Вы тут

Аляксандр Ацясаў: «Надзвычайных праблем няма»


У мінулую суботу падчас прамой тэлефоннай лініі праблемы жыхароў Прыдзвінскага краю выслухаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў. Многія з пытанняў, якія агучылі людзі, былі тыповымі для ўсёй краіны.

Напрыклад, не ўсе зразумелі, навошта Беларусь перайшла на лічбавае тэлевяшчанне. 76-гадовая пенсіянерка паскардзілася на тое, што на яе дачы тэлевізар не прымае каналы... Маўляў, чаму ж ніхто не папярэдзіў, што адключаць ранейшае вяшчанне. Бабулька шчыра хвалявалася і з-за таго, ці будзе тэлевізар «лавіць» каналы ў гарадской кватэры. Аляксандр Ягоравіч растлумачыў, што адпаведная інфармацыя аб пераходзе на «лічбу» даўно і пастаянна перадавалася ў «бягучым радку» ў эфіры тэлеканалаў. І ў друкаваных СМІ шмат пісалі па тэме з падрабязным тлумачэннем усіх нюансаў. Пераход на лічбавы фармат вяшчання зрабілі ва ўсім цывілізаваным свеце, і Беларусь не горшая. Пры гэтым Віцебшчына, згодна з адпаведным графікам, апошняй у рэспубліцы спыніла трансляцыю эфіру ў аналагавым фармаце. Жанчыне таксама растлумачылі, што прыстаўка да тэлевізара каштуе нядорага... Аляксандр Ацясаў паабяцаў асабіста паспрыяць пенсіянерцы ў «пераходзе на лічбу». А ў гарадской кватэры, калі тэлевізар падключаны да кабельнага тэлебачання, усе каналы можна глядзець без дадатковых прыстасаванняў, супакоілі заяўніцу.

[caption id="attachment_88844" align="alignnone" width="600"]На «прамой лініі» — Аляксандр АЦЯСАЎ (злева).  На «прамой лініі» — Аляксандр АЦЯСАЎ (злева).[/caption]

Падчас «прамых ліній» па традыцыі людзі задаюць пытанні па тэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Не выключэннем стала і чарговая. Жыхарка з гарадскога пасёлка Обаль Шумілінскага раёна звярнула ўвагу на дрэнную якасць вады. Адзначыла, што звярталася да адказных асоб раённага ўзроўню, але ж выніку няма. А жыхарка абласнога цэнтра паскардзілася, што яе кватэру залівае падчас дажджоў. Знаходзіцца яе жыллё на 2-м паверсе старога 5-павярховага дома на Маскоўскім праспекце. Заяўніца, дарэчы, падкрэсліла, што вада цячэ па ўсіх паверхах. А жыхарка Полацка ніяк не можа зразумець, чаму лямпачкі ў ліхтары, які асвятляе прыпынак, часта перагараюць. Напэўна, праблема ў праводцы?

Вельмі эмацыйным быў зварот жанчыны, якая сказала, што з'яўляецца фактычна бяздомнай, а жыццё яе пераўтварылася ў замкнёнае кола.

— З-за таго, што няма рэгістрацыі па месцы жыхарства, не бяруць на працу. Дзіця ў школе адмовіліся перавесці ў 5 клас, бо зноў жа рэгістрацыі няма. А ў мяне двое непаўналетніх. Як зарэгістравацца і дзе прапісацца?

Старшыня абласнога Савета прапанаваў ёй, бадай, самы аптымальны варыянт: можна перасяліцца ў сельскую мясцовасць. Там заўсёды не хапае рабочых рук, ды і жыллём забяспечваюць. І, вядома ж, школы ў глыбінцы ёсць. Вось і вырашэнне праблем... Пасля роздумаў і ўдакладненняў суразмоўца пагадзілася. Але падкрэсліла, што Віцебск яе ўсё ж больш задаволіў бы, бо па прафесіі яна гандлёвы работнік. Аляксандр Ацясаў паабяцаў пагаварыць з кіраўніком спажывецкай кааперацыі найбліжэйшага да Віцебска Гарадоцкага раёна: можа, і ў самім райцэнтры жанчыне ўдасца ўладкавацца на працу. Гарадок пасля таго, як там летась правялі абласныя «Дажынкі», стаў вельмі ўтульным, ды і ва ўсім раёне многа чаго зроблена, каб людзям было камфортна жыць. І ад Віцебска, які так падабаецца грамадзянцы, Гарадок недалёка — каля 30 кіламетраў, і з транспартам праблем няма.

Былі званкі і па пытаннях «ад зямлі». Жыхар Аршанскага раёна агучыў просьбу разабрацца, чаму яму, гаспадару, які здае дзяржаве малако, не даюць сена? А ў Лёзненскім раёне ў гаспадарцы касілку нельга ўзяць, каб нарыхтаваць корм для коз, паведаміў яшчэ адзін заяўнік.

— «Прамая лінія» — гэта самы даступны сродак зносін насельніцтва з уладай. Грамадзянам не трэба нікуды ездзіць, запісвацца на прыём. І так кожны тыдзень: людзі па тэлефоне могуць выказаць сваю праблему. Для ўлады такія «лініі» — магчымасць зрабіць аналіз таго, што хвалюе людзей. Сёння пасля зваротаў, якія пачуў, магу канстатаваць: у прынцыпе, улада на месцах працуе: сярод агучаных пытанняў і праблем не было надзвычайных... Усе звароты будуць вывучаны, — сказаў карэспандэнту «Звязды» Аляксандр Ацясаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.