Ён не толькі падобны да самога... Якуба Коласа, але і, як славуты зямляк, піша вершы... Больш за тое, па сцэнарыях Уладзіміра Мароза знята звыш 60 дакументальных фільмаў, ён узнагароджаны Ганаровай граматай і нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», медалём Саюза беларускіх кінематаграфістаў «За выключныя заслугі ў беларускім кінематографе».
[caption id="attachment_66440" align="alignnone" width="600"] «Колькі сябе памятаю, бацькі ставілі ў хаце жывую ёлку. Гэтую традыцыю шаную і ў сваёй сям'і».[/caption]
«Я ж знарок пластычную аперацыю не рабіў»
— Пачну з падарункаў, трэба ж адпавядаць cвайму прозвішчу, — усміхаецца Уладзімір Мароз і дастае з партфеля два ўласныя зборнікі вершаў ды дыскі з фільмамі пра Коласа і Караткевіча. Так пачалося маё знаёмства з вядучым рэдактарам студыі «Летапіс» «Беларусьфільма». Назіраю, як ён падпісвае кнігі, і не веру сваім вачам...
— Мне часта гавораць, што я падобны да Коласа, — злавіў мой цікаўны позірк Уладзімір Вікенцьевіч. — Калі праводжу творчыя сустрэчы ў школах і настаўнікі пытаюцца ў дзяцей: «На каго наш госць падобны?», усе, як адзін, адказваюць «на Якуба Коласа». Так сталася ў жыцці, што толькі я адзін з чатырох братоў тварам пайшоў па мамінай лініі. Не падумайце, знарок жа пластычную аперацыю не рабіў (жартуе). Мой дзед родам з Мікалаеўшчыны, насіў прозвішча Міцкевіч і быў далёкім сваяком Якуба Коласа. Маці казала, што, калі ў нашай сям'і ладзілі вяселле, то Коласаву радзіну таксама клікалі.
Я ж, хоць і нарадзіўся ў Косаве (туды бацькі трапілі настаўнічаць па размеркаванні), але кожнае лета бавіў час у бабы з дзедам. Памятаю, як мы з бацькам хадзілі да брата Коласа — Юзіка, які жыў у Смольні. Ён на памяць ведаў усю «Новую зямлю» і вельмі эмацыйна чытаў нам асобныя ўрыўкі. Найбольш ахвотна пра сябе, памятаеце: «А гэты Юзік-шаляніца, / Малы яшчэ, зусім дурніца, / Так пад нагамі і таўчэцца / Або, як хвост той, валачэцца»... Ужо дарослы Юзік казаў, што ў дзяцінстве ён сапраўды быў шаляніцам, узгадваў, як яму было балюча, калі дзядзька шурпатым пальцам пад носам праводзіў у якасці пакарання за тое, што «ад работы адрывае».
«Новая зямля» — лічу, твор проста непераўзыдзены. Мы нават дакументальны фільм, які знялі пра Якуба Коласа, так і назвалі «У пошуках новай зямлі». А што такое новая зямля? Я лічу, гэта, уласна кажучы, рай: у перакладзе са старажытнаіранскай — з усіх бакоў абгароджанае месца. Пагадзіцеся, чалавек ва ўсе часіны шукаў яго на зямлі — па-першае, для сябе, для сваёй сям'і. Як шукаў зямлю, каб быць гаспадаром на ёй, бацька Якуба Коласа ў паэме, так і сам Колас, як народны Пясняр, шукаў рай для Беларусі, каб яна жыла добра. Склаўся стэрэатып, што Колас быў досыць лаяльны да ўлады, у адрозненне ад Купалы, які змагаўся за ідэю незалежнасці. Мне як аўтару сцэнарыя хацелася яго разбурыць. Якуб Колас змагаўся за тое ж самае ўсё жыццё. Успомніць хоць бы яго адкрыты ліст аб сітуацыі з беларускай мовай, напісаны ў 1956 годзе.
Згараючы ад нецярпення, папрасіла спадара Мароза запусціць на камп'ютары падораны фільм. У вобразе Песняра, пераканалася на ўласныя вочы, сам Уладзімір Вікенцьевіч. Асабліва кранальныя фінальныя кадры, калі Якуб Колас ідзе па лесе, ля берага Нёмана. Там не проста партрэтнае падабенства, там нават пластыка супадае.
— Гэтую ідэю дырэктар музея Якуба Коласа спачатку ўспрыняла ў штыкі. І тое, што нейкі акцёр будзе іграць славутага пісьменніка, і тое, што ён будзе сядзець за яго сталом... Але мастацтва патрабуе ахвяр. Рэжысёру ўдалося ўгаварыць Зінаіду Камароўскую. Праўда, потым, калі яна паглядзела фільм, ён ёй спадабаўся, — усміхаецца Уладзімір Вікенцьевіч.
— Коласаўская зямля — знакавае для мяне месца, — прызнаўся наш Дзед Мароз. — Бо менавіта на дзедавым хутары ў Мікалаеўшчыне я ўвасобіў для сябе і сваёй сям'і кавалачак раю.
[caption id="attachment_66441" align="alignnone" width="600"] У вобразе Якуба Коласа падчас здымак фільма.[/caption]
Адзін з герояў майго фільма, айцец Сергій Гардун (які ў складзе біблейскай камісіі Новы Запавет перакладаў на беларускую мову), слова «благодать» перакладае, як «благадаць». Маўляў, «народ прывык». Я лічу, што гэта няправільна. Раз мы «благовестие» перакладаем, як «дабравесце», то і «благодать» трэба перакладаць, як «дабрадаць». Тым больш «блага» па-беларуску значыць «дрэнна». Я лічу, што дабрадаць хораша гучыць. І кнігу сваю так назваў, бо яна звязана з дзедавай хатай, дзе я сапраўды душой адчуваю дабрадаць.
Чаму Караткевіч ездзіў на пахаванне Сталіна?
— «Святло Караткевіча» — гэта ўжо чацвёрты фільм пра Уладзіміра Сямёнавіча, — кажа спадар Мароз. — Аднак кінахронікі жыцця Караткевіча, на жаль, няма, ніхто пры жыцці не зняў пісьменніка на плёнку. Зрэшты, я ведаю адны здымкі — каля вогнішча на беразе Свіслачы, але вельмі дрэннай якасці. У архіве Белтэлерадыёкампаніі захаваўся, акрамя таго, запіс юбілейнага вечара Караткевіча 1980 года, хоць сам пісьменнік там мала гаварыў — усяго хвіліны тры. Але яго прамова была вельмі эмацыйная, і мы ўключылі гэты кавалачак у свой фільм.
Асаблівая ўвага ў фільме нададзена Рагачову. Пра гэты горад рэдка згадваюць, калі кажуць пра Караткевіча. Між тым Рагачоў для яго быў, як Болдзіна для Пушкіна або Акопы для Купалы. Там ён завяршыў раман «Каласы пад сярпом тваім», аповесць «Чазенія». Там працякае тая ж рака, што і ў Оршы, і ў Кіеве, — гарадах, дзе Караткевіч нарадзіўся і вучыўся. Ён сам казаў, што «Дняпро цячэ праз маё сэрца».
— Дарэчы, мая любоў да Караткевіча пачалася менавіта з «Чазеніі». Аповесць трапілася на вочы ў маскоўскім часопісе «Маладая гвардыя», па-руску. Сам я быў у той час школьнікам. Гэтая гісторыя кахання ўразіла, легла на душу, і далей немагчыма было не шукаць кніг Караткевіча. У мяне да гэтага часу захаваўся пераплёт з першых публікацый у часопісе «Маладосць» аповесці «Чорны замак Альшанскі». У савецкі час кнігі Уладзіміра Сямёнавіча былі дэфіцытам.
У Кіеве, дарэчы, нам пашчасціла запісаць інтэрв'ю з яго аднакурсніцай і музай спадарыняй Сняжко. Яна расказала, што аднойчы быў выпадак, калі Караткевіч мог загінуць. Ён зайшоў у трамвай, але грошай на квіток не было. Кандуктарка высадзіла яго. Вагон пайшоў далей па крутых дняпроўскіх спусках і ўрэзаўся ў сцяну нейкага манастыра, многія пасажыры загінулі... У фільм таксама не ўвайшоў фрагмент пра тое, як яшчэ студэнтам Караткевіч ездзіў на пахаванне Сталіна. Ён хацеў стаць сведкам гістарычнай падзеі, таму і паехаў у Маскву. Там трапіў у цісканіну, выцягваў людзей з натоўпу... Пасля ўніверсітэта Уладзімір па размеркаванні працаваў у вёсцы Лесавічы Кіеўскай вобласці настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Факт вядомы. Але ў гэтай вёсцы ніхто з даследчыкаў біяграфіі пісьменніка ніколі не бываў. Я вырашыў, што мы абавязкова туды паедзем. Аднапавярховы цагляны будынак школы памятае Караткевіча да гэтага часу. Што самае цікавае, мы знайшлі ў вёсцы вучняў пісьменніка. Караткевіч, узгадваюць яны, вылучаўся як выкладчык: вучыў іх думаць, і яго вельмі любілі. Адзін з яго вучняў сам цяпер выкладае ў інстытуце. Уяўляеце, ён і вершы Караткевіча ведае на памяць.
[caption id="attachment_66442" align="alignnone" width="600"] З жонкай Вольгай і ўнукамі Мэцью і Майклам.[/caption]
— Уладзімір Вікенцьевіч, вось вы мне падарылі фільмы пра Коласа і Караткевіча, за што вялікі дзякуй. Але ж дзе іх можна ўбачыць нашым чытачам, якіх вы, думаю, заінтрыгавалі?
— Наша кіно недаступнае для гледача ў той ступені, як яно гэтага заслугоўвае.Такая рэальнасць і такі наш боль (уздыхае). Шоу, серыялы, бясконцыя «Зорныя цыркі» і «Зоркі на лёдзе», «страшылкі» пра пакемонаў і аповеды пра асабістае жыццё расійскіх «зорак» па-ранейшаму займаюць месца аўтарскай дакументалістыкі на экранах тэлевізараў... Штосьці са з'яўленнем новага канала «Беларусь 3» мяняецца ў лепшы бок, дзякуй Богу.
«Не варта баяцца позніх дзяцей»
— Так, усе школьнікі ведаюць, хто такі Якуб Колас, але калі цяпер спытаць у якога-небудзь маладога чалавека, які твор Коласа яму хацелася б перачытаць, той, хутчэй за ўсё, нічога не адкажа. Вось ён, плён школьнай «абавязалаўкі» — калі тэкст трэба кроў з носу прачытаць ці вывучыць, але не зразумець ці палюбіць. Недзе я вычытаў, колькі помнікаў Тарасу Шаўчэнку ва Украіне. Лічба проста ашаламіла — 600 з нечым. А колькі ў нас помнікаў Коласу, Караткевічу? Пальцаў адной рукі хопіць. Дык вось я перакананы, што не толькі фільмаў павінна быць шмат, але і больш помнікаў трэба ставіць славутым беларусам ды вазіць дзяцей па гэтых мясцінах. Калі падвядзеш да манумента ды яшчэ пры гэтым займальна раскажаш, то абавязкова нейкі жывы след застанецца ў памяці. Але адной школы недастаткова, шмат залежыць ад сям'і. Мае бацькі былі настаўнікамі, маці выкладала беларускую мову і літаратуру, бацька — рускую. Тым не менш у сям'і толькі па-беларуску размаўлялі. Таму, пэўна, я ўсё жыццё прысвяціў Беларусі. Фільмы і кнігі — усё пра родную краіну і толькі па-беларуску. Бо, лічу, беларус на чужой мове наўрад ці што вартае зможа напісаць...
Адзін час я працаваў у «Бярозцы» намеснікам галоўнага рэдактара. Неяк перад Новым годам маці Міхася Южыка прынесла ў рэдакцыю яго апавяданне «Калядныя зоркі»... Вельмі наіўнае, пра хлопчыка, які чакае Новы год... Я тое апавяданне паправіў крыху. І яго надрукавалі ў пераднавагоднім нумары. Толькі потым даведаўся, што Міхась Южык з-за сваёй траўмы ўжо даўно не выходзіць з дому. Потым ён згадаў: «Памятаю сваё здзіўленне, калі Уладзімір Мароз маё першае, яшчэ не дасканалае апавяданне надрукаваў перад Калядамі». Гэта для яго быў найлепшы падарунак на свята. Так, сам таго не ўсведамляючы, я аказаўся для юнага творцы Дзедам Марозам, які падарыў яму першую публікацыю на беларускай мове.
— Вы ўжо двойчы дзед, але пры гэтым застаяцеся вельмі энергічным. Ёсць нейкі сакрэт маладосці?
— Я займаюся любімай справай, а яшчэ... У мяне трое дзяцей. Розніца паміж малодшым і старэйшым сынам 14 гадоў. У 1993 годзе, калі мне было 40, а жонцы 39, вырашылі ўзяць царкоўны шлюб, павянчаліся. А раз шлюб, дык трэба і пра дзяцей думаць (смяецца). Так з'явіўся малодшы сын. Я сам са шматдзетнай сям'і. І мне заўсёды хацелася, каб і ў мяне была вялікая сям'я. Калі першы раз стаў дзедам, малодшы сын яшчэ ў школе вучыўся. Таму не варта баяцца позніх дзяцей, бо яны падаўжаюць маладосць. Мае ўнукі жывуць у Фларыдзе. Сын вучыўся ў Амерыцы, дык ажаніўся з амерыканкай. Старэйшага Мэцью я называю на беларускі капыл — Мацвеем, малодшага Майкла — Міхалам. З сынам я па тэлефоне і пры сустрэчы па-беларуску размаўляю. Унукі — што адзін, што другі, — вядома, чуюць беларускія слоўцы і паўтараюць. Вось жылі б бліжэй, бачыліся б часцей, дык я іх хутка абеларусіў бы. А пакуль сам вучу англійскую мову: трэба ж з унукамі, калі падрастуць, кантактаваць неяк. Чытаў недзе, што калі ў сталыя гады пачаць вывучаць замежную мову, дык гэта дапамагае мозг захоўваць у добрым стане, падаўжае жыццё.
Мой суразмоўца прызнаўся, што з таго часу, як нарадзіўся першы ўнук, сябрам SMS ды паштоўкі падпісвае: «Віншую з Новым годам. Уладзімір, дзед Мароз». Ахвотна пагадзіўся напісаць некалькі цёплых слоў і ў адрас чытачоў «Звязды»... Прымайце, шаноўныя!
Надзея ДРЫЛА, фота Надзеі БУЖАН і з асабістага архіва Уладзіміра Мароза.
Што за таемнымі дзвярыма?