Вы тут

Як пошта папулярызуе нашу краіну і яе славутасці


«І я там быў!»

Гродзеншчына — вобласць памежная, што ўлічваюць у сваёй працы і паштавікі. На кожным пагранпераходзе («Брузгі», «Прывалка», «Каменны Лог», «Беняконі» і іншыя) змешчана інфармацыя аб месцазнаходжанні найбліжэйшага аддзялення паштовай сувязі: якія паслугі там аказваюцца, што можна набыць і г.д. Ёсць таксама паштовыя «фішкі», скіраваныя на павышэнне турыстычнай прывабнасці заходняга рэгіёна Беларусі і выкарыстанне сучасных спосабаў абслугоўвання кліентаў.

Прывітанне з Каложы

[caption id="attachment_94252" align="alignnone" width="630"]Настаяцель Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы, протаіерэй Аляксандр БАЛОННІКАЎ і дырэктар Гродзенскага філіяла «Белпошты» Іван ПРАТАСЕВІЧ арганізавалі ў храме паштовае міні-аддзяленне. Настаяцель Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы, протаіерэй Аляксандр БАЛОННІКАЎ і дырэктар Гродзенскага філіяла «Белпошты» Іван ПРАТАСЕВІЧ арганізавалі ў храме паштовае міні-аддзяленне.[/caption]

У славутым помніку беларускага дойлідства ХІІ стагоддзя — Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве, якую наведвае шмат турыстаў з нашай краіны і з-за мяжы, паўтара года таму стварылі, так бы мовіць, паштовае міні-аддзяленне. Гэта была сумесная ініцыятыва настаяцеля храма, протаіерэя Аляксандра БАЛОННІКАВА і дырэктара Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Івана ПРАТАСЕВІЧА.

У чым сэнс ідэі? У будынку царквы ўстанавілі стылізаваную паштовую скрыню, вырабілі па некалькі відаў канвертаў і паштовак з выявай Каложы, а таксама прысвечаных Калядам і Вялікадню. Усё гэта можна набыць у храмавым кіёску, нешта напісаць і проста з царквы накіраваць пасланне па любым адрасе ў Беларусі ці замежжы. Ёсць спецыяльны паштовы штэмпель (зноў жа з выявай Свята-Барыса-Глебскай царквы) для гашэння марак на канверце ці паштоўцы, прычым з адпаведнай датай. Можна тут жа скарыстацца паштовай скрыняй альбо ўзяць канверт, паштоўку з сабой на памяць аб наведванні славутага помніка гісторыка-культурнай спадчыны.

— На мой погляд, гэтая паслуга сябе апраўдвае. Штотыдзень, асабліва ў летні перыяд, бывае да 30 паштовых адпраўленняў непасрэдна з Каложы. І калі будуць прапановы аб падобным супрацоўніцтве з іншымі аб'ектамі, то мы гатовы іх разгледзець, — кажа начальнік аддзела маркетынгу Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Юрый КАРПАЧ.

Дарэчы, спецыяльны паштовы штэмпель працуе і на папулярызацыю іншых гістарычных славутасцяў Гродзеншчыны. Напрыклад, у замкавым комплексе «Мір» можна купіць паштоўкі, а непадалёк, у мясцовым аддзяленні паштовай сувязі, скарыстацца (бясплатна) штэмпелем — з выявай замка і датай яго наведвання турыстамі. Такія ж штэмпелі прысвечаны Лідскаму замку і Фарнаму касцёлу ў Гродне.

 Пошта і... веласіпед

Пункт паштовай сувязі ў раёне шлюза «Дамброўка» на Аўгустоўскім канале ў летні перыяд працуе другі год. Ён разлічаны як на турыстаў, так і на жыхароў блізкіх населеных пунктаў, і па спектры паслуг нічым не саступае пошце ў горадзе. Напрыклад, там прымуць камунальныя і іншыя плацяжы, любыя паштовыя адпраўленні, прададуць газеты і часопісы...

І тут, і ў іншых аддзяленнях паштовай сувязі дзякуючы супрацоўніцтву з рамеснікамі ёсць шырокі выбар сувеніраў: талерак, магнітаў, кубкаў з выявамі не толькі вядомых гістарычных аб'ектаў, але і нейкіх вёсачак.

Тут жа — льняныя сурвэткі з выявай герба таго ці іншага райцэнтра.

Сёлета на базе «аўгустоўскага» паштовага пункта, дзе працуе аператар Ірына КАСПЯРОВІЧ, па просьбе адпачывальнікаў арганізавалі нават пракат веласіпедаў. А з нагоды турніру па спартыўным арыентаванні, што праходзіў нядаўна ў раёне канала, выпусцілі спецыяльную паштоўку. Чатыры віды паштовак падрыхтавалі і да адкрытага чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы, які адбыўся ў Гродне. Дарэчы, Гродзенскі філіял РУП «Белпошта» вырабіў для ўсіх раёнаў вобласці наборы паштовак, прысвечаных іх гістарычным помнікам, культавым аб'ектам і прыродным славутасцям. Яны прадаюцца ў кожным аддзяленні паштовай сувязі.

Шмат прадукцыі рознай тэматыкі прапануецца і аматарам посткросінгу — вельмі папулярнага маладзёжнага руху па абмену паштоўкамі. Для іх выпусцілі спецыяльныя маркі, прадастаўляюцца зніжкі па перасылцы паштовак у замежжа. Дарэчы, найбольш папулярныя сярод замежных посткросераў паштоўкі — тыя, што з беларускім каларытам.

Зараз паштавікі вывучаюць, ці мэтазгодна паставіць такі ж пункт, як у раёне Аўгустоўскага канала, каля Юбілейнага возера ў абласным цэнтры. А пакуль туды на пэўны час выязджае аўтамабіль перасоўнай пошты, які абслугоўвае не толькі адпачывальнікаў, але і дачнікаў з тутэйшых лецішчаў.

Барыс ПРАКОПЧЫК.
prakopchik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.