Вы тут

Інтэлект і пачуцці. Віктар Казько як пісьменнік-філосаф


Філосафам яго зрабіла жыццё, але імкненне глядзець у глыбіню падзей, з'яў, рэчаў Віктару Казько, відаць, было ўласціва з дзяцінства, калі страсянула дзіцячую свядомасць вайна з яе драмамі і стратамі. Так, яны былі ва ўсіх, але ж усё роўна кожны сваіх страчаных носіць у сваім сэрцы і замяніць іх немагчыма — ні маці, ні сястрычку, ні адчуванне дому, цяпла, клопату, любові самых блізкіх. Падаецца, што праз усю яго творчасць прайшла вось гэтая ніць: жаданне адшукаць прычыны, чаму так ці інакш адбываецца і да чаго вядзе. І, наогул, такі погляд уласцівы яму па жыцці, а сёння, 23 красавіка, пісьменніку спаўняецца 75 гадоў.

23-30

Засяроджаны роздум, уважлівасць да дробязяў (не бывае такога ў чалавечым жыцці!) праявіліся і ў час супрацоўніцтва Віктара Апанасавіча Казько са «Звяздой». Нашы чытачы памятаюць шматгадовага вядучага «Конкурсу апавяданняў «Звязды» па яго ўдумлівых і натхнёных прадмовах да кароткіх твораў, што друкавала газета. І заўсёды ён імкнуўся заўважыць нешта адметна жыццёвае, выключна чалавечае, цёплае, што дапамагала ствараць панараму жыцця народа, краіны. Ці не гэта робіць газета? Між іншым, Віктар Казько ведае, што значыць журналістыка: свой шлях у творчасці пачынаў з гэтай прафесіі. Але ці не гэта ж робіць літаратура — як у маштабных творах, так і ў кароткіх, якія адлюстроўваюць асобны эпізод, але і ў ім праглядаюць характары? Таму калі ён адчуў, што можа сказаць больш, пайшоў вучыцца ў Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. Але пісаць стаў пра Радзіму — можа таму, што яна жыла ў сэрцы, калі спасцігаў таямніцы нетраў зямных у расійскіх шахтах. Але найвялікшымі нетрамі, у якія хацелася заглыбіцца, былі для яго чалавечыя душы.

Яго проза адметная менавіта глыбінёй, калі не проста фіксуюцца (ці нават мадэлююцца) нейкія падзеі, а іх сэнс і каштоўнасць вымяраецца праз абарону жыцця. Ва ўсіх беларускіх пісьменнікаў, лёс якіх закранула вайна, гэта ёсць, але для Казько яно выяўляецца не столькі ў тэматыцы творчасці, колькі ў якасным яе вымярэнні, у выхадзе на мірнае, але адказнае і асэнсаванае жыццё. Для пакалення, да якога належыць Віктар Казько (у літаратуру прыходзіла ў 1970-я гады), вельмі істотны маральны закон, прычым мараль разглядаецца як у чалавечых адносінах, так і ў адносінах чалавека да прыроды, да зямлі, на якой ён жыве. Па яго творах можна разумець і вывучаць, што такое сумленне — у розных праявах. Віктар Апанасавіч з'яўляецца аўтарам раманаў (напрыклад «Неруш», «Хроніка дзетдомаўскага саду», «Бунт незапатрабаванага праху»), аповесцяў, апавяданняў, публіцыстычных твораў, дзе ён гаворыць перш за ўсё пра тое, што яго вельмі хвалюе. Будзе разбірацца ў прычынах, капацца ў псіхалогіі, прапаноўваць сваё філасофскае асэнсаванне таго, што адбываецца навокал. І ў гэтым сумленне творцы — быць шчырым, і калі нешта не дае спакою, калі баліць, калі ўяўленне ці свядомасць малюе трывожныя карціны (ці папярэджвае?), то сказаць, біць у званы. Узрушыць словамі. Ён умее. Гэты талент пісьменніка быў адзначаны ў розныя гады: прэміяй Ленінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа, прэміямі «Гліняны Вялес» і «Залаты апостраф». Сёння Віктар Казько — адзін з тых пісьменнікаў, які знітоўвае стагоддзе ХХ у беларускай літаратуры са стагоддзем ХХІ, захоўваючы найлепшыя яе традыцыі. Першая з якіх — увага да таго, што ёсць чалавек як істота прыродная, але разумная, якая здольна ператвараць свет. Што адбываецца з гэтым чалавекам і якім будзе яго свет у будучыні? І што рабіць, каб гэты свет не разбіўся і не рассыпаўся на кавалачкі (ці рэшткі) у прасторах Сусвету? Не трэба галівудскіх антыўтопій — у беларускай літаратуры і нашых айчынных пісьменнікаў ёсць на гэта свой погляд. Пачытаем?

«Звязда» віншуе Віктара Апанасавіча з юбілеем і жадае моцы чалавечай і пісьменніцкай, каб з'яўляліся новыя творы.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.