Вы тут

У Шчучын «завітаў» Францыск Скарына!


Як горад рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства.

Выява першадрукара з'явілася ў Шчучыне на фасадзе будынка сярэдняй школы №2 як сімвал асветы і кнігазнаўства. І гэта не адзіная цікавінка, якую падрыхтавалі да свята ў сёлетняй літаратурнай сталіцы Беларусі.

[caption id="attachment_98381" align="alignnone" width="600"]29-12 Стар­шы­ня Шчу­чын­ска­га рай­вы­кан­ка­ма Сяр­гей ЛО­ЖАЧ­НІК.[/caption]

Здавалася б, звычайная сцяна...

Аўтары твора насценнага жывапісу — мастакі мінскай кампаніі Art Shok Максім МАМЕДАЎ і Яўген ЛІТВІНАЎ. Спачатку рыхтаваліся, абмяркоўваліся і ўзгадняліся з заказчыкам эскізы, а непасрэдная работа на школьным будынку заняла тыдзень. Прычым спецыфіка была такая, што ўсе асноўныя лініі, прапорцыі, каб належным параметрам не пашкодзіла сонечнае святло, размячалі ноччу з выкарыстаннем праектара. Прымянілі найлепшыя матэрыялы — сінтэтычную акрылавую фарбу, якая накладваецца на сцяну як плёнка.

— Для нас гэта адзін з самых адказных і цікавых праектаў. Спадзяёмся, што спадабаецца і шчучынцам, і гасцям горада, — кажа Максім Мамедаў.

Больш за тое, насценны жывапіс, які, здавалася б, звычайную сцяну пераўтварае ў мастацкі твор, дзякуючы гэтай першай «ластаўцы» можа атрымаць працяг. Ужо паступаюць ідэі і ад кіраўнікоў іншых навучальных устаноў горада.

29-13

«Другое жыццё» славутага палаца...

У перадсвяточнай вандроўцы па Шчучыне мы, зразумела, не маглі абмінуць архітэктурную жамчужыну горада — палац князёў Друцкіх-Любецкіх. Будаўнікі мясцовай МПМК-167 зараз завяршаюць там аздобныя работы, а над складанымі элементамі дэкору (ляпніна, разьба па дрэве, кафля, паркет) працавалі сталічныя рэстаўратары.

— На жаль, далёка не ўсе гістарычныя элементы палаца захаваліся да нашага часу, аднак гадоў 10 таму было нават цяжка паверыць, што ён будзе адроджаны. Але гэта, як бачым, зроблена! — радуецца краязнаўца Вітольд ІВАНОЎСКІ.

Адноўлены палац распачне сваё «другое жыццё» адразу ж пасля яго ўрачыстага адкрыцця ў Дзень беларускага пісьменства — фотавыставай «Беларусь у Першай сусветнай вайне», экспазіцыяй Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Вядома, пазнаёмяць наведвальнікаў і з асобамі былых уладальнікаў палаца. Неўзабаве пасля свята там размесціцца цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, а ў адной з залаў будуць урачыста прымаць розныя дэлегацыі, праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў. Акрамя таго, у перспектыве ў палацы створаць музей гісторыі Шчучыншчыны.

[caption id="attachment_98383" align="alignnone" width="600"]29-14 Пом­нік Ала­і­зе Па­шке­віч (Цёт­цы) у Шчу­чы­не.[/caption]

... і раённай бібліятэкі імя Цёткі

Падыходзім да будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі, якую ў Шчучыне назвалі ў гонар сваёй славутай зямлячкі Алаізы Пашкевіч. Тут таксама на завяршальным этапе аднаўленчыя работы. Летась прывялі ў парадак дах, паставілі новыя вокны, а сёлета паклапаціліся пра аздобу і ўнутраную «начынку» — мэблю, стэлажы, сучаснае камп'ютарнае і іншае абсталяванне. Дарэчы, на другім паверсе адноўленага будынка бібліятэкі цяпер ёсць канферэнц-зала, дзе ў Дзень пісьменства пройдзе шэраг святочных мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародны «круглы стол» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў.

