часу. Пра іх не здымалі стужак савецкія кінастудыі, не пісалі ў творах сацыялістычнага рэалізму. Гэта зусім не шчаслівыя людзі, што па волі лёсу ці па збегу абставін жывуць у доме, на якім згубіліся літары старой шыльды. Ад іх засталося толькі «СКОМУ НАРО». Вось і яны сталі ў нейкім сэнсе абломкамі сваёй эпохі і ахвярамі ўласнага ўспрымання жыцця. І ў камуналках многія ўмудраліся жыць прыстойна. Ды тут не той выпадак. Героі тэатральнай дзеі ўвесь час п'юць з гранёных шклянак, а яшчэ ўскрываюць сабе вены, глытаюць жменямі таблеткі, страляюцца, труцяцца газам. І ўсё з-за праклятага кахання.

Яно, каханне, тут як паталогія, як від псіхічнага расстройства. Героі адначасова выклікаюць шкадаванне і агіду. Але наперакор усяму яны хочуць кахання і дабіваюцца яго, праўда, самымі неверагоднымі і спецыфічнымі спосабамі. Не губляе надзею нават алкаголік Сцяпан Іванавіч, які разумее, што яго шлюб развальваецца, але спадзяецца што «палавіна» ўсё ж зашые старыя штаны. І яго жонка Лізавета Сяргееўна, пра якую можна, відаць, сказаць словамі аднаго з герояў Караткевіча «...баба добрая, чаго ні папрасі — не адмовіць». А яе каханак аднаногі Барсукоў соты раз прапануе бегчы куды вочы глядзяць. Вось толькі бегчы ім няма куды. Яго сын Мікалай, што пакутуе на ДЦП, напісаў на Краснай плошчы вялікімі літарамі «Аня». Ён любіць Аню, а тая паталагічна закахалася ў вялікія рукі суседа Андрэя, якія ў дзяцінстве запляталі ёй косы. Паэт Андрэй, што пранікнёна чытае вершы Іосіфа Бродскага, здаецца, любіць адну гарэлку. Таму яго жонка Наталля шукае ўцеху з пажадлівым, як сакавіцкі кот, суседам Севам. А сусед цікавы тым, што сам ходзіць і налева, і направа, а жонцы не хоча дараваць здраду. Жонка ж Севы без памяці кахае правінцыяла Дзіму... Карацей, «Санта Барбара» адпачывае.

Прадказальны трыумф

Пасля таго, як у афішы фестывалю з'явіўся тэатр «Мена Фортас», лёс гран-пры можна было лічыць вырашаным. Так і адбылося: галоўную ўзнагароду фэсту атрымаў сусветна вядомы калектыў. Выканаўца галоўнай ролі Рэмігіюс Вілкайтыс адзначаны дыпломам за лепшую мужчынскую ролю.

Паводле рашэння журы фестывалю, спектакль «Ю» Невялікага драматычнага тэатра з Санкт-Пецярбурга атрымаў прыз за лепшую рэжысуру. За лепшую жаночую ролю адзначана актрыса Ровенскага тэатра Ніна Мікалаева ў спектаклі «Апошні тэрмін».

Нават самая старая насельніца гэтай дзіўнай кватэры, як аказалася, да гэтай пары кахае лётчыка Віцю з далёкай сваёй маладосці... Колькі ўсяго намяшалася ў старой камуналцы! Людзі жывуць у сваім замкнёным свеце, ім не цікава, што адбываецца за сценамі іх жылля. Яны пражываюць трагедыю няспраўджанага кахання на мяжы надрыву. Гэтым нервовым рогатам альбо п'янымі слязьмі артысты амаль заражаюць гледача. Падчас дзеі ні аб чым не думаеш, проста жывеш ёю.

Усведамленне прыходзіць потым. Які ж, аказваецца, слабы і безабаронны чалавек перад каханнем! А да кахання свядома ці падсвядома імкнуцца ўсе: і высокія інтэлектуалы, і не абцяжараныя адукацыяй і культурай індывідуумы. Значыць, спектакль — пра нас, насельнікаў усіх кватэр і дамоў.

