Вы тут

Добрыя навіны ад паштальёна Ірыны


Ірына Мінаш за 16 гадоў працы ў Князеўскім аддзяленні Зэльвенскага раённага вузла паштовай сувязі для многіх вяскоўцаў стала роднай. Заўсёды ветлівая і ўважлівая, яна знаходзіць падыход да кожнага чалавека. Умее і цярпліва растлумачыць, і хутка абслужыць, і — гэта абавязкова — падарыць усмешку, якая гэтай мілай жанчыне асабліва пасуе. Людзі любяць яе і шануюць, а яна шчаслівая, што робіць іх жыццё больш зручным і камфортным.

6-5

Паштальёнам Ірына Іосіфаўна стала, можна сказаць, выпадкова, бо раней працавала ў Самаравіцкім цэху маспашыву. Пасля яго закрыцця давялося мяняць рабочае месца. Так уладкавалася ў сельскае аддзяленне паштовай сувязі. Паступова асвойвала прафесію, набывала вопыт.

Абслугоўвае жанчына два населеныя пункты — Князева і Самаравічы. Падчас падпісных кампаній стараецца завітаць у кожны дом, каб выпісаць вяскоўцам іх любімыя газеты і часопісы. І пажылыя, і тыя, хто маладзейшы, паспелі ацаніць добразычлівасць, тактоўнасць і паважлівыя адносіны да сябе з боку паштальёна. А таму яе сумка ніколі не бывае пустой. Вяскоўцы нават жартуюць: чым яна цяжэйшая, тым больш, маўляў, добрых навін. Акрамя перыядычных выданняў, паштовых адпраўленняў і пенсій, Ірына прапануе набыць канверты, маркі, паштоўкі, латарэі, прымае плацяжы. І, вядома ж, заўсёды дорыць добрыя словы, ад якіх у людзей адзінокіх цяплее на душы.

Часта вяскоўцы сустракаюць паштальёна яшчэ на вуліцы, цікавяцца, што новага надрукавана ў чарговых нумарах. Жыхарцы Самаравіч Тарэзе Капыловіч, напрыклад, вельмі падабаецца «Звязда». Гадоў з дзесяць жанчына пастаянна выпісвае газету і адзначае, што ў ёй ёсць што пачытаць.

— Тут шырока асвятляюцца палітычныя і культурныя навіны, цікавыя аповеды пра знакамітых людзей. Газета дапамагае мне і ў вядзенні хатняй гаспадаркі, стала аўтарытэтным «сямейным доктарам». А яшчэ вельмі падабаецца чытаць на беларускай мове — прыгожа гучыць, — кажа Тарэза Мар'янаўна.

Ірына Мінаш любіць сваю прафесію. Кожную раніцу спяшаецца на пошту, каб своечасова разнесці ўсю карэспандэнцыю яе адрасатам. А вечарам вяртаецца дамоў, у сям'ю, дзе ў яе таксама мір і гармонія.

Наталля Мацюк

Фота аўтара

Зэльвенскі раён

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.