Вы тут

Скарыць Казань, каб трапіць у Сан-Паўлу


Удзел Беларусі ў міжнародным руху WorldSkіlls стане якасна новай прыступкай у развіцці ўсёй сістэмы прафесійнай адукацыі з улікам найлепшых міжнародных стандартаў. Такую думку выказаў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі прафесар Аркадзь ШКЛЯР.
Сёння рух WorldSkіlls аб'ядноўвае 72 краіны, якія ахопліваюць больш за 70% насельніцтва зямнога шара, у тым ліку Германію, Францыю, Кітай, Паўднёвую Карэю, ЗША, Канаду, Бразілію, Расію і іншыя. Аснова дзейнасці WorldSkіlls Іnternatіonal — арганізацыя спаборніцтваў па прафесійным майстэрстве для моладзі ва ўзросце ад 16 да 22 гадоў. Чэмпіянаты праходзяць адзін раз на два гады ў розных краінах (членах міжнароднай асацыяцыі) па шасці сектарах сусветнай эканомікі: транспарт і лагістыка, вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, ІКТ, творчыя прафесіі і мода і сацыяльна-бытавое абслугоўванне.
«Краіны змагаюцца за права прыняць у сябе спаборніцтвы WorldSkіlls Іnternatіonal гэтак жа, як і за магчымасць правядзення Алімпійскіх гульняў, — падкрэсліў Аркадзь Шкляр. — Напрыклад, урад Вялікабрытаніі надаў арганізацыі чэмпіянату WSІ ў Лондане ў 2011 годзе нават больш увагі, чым правядзенню летніх Алімпійскіх гульняў у 2012 годзе».
А 19 мая ў Казані стартуюць спаборніцтвы WorldSkіlls СНД +. Гэты чэмпіянат стане прамежкавым выпрабаваннем для зборнай каманды Беларусі перад WorldSkіlls Іnternatіonal—2015 у Бразіліі. У беларускую каманду ўвайшлі 22 канкурсанты — навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі (у тым ліку Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, Дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №10 г.Магілёва, Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА і інш.), студэнты БНТУ, БДТУ, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, маладыя работнікі «МТЗ», «Пеленг», «Інтэграл» і іншых беларускіх прадпрыемстваў. Будучыя прафесіяналы возьмуць удзел у спаборніцтвах па 17 прафесійных кампетэнцыях.
Па выніках выступлення ў Казані будзе зацверджаны канчатковы спіс каманды, якая прадставіць нашу краіну на чэмпіянаце WorldSkіlls Іnternatіonal — 2015 у Бразіліі.
— Трэба дакладна ўяўляць сабе той узровень канкурэнцыі, які існуе на гэтых спаборніцтвах. Мы едзем першы раз і, натуральна, павінны пажадаць нашай камандзе толькі поспехаў. І калі Беларусь зможа скласці канкурэнцыю такім магутным краінам, як Паўднёвая Карэя, Сінгапур, Кітай, ЗША, Канада, а таксама еўрапейцам — Францыі, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, і нашы канкурсанты заваююць хоць некалькі медалёў, тады мы зможам сказаць: усё, што маглі, мы зрабілі, — дадаў Аркадзь Шкляр.
Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.