Вы тут

«Сюды хоць дэлегацыі вадзі...»


Навучальны год дзеці з Высокага пачалі ў цалкам адноўленай школе.

Што такое школа для правінцыяльнага гарадка, у якім усяго шэсць тысяч жыхароў? Самы важны сацыяльны аб'ект. Фактычна ў кожнай сям'і ёсць дзеці ці ўнукі, якія вучацца альбо неўзабаве сядуць за парты. Таму на будоўлю, якая разгарнулася ў цэнтры горада на месцы былой школы, цэлы год усе глядзелі з надзеяй.

12-11

12-11

 

Цікава, што крыху больш за год таму ў школе вырашылі памяняць дах. А калі частку памяшкання раскрылі, здарыўся лівень, і ўсё заліло. Тады тэрмінова была склікана камісія, якая вырашыла правесці не толькі замену даху, але і капітальны рамонт усяго будынка, з якім дагэтуль цягнулі.

Дзяцей на цэлы навучальны год давялося перавесці ў іншыя памяшканні. І першымі на выручку прыйшлі калегі з санаторнай школы. Яе дырэктар Іна Власюк прапанавала частку дзяцей навучаць у іх корпусе. Астатніх размясцілі ў міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінаце. Нязручнасці ў рабоце адчувалі найперш настаўнікі, але на навучальным працэсе гэта не адбілася, як сведчаць вынікі алімпіяд і працэнт паступлення выпускнікоў у ВНУ.

Год прайшоў хутка, і школа сустрэла сваіх гаспадароў фактычна новай. Як выказалася настаўніца фізікі Святлана Васілюк, калі б некага з настаўнікаў год сюды не пускалі, а потым прывезлі з завязанымі вачыма, ён дакладна не пазнаў бы, што знаходзіцца ў сваёй школе, у якой адпрацаваў многія гады. Новым стала ўсё: сцены, столь, падлога, вокны, дзверы, вонкавы фасад, двор. Днямі павінен запрацаваць лінгафонны кабінет у класе замежнай мовы, абсталяванне для яго цалкам завезена.

— Усяго на рамонт і рэканструкцыю школы было затрачана больш за 15 мільярдаў рублёў, — расказвае дырэктар школы Валянціна ПАТРЭБЕНКА. — Спецыялісты Брэсцкага гарадскога рамонтна-будаўнічага трэста, іншых падрадных арганізацый зрабілі ўсё, каб нашы дзеці, настаўнікі, бацькі адчулі гонар за сваю школу.

Валянціна Леанідаўна расказала, што вучыцца і вучыць цяпер стане не толькі ўтульна і прыгожа, але і цёпла. У мінулыя гады зімой у паўночным крыле было адчувальна холадна. Цяпер, пасля правядзення цеплавой рэабілітацыі, ёсць усе падставы чакаць камфортнай тэмпературы ў класах. Ну і вядома, настаўнікі ганарацца новым абсталяваннем, прыборамі. У кабінеце біялогіі, калі мы зазірнулі туды з дырэктарам, манціравалі інтэрактыўную дошку. Адчуваецца, што і дзеці прыйшлі ў новую школу з добрым настроем.

Тыя з бацькоў, каго ўдалося сустрэць на парозе школы, з задавальненнем давалі інтэрв'ю з гэтай нагоды. І першай была Наталля ГАРУН:

— Мая дачка Яна пайшла ў першы клас. Ведаеце, я сама вучылася ў гэтай школе, яна тады выглядала зусім інакш. І як жа нам радасна, што дзеці (у мяне яшчэ малодшы ёсць) будуць вучыцца ў самай сучаснай установе адукацыі. У школе ёсць усё для паспяховай вучобы. Цудоўныя ўмовы створаны ў сталовай, гэта асабліва важна для самых малых вучняў. Мы і на лінейцы ад імя бацькоў дзякавалі ўсім, хто прымаў рашэнне, фінансаваў і фактычна будаваў нанава нашу школу, і яшчэ раз гатовы тое паўтарыць.

Уладзімір АСТАПУК, бацька сямікласніцы Вікторыі, сказаў так:

— У мяне старэйшы сын ужо скончыў школу і ён крышку цяпер зайздросціць сястры. Праз колькі гадоў і дачка стане звацца выпускніцай. Але ж школа застанецца, яна цяпер упрыгажэнне нашага горада: сюды хоць дэлегацыі вадзі, хоць гасцям паказвай. Добра, што ёй надалі годны выгляд як звонку, так і знутры.

Валянціна Патрэбенка расказала яшчэ, што сёлета за парты селі 729 хлопчыкаў і дзяўчат, з іх 69 пайшлі ў першы клас. З гэтага года вядзецца профільнае навучанне па наступных напрамках: хімія і біялогія, руская і англійская мовы, фізіка і матэматыка. З аснашчэннем кабінетаў, папаўненнем вучэбнай базы дапамаглі спонсары. І першы сярод іх, самы надзейны сябар школы, паводле слоў дырэктара, — кіраўнік ААТ «Белавежскія сыры» Аляксандр Палавой. Аляксандр Іванавіч заўсёды прыходзіць на дапамогу, калі трэба набыць нешта з камп'ютарнай тэхнікі альбо, скажам, замяніць шторы. Тое самае, дарэчы, пра дырэктара і яго калектыў гаварылі і ў суседняй санаторнай школе, якой прадпрыемства рэгулярна дапамагае.

А высокаўская школа сёлета адзначае свой 70-гадовы юбілей. Праўда, цяперашні будынак быў узведзены ў 1981 годзе, а ў 2015-м рэканструяваны. Атрымаў абноўленае памяшканне і школьны музей, экспанаты для якога рупліва збіралі некалькі пакаленняў педагогаў разам з вучнямі. Праўда, экспазіцыя яго пакуль што знаходзіцца ў каробках: каб яе раскласці, патрэбны сучасныя музейныя стэнды. Пра гэта вядуцца перамовы са спонсарамі.

У музеі сабраны матэрыялы па гісторыі горада і школы. Ёсць нямала экспанатаў з часоў мінулай вайны. На ганаровым месцы знаходзіцца, напрыклад, салдацкі медаль «За адвагу», знойдзены ў ваколіцах горада.

І вось зусім нядаўна вучань 11-га класа школы Кірыл Ванюшын і сёлетні выпускнік Ілья Пратасевіч знайшлі такі ж медаль у агародзе Пратасевічаў. Па нумары ўзнагароды ўдалося ўстанавіць яе ўладальніка. Але самога ветэрана альбо яго родных па ранейшым адрасе ў Гродзенскай вобласці не аказалася. Цяпер школьнікі імкнуцца адшукаць сляды героя вайны. Дарэчы, Кірылу з Ільём прапаноўвалі немалыя грошы за знаходку. Хлопцы адмовіліся іх браць, сказалі, што хочуць вярнуць узнагароду тым, каму яна па праву належыць, а калі знайсці родных не ўдасца, то пакінуць медаль у школьным музеі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Фота Аляксандра ШУЛЬГАНА

Камянецкі раён

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.