Бібліятэчная справа на Шчучыншчыне, паводле дакументальных сведчанняў, пачала развівацца ў XVІІІ стагоддзі, калі ў горадзе працавала школа піяраў. Вядома, што ў пачатку XІX стагоддзя ў фондзе бібліятэкі манахаў налічвалася каля 2750 кніг — пераважна прыродазнаўчых, медыцынскіх, матэматычных. Сярод іх былі творы Гамера, Гарацыя, Плутарха, Ціта Лівія, Вальтэра, Мантэск'ё. Акрамя таго, выкладчыкі і студэнты маглі карыстацца вялікай бібліятэкай Сцыпіёнаў, а потым князёў Друцкіх-Любецкіх.

Пасля паўстання 1830-1831 гадоў школу, як і іншыя навучальныя ўстановы піяраў, закрылі. Верагодна, частку славутай бібліятэкі перадалі свецкаму вучылішчу, якое адкрылася ў Шчучыне ў 1833 годзе. Акрамя таго, кнігі з былога калегіума піяраў, паводле архіўных звестак, перадаваліся Гродзенскай гімназіі і Навагрудскаму вучылішчу. Аднак далейшы лёс фонду бібліятэкі невядомы.

Сваю бібліятэку, якая разам з архівам размяшчалася ў асобным мураваным будынку, мелі ў Шчучыне і князі Друцкія-Любецкія. Яны, згодна з традыцыяй прыватных магнацкіх бібліятэк, дазвалялі карыстацца сваім кнігазборам усім ахвотным. Частку дакументаў на пачатку XX стагоддзя перадалі ў музей Чартарыйскіх у Кракаве. А тое, што разам з кнігамі захоўвалася на месцы, было знішчана ў Першую сусветную вайну.

— Шкада, што да нас не дайшлі многія старажытныя кнігі, — кажа намеснік дырэктара цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Шчучынскага раёна Тамара МЕНСКАЯ. — Але дзесьці ў душы цепліцца надзея, што ў каго-небудзь з вас, паважаныя землякі, усё ж захаваліся каштоўныя выданні. Да Дня беларускага пісьменства мы плануем адкрыць выставу рарытэтных кніг, у тым ліку з рэдкімі аўтографамі. Калі вы шчаслівы ўладальнік такіх каштоўнасцяў, просім звярнуцца ў мясцовую альбо раённую бібліятэку. Захаванасць кніг гарантуем.

29-15

«Пастараемся, каб было цікава і зручна»

— Пры падрыхтоўцы да свята мы стараліся не распыляць грошы, што былі выдаткаваны з абласнога бюджэту, а сканцэнтраваць іх на завяршэнні мадэрнізыцыі, рэканструкцыі найбольш важных, знакавых аб'ектаў, — адзначыў старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей ЛОЖАЧНІК. Акрамя таго, пэўныя сродкі ў рамонт сваіх будынкаў уклалі дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі. Усе ставяцца да гэтых работ вельмі адказна. Запрашаем на свята ў Шчучын! Мы пастараемся зрабіць так, каб усім у сёлетняй сталіцы беларускага пісьменства было цікава і зручна.

Дарэчы, другое жыццё ў Шчучыне атрымліваюць не толькі вышэйзгаданыя аб'екты, але і раённы Дом культуры, былы кінатэатр, які ў перспектыве стане сучасным маладзёжным цэнтрам з кіназалай 3D, дзіцячым забаўляльным комплексам, кавярняй, танцзалай, студыяй для правядзення інтэлектуальных гульняў...

Усё, што робіцца, будзе, вядома ж, працаваць дзеля шчучынцаў, а таксама на імідж рэгіёна ў вачах гасцей, яго турыстычную прывабнасць. Ужо распрацаваны экалагічны, гістарычны маршруты, а на ўездзе ў горад па аўтамабільнай трасе М6 вандроўнікам паслужыць карта з адзначанымі мясцовымі славутасцямі.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.