Калі гаварыць пра сёлетні фестываль, то нельга абысці яго знакавую падзею — спектакль Някрошуса «Кніга Іова». Як справядліва зазначалі ў кулуарах фэсту, прыезд славутага тэатра з Вільнюса — гэта ўжо гонар фестывалю. А што датычыць пастаноўкі на адзін з біблейскіх сюжэтаў, варта аддаць належнае вялікай смеласці, нават дзёрзкасці рэжысёра. Пасля спектакля адна глядачка сказала: «Для мяне гэта занадта высокае мастацтва». Шчыра кажучы, падчас дзеі ў мяне таксама часам узнікалі такія здрадніцкія думкі. Асэнсаванне магутнасці і значнасці сапраўднага мастацтва прыйшло паступова і потым. Можа, таму яшчэ ўспрыманне крыху запаволілася, што спектакль ішоў на літоўскай мове. Увесь час даводзілася глядзець на экран з цітрамі, што адцягвала ўвагу ад таленавітай ігры акцёраў. Нялёгкі для ўспрымання тэкст старазапаветнай Кнігі Іова не быў зменены зусім. Больш за тое, манатонны біблейскі аповед розныя персанажы прамаўлялі тройчы. Мінімум дэкарацый і часам такая нечаканая сцэнаграфія. Чалавек з дагістарычных часоў Іоў выступаў перад намі ў сучасных джынсах. Вось толькі яго льняная кашуля крыху сімвалізавала адзежу «без часу». А каб паказаць сілу пакут ад фізічнай немачы, рэжысёр павесіў на грудзі Іова гронку электрычных лямпачак...

Які ж, аказваецца, слабы і безабаронны чалавек перад каханнем! А да кахання свядома ці падсвядома імкнуцца ўсе: і высокія інтэлектуалы, і не абцяжараныя адукацыяй і культурай індывідуумы. Значыць, спектакль — пра нас, насельнікаў усіх кватэр і дамоў.

23-35

А сюжэт, як і ўсе біблейскія, просты. Жыў на свеце праведны чалавек. Ён быў багаты, меў жонку і дзесяць дзяцей. Вёў сваю гаспадарку і славіў імя Госпада. Але д'ябал схіліў Бога выпрабаваць чалавека на трываласць. І першае выпрабаванне той вытрымаў. Калі загінула сям'я і пайшло прахам багацце, Іоў вымавіў: «Бог даў, Бог узяў». Але князю цемры гэтага аказалася мала, ён падгаварыў Творцу наслаць страшную хваробу на праведніка. І калі цела Іова пакрылася балючымі струпамі і язвамі, ад якіх не было збаўлення, Іову стала цяжка. Ён прасіў Бога аб адным — аб смерці як пазбаўленні ад пакут. Але і гэта не пасылалася гаротніку. Замест гэтага прыходзілі сябры Іовы і даводзілі яму аб нейкіх яго грахах і неабходнасці пакорліва несці свой крыж. Ды ўсяму ёсць мяжа, праведны чалавек не можа больш праслаўляць Бога, ён чакае тлумачэнняў: за што ўсё гэта яму? Але адказу на свае пытанні не атрымлівае. Як часта ў жыцці кожнага бываюць такія моманты, калі хочацца спытаць: «За што?». Хоць загадзя ведаеш, што адказу на гэтыя пытанні не будзе.

У старазапаветным тэксце Кніга Іова мае шчаслівы фінал: за вялікія пакуты чалавек атрымлівае ўзнагароду: яму вяртаецца ўсё, чаго пазбавілі. У спектаклі рэжысёр ставіць шматкроп'е: пакутнік-герой па чарзе адкусвае яблык з боку Бога і з боку д'ябла. І да яго з усіх бакоў цягнуцца чалавечыя рукі. Хто ж пераможа ў барацьбе за душу чалавека, невядома... Лёс свой ніяк не абыдзеш. І чалавек нараджаецца для пакут. Пра ўсё гэта сотню разоў паспяваеш падумаць, пакуль адным вокам чытаеш словы тэксту, другім сочыш за віртуознай ігрой артыстаў тэатра-студыі «Мена Фортас» і спрабуеш разгадаць шматлікія алегорыі, якімі напоўнены спектакль. Усё ж вільнюсцы паказалі нам сапраўды высокае мастацтва, за якое трэба быць удзячным фестывалю «Белая вежа».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM?