Ці задумваліся вы, што ў лесу, як і ў чалавека, таксама ёсць свае ўрачы, якія старанна вывучаюць яго хваробы і ратуюць ад шкоднікаў? Такія абавязкі мае лесапатолаг Капыльскага лясгаса Вікторыя ЕЎСЮЧЭНЯ. Дзяўчына паехала ўслед за мужам Сяргеем, які ўжо другі год працуе тут па размеркаванні памочнікам ляснічага.
Пакуль Сяргей праводзіць агляд лесасек, з намі размаўляе Вікторыя. Гэта цяпер сям'я асела ў Капылі. А да той пары, пакуль адносіны не былі зарэгістраваны афіцыйна, у пары заставаліся рознагалоссі — куды ехаць працаваць? Аднак лепей пачаць расповед пра сям'ю Еўсючэняў з іншага моманту.
...Абое вырашылі вучыцца на майстроў лесу ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы. Трапілі яны ў адну групу і з самага першага курса пасябравалі. Сама Вікторыя з Полацка, ёй было лёгка, бо вучылася ў родным горадзе. Наконт выбару прафесіі доўга сумнявалася: як гэта звычайна здараецца з моладдзю, хацелася і таго, і другога, і трэцяга — карацей, паспрабаваць сябе ва ўсім. Да апошняга думала ісці ў ветэрынары. Аднак перад вачыма быў удалы прыклад старэйшай сястры, якая вучылася ў Полацкім лясным каледжы на майстра лесу. Лясную справу не назавеш жаночым заняткам, але з кожным годам на гэтую спецыяльнасць паступае ўсё больш дзяўчат. Заканчваў установу і родны дзядзька Вікторыі. Падумаўшы, яна пасля дзевяці класаў паступіла ў каледж.
У Сяргея была іншая гісторыя: ён ураджэнец Капыля, а вучыцца паехаў ажно ў Полацк. Напрошваецца справядлівае пытанне — чаму хлопец вырашыў выбрацца па веды так далёка? Тым больш што, як і Вікторыя, доўга перабіраў спецыяльнасці. Аказалася, на Полаччыне жыве бабуля Сяргея, і клапатлівы ўнук выправіўся ёй на дапамогу. За гады вучобы хлопец зразумеў, што жыццё ўдалечыні ад дома не цукар, і па размеркаванні вырашыў вярнуцца ў родны край, куды пасля забраў і жонку.
Доўгі час яны проста сябравалі. Сяргей некалькі разоў рабіў спробы прызнацца ў сваіх пачуццях, аднак дзяўчына ўпарцілася і не прымала заляцанняў. Сама тлумачыць паводзіны так: хацела праверыць — ці сапраўды гэта каханне. Дапамог разабрацца выпадак. Воляю лёсу «сяброў» паставілі напарнікамі для выканання сумеснага праекта па экалогіі, і праца вымагала частых сустрэч. Пасля здачы праекта, які абаранілі на «выдатна», усё і закруцілася. Гэта быў апошні курс навучання, а ў хуткім часе закаханыя атрымалі дыпломы і раз'ехаліся па размеркаванні: Вікторыя — у Бярэзінскі біясферны запаведнік, а Сяргей — у Капыльскі лясгас. Ведалі б раней, што так складзецца — паехалі б разам.
— У Бярэзінскім запаведніку я працавала майстрам лесу, — узгадвае дзяўчына. — Там была свая спецыфіка: высечкі не праводзіліся. А супрацоўнікаў усяго і было, што я, памочнік ляснічага ды чатыры леснікі. Цішыня і спакой.
Аднак за 400 кіламетраў застаўся каханы, ды і год рэдкіх сустрэч даўся ў знакі: трэба было нешта мяняць. Летась у лютым яны ажаніліся, і муж забраў маладую жонку з запаведных мясцін на сваю радзіму, у Капыль. На новым месцы Вікторыі давялося змяніць профіль працы: з майстра лесу яна перакваліфікавалася ў інжынера-лесапатолага. Іншымі словамі, стала лясным «доктарам».
— Па першым часе не ведала, што рабіць, бо ў кніжках напісана адно, а на практыцы атрымліваецца зусім іншае. Але напрамак цікавы, пастаянна даведваюся штосьці новае, — расказвае Вікторыя. — Гэта сезонная праца, якая пачынаецца з канца красавіка і працягваецца да канца лістапада. Зімою шкодныя кузуркі, як вядома, спяць.
Лесапатолаг паказвае рабочы інструмент: пластмасавыя конусападобныя пасткі для насякомых. Адной такой прылады дастаткова на 25 гектараў лесу. «Упрыгажэнні» Вікторыя развешвае па елках, на якіх водзяцца караеды-тыпографы ці сасновыя пілільшчыкі. Апетыты «едакоў» часта прыводзяць да масавага засыхання дрэў.
Акрамя барацьбы са шкоднікамі, лесапатолаг штогод абавязкова праводзіць замеры на выдзеленых пляцоўках — гэта тры ўчасткі, на якіх растуць тры пароды дрэў: елка, бяроза, дуб. Спецыяліст вядзе ўлік, наколькі дрэвы здаровыя.
Вікторыя адзначае: ёй пашанцавала, што да яе ў аддзеле працавалі лесапатолагамі яшчэ тры чалавекі. Кожны нешта падказаў, паказаў і мала-памалу з новай спецыяльнасцю яна разабралася. Сяргей ужо другі год працуе памочнікам кіраўніка лясніцтва. У яго падпарадкаванні два майстры лесу і леснікі. У асноўным Сяргей займаецца папяровай працай і адводамі лесасек. Праца падабаецца, яго ўсё задавальняе, у адрозненне ад Вікторыі — жонка не супраць перабрацца бліжэй да Полацка. Палачанцы сумна ў Капылі: дома ёсць шмат месцаў для цікавага адпачынку моладзі.
— А тут прасцей з'ездзіць у Нясвіж, паглядзець палац, ён знаходзіцца за 15 кіламетраў адсюль, — кажа Вікторыя. — Часам наведваем лядовы палац, што ў Салігорску. У самім Капылі забаў мала. Ёсць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, куды можна бясплатна хадзіць у басейн ці трэнажорную залу — лясгас забяспечвае такі дзень адпачынку. Увогуле, тут умеюць арганізаваць вольны час сваіх супрацоўнікаў. Напрыклад, праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы сярод лясгасаў. Трохдзён ная вандроўка ў Санкт-Пецярбург — таксама «бонус» ад працы.
Не крыўдуюць маладыя спецыялісты і на калектыў: калегі ўсе, як на падбор, з гумарам. Калі патрэбна дапамога — ідуць на выручку і не адмаўляюць.
Далей працягваць навучанне Вікторыя не збіраецца, а вось Сяргей ужо на трэцім курсе «завочкі» БДТУ.
Пакуль сужэнцы жывуць на здымнай кватэры, арэнду якой аплачвае лясгас. Вікторыя дадае, што калі б не гэтая палёгка, то ў бюджэце ўтварылася б значная «дзірка». Дзяўчына атрымлівае тры з паловай мільёны рублёў, яе муж — чатыры з паловай.
— Насамрэч, у Капылі кошты немаленькія, — дадае Вікторыя. — Крам мала, але гэта нават добра: менш марнуем грошай. Па адзенне ездзім на рынак у Слуцк — ён знаходзіцца за 60 кіламетраў адсюль.
Маладая сям'я асабліва не загадвае наперад, бо клопатаў хапае і на працы, і дома. У будучыні яны збіраюцца набываць жыллё — няхай жа іх задума спраўдзіцца!
Кацярына РАДЗЮК.
Фота Надзеі БУЖАН і з архіва.
Мінск — Капыль — Мінск.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?