Вы тут

З чаго зрабіць угнаенні для агарода?


Даўно даказаны той факт, што для добрага росту і развіцця раслін карысней гною можа быць толькі «зялёнае» ўгнаенне. Акрамя таго, што яно не саступае апошняму па ўтрыманні карысных рэчываў і мікраэлементаў і практычна нічога не каштуе, яно яшчэ і абсалютна даступнае — як кажуць, заўсёды пад рукамі.

У агароднікаў, якія трымаюць у сваёй гаспадарцы птушак і жывёл, вядома, гной заўсёды ёсць. А што рабіць тым, у каго няма такой магчымасці? У гэтым выпадку найлепшымі памочнікамі па ўгнаенні глебы будуць раслінныя рэшткі і харчовыя адходы з кухні.

Бананавыя пачастункі для таматаў і перцаў

Бананавыя скуркі будуць ідэальным угнаеннем для маладой расады таматаў і перцаў. Іх можна нарыхтоўваць на працягу ўсёй зімы, высушваючы на батарэі, у выніку чаго яны змогуць захавацца да самай вясны. За 2-3 дні да высадкі названых культур на пастаяннае месца замачыце скуркі ў вадзе, каб яны трохі размякчыліся, а падчас перасадкі пакладзіце па 2 штукі ў лунку пад кожную расліну, прысыпце сталовай лыжкай попелу, а пасля накрыйце невялікім слоем зямлі і смела «перасяляйце» расаду.

Бульбяны ласунак для капусты

Бульбу, прызначаную для ўгнаення, перад выкарыстаннем ачысціце, каб выключыць верагоднасць далейшага прарастання, пасля чаго пакладзіце яе ў лунку і пачынайце высаджваць расаду. У хуткім часе бульбачка пачне гніць, у выніку чаго каранёвая сістэма расліны атрымае ўсе карысныя элементы, неабходныя для харчавання і нармальнага развіцця капусты.

Яечны пачастунак для агароднінных культур

Выдатнай падкормкай для падрослай расады з'яўляецца настой з яечнай шкарлупіны. Робіцца ён проста: трохлітровы слоік на 2/3 запаўняем шкарлупінай і да рыльца заліваем адстаялай вадой. Тры дні чакаем, пасля чаго вадкасць зліваем і паліваем ёю расліны. Так адну і тую ж шкарлупіну у слоіку можна заліваць да трох разоў. Акрамя гэтага, дабаўляйце здробненую яечную шкарлупіну або парашок з яе ў лункі пад расліны.

Добрымі ўгнаеннямі для маладых раслін з'яўляюцца і разнастайныя вадкія падкормкі, асноўнымі кампанентамі якіх з'яўляюцца не толькі раслінныя рэшткі, але і чэрствы хлеб, скіслае малако з кефірам і нават зацукраванае варэнне.

Падкормкі з крапівы

У пачатку лета, калі маладой крапівы дастаткова, збярыце і напоўніце ёю любую ёмістасць (бочку, вядро), потым заліце вадой і пакіньце, каб пачаўся працэс закісання. Праз пяць дзён змесціва пачне пузырыцца, значыць, падкормка гатова. Працадзіце настой, развядзіце яго вадой у суадносінах 1:10 і выкарыстоўвайце для паліву раслін хоць кожны тыдзень, калі, вядома, не лянуецеся. Дарэчы, выкідаць «адпрацаваную» крапіву не варта — яна будзе ідэальным сродкам для мульчыравання маладых дрэў.

Настой па прынцыпе ЭМ-тэхналогій

Напоўніце бочку такімі карыснымі раслінамі, як дзьмухавец, падбел, падтыннік, крапіва і г.д., заліце вадой і дабаўце 1 л пракіслага малака, кефіру, сыроваткі або непатрэбнага варэння. Пасля гэтага, каб выключыць доступ паветра, накрыйце яе поліэтыленам, і праз тыдзень ваш ЭМ-настой будзе гатовы. Працадзіце яго, развядзіце ў вадзе з разліку 1:10 і выкарыстоўвайце падчас паліву раслін.